мобильная версия
Прамень

Вясна пашырыць далягляды

Нумар - №21-23    Рубрыка - Добраўпарадкаванне

03.02.2012

Фотография 1

Добраўпарадкаванне -  не сезонны клопат. Не пахваліцца ж гаспадыня, што акуратна падмятае падлогу толькі вясновай ды летне-асенняй парой. Іншая справа: завейнай зімой трэба спяшацца чысціць ад снегу сцежкі ў двары. А вось калі (не надта доўга чакаць) белая коўдра прападзе, растане, тады і адкрыецца, дзе якое смецце не прыбрана.

Старшыню Шашкоўскага сельвыканкама Святлану Якаўлеву пастаянна турбуюць праблемы навядзення парадку. Пытанне аб рабоце па добраўпарадкаванні выносілася на разгляд адной з мінулагодніх сесій сельскага Савета, абмяркоўваецца на пасяджэннях выканкама. Лёгка рашэнне прыняць, а вось над выкананнем трэба патурбавацца.

Зіма сёлета не сказаць, што цяжкая. Да сярэдзіны студзеня наогул стаяла цёплае надвор'е.  Потым снег пайшоў, але ж не так, як  у Мінску. Дарогі, дзе замяло, неўзабаве расчысцілі. Каб забяспечыць рух аўтобусаў на Зуберава, давялося пастарацца. Яшчэ, пэўна, будуць завеі, ды больш думкі аб вясне.

Дзе жывуць, працуюць, там і смецяць. Нікуды ад праблемы не дзенешся, куды гэта смецце выкідваць. Развялося, як і ўсюды, на тэрыторыі сельсавета смеццязвалак. Цяпер задача іх ліквідаваць, а ўвесь друз, згодна з дагаворам з камунгасам, вывозіць на міні-палігон. На тэхніцы АКС смецце вывозілі  ў Пятрылавічы. Вядома, гэта далёка, таму вызначылі палігон каля Тонава.

Плата за такія паслугі чыста сімвалічная, крыху больш за тысячу рублёў з аднаго члена сям'і. І калі дэпутаты, старасты, актывісты сельсавета вядуць растлумачальную работу, здаецца, усе разумеюць, што значна даражэй было б кожнаму шукаць транспарт, сваімі сіламі вывозіць той друз.

Актыўна заключалі дагаворы жыхары пасёлка Нёман, дзе дырэкцыя торфабрыкетнага завода ўзяла на сябе расходы разам з АКС  на ўстаноўку  кантэйнераў.  Скінуты значны цяжар праблем. Хаця ўсё гладка далёка не заўсёды бывае. Так, жыхары жадалі б, каб часцей адходы вывозілі, каб не раскідвалася смецце вакол тых кантэйнераў. Слушна было б вадзіцелю ўвесці ў абавязкі і падчыстку пасля пагрузкі, з пэўнай яму даплатай. Старшыня сельвыканкама лічыць, што трэба ўсё ж узаконіць хаця б адзін міні-палігон і непасрэдна на тэрыторыі сельсавета. Скажам, актыўна ідзе рэканструкцыя фермаў, ды і на іншых аб'ектах адходаў нямала збіраецца. А яшчэ і адходы ад насельніцтва.

Летась на тэрыторыі Мінскай вобласці былі ўкаранёны адзіныя Патрабаванні па добраўпарадкаванні індывідуальных жылых пабудоў.  Гэтыя патрабаванні раздадзены пад роспіс кожнаму ўласніку жылога дома, вывешаны на стэндах. Дэпутаты і старасты правялі інфармацыйную, растлумачальную работу. Звярталі ўвагу на тое, што "мяжой адказнасці", згодна з дакументам, з'яўляецца тэрыторыя да сярэдзіны вуліцы насупраць кожнага двара, якую грамадзяне і абавязаны добраўпарадкоўваць. Там ні ў якім разе нельга складзіраваць будаўнічыя матэрыялы. Уся тэрыторыя павінна быць чыстай, пустазелле скошвацца, агароджа прысядзібнага ўчастка спраўнай, акуратнай. Тым жа, хто не выконвае патрабаванні, сельвыканкам выпісвае прадпісанні. Усяго летась за год такіх папярэджанняў выдалі 40. Калі ж і пасля гэтага грамадзяне не прарэагуюць, то па нормах Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за неналежнае ўтрыманне сваіх дамоў, тэрыторый, зямельных участкаў ёсць права такіх грамадзян штрафаваць -  ад 5 да 50 базавых велічынь. І цяпер сума значная, а яна ж яшчэ вырасце з красавіка. Ёсць падстава задумацца і прыняць меры.

Пэўная тэрыторыя па падтрыманні парадку замацавана і за мясцовымі арганізацыямі, прадпрыемствамі. Пачэсны абавязак: догляд тэрыторыі каля помнікаў загінуўшым воінам. Вучні Шашкоўскай школы, работнікі  культасветустаноў і Старынскага лясніцтва рэгулярна ўбіраюць тут, клапоцяцца, каб заўсёды  былі кветкі.

Вясной і восенню старасты вёсак арганізуюць насельніцтва на ўборку могільнікаў, якіх на тэрыторыі сельсавета восем. Каб вывезці адтуль смецце, зноў жа патрэбна пакінуць недалёка размешчаны міні-палігон.

На могільніку ў  Гуменаўшчыне былі праведзены работы па спілоўванні аварыйных дрэў. Сума затрат склала больш за 8 мільёнаў рублёў. А ўсяго, згодна з актам абследавання, убраць з могільнікаў неабходна звыш 50 старадрэвін. Сёлета плануецца замена агароджы на могільніку ў  Караліне. На ўсё трэба значныя сумы, непад'ёмныя для бюджэту сельскага Савета, калі трэба і клапаціцца аб вулічным асвятленні, і задавальняць іншыя неадкладныя патрэбы. Трэба думаць, дзе знайсці сродкі. Няпроста праводзіць і работу па ўстанаўленні ўласнікаў, і калі яны не знаходзяцца, зносу старых пустых пабудоў.

Увогуле ж справа добраўпарадкавання паспяховая з падтрымкай насельніцтва. Для паляпшэння санітарнага стану, узорнага ўтрымання населеных пунктаў на тэрыторыі сельскага Савета штогод красавік  і кастрычнік вызначаны для правядзення месячнікаў па добраўпарадкаванні. Уведзены адзіны санітарны дзень - чацвер. Рашэннем сельвыканкама зацверджана камісія, якой даручана каардынаваць гэтую справу. Сельвыканкам цесна працуе з участковым інспектарам міліцыі, медыцынскімі работнікамі, дарожнымі арганізацыямі ДЭУ № 62 і ДРБУ № 135.

Значная роля дэпутатаў, старастаў вёсак. Гэта і іх поспех, што актывізаваліся жыхары сельсавета ў плане ўстаноўкі агароджы на прыдомавай тэрыторыі. Усяго за апошні час устаноўлена і адрамантавана прыкладна па кіламетру плоту. Перавага аддаецца жалезабетоннай і металічнай агароджы. Можна было б адзначыць як узорную новую вуліцу ў аграгарадку Шашкі. Платы, дамы,  прысядзібныя ўчасткі тут асабліва дагледжаныя. Яшчэ б правесці асфальтаванне вуліцы. Але пакуль хапае магчымасці толькі на грэйдзіраванне. Яно праводзіцца ва ўсіх населеных пунктах. Але два-тры разы за год у вёсцы Дудкі. Ну хіба ж адмовіш настойлівасці дэпутата сельскага Савета Н. У. Дубовік? Ніна Уладзіміраўна амаль штогод  праводзіць свята вёскі Дудкі. І ў ходзе ўрачыстасці каго пахваліць, а каго далікатна паправіць у плане навядзення парадку. У вёсцы ж так: калі адзін што зрабіў і яго заўважылі, то і другі стараецца ўдала зрабіць. Характэрная рыса беларуса: калі ў суседа добра, то і ў мяне павінна быць не горш.

Ф. БАНДАРОВІЧ