Здзіўляла Засулле
Нумар - №21-23 Рубрыка - Адукацыя
03.02.2012
Як ужо паведамлялася на старонках газеты, у нашым раёне праводзяцца дні прафілактыкі. Чарговым адрасам сустрэчы з моладдзю стала Засульская школа.
Кожная такая сустрэча рабят з прадстаўнікамі аддзелаў па справах моладзі і адукацыі райвыканкама, раённага камітэта БРСМ, ДАІ, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, бальніцы, а таксама са святаром, нягледзячы на яе стандартны сцэнарый, - урок здароўя, трэнінг, паказ кінафільма і мультымедыйныя заняткі па папярэджанні тытунекурэння, алкагольнай залежнасці, ВІЧ/СНІД, інтэлектуальныя і спартыўныя спаборніцтвы - становіцца своеасаблівым адкрыццём.
Адлік новаму пачаўся адразу пасля такога ўрачыстага пачатку як школьная лінейка, на якой прывітальнае слова сказалі дырэктар школы Таццяна Гарановіч і начальнік аддзела па справах моладзі Анастасія Калодзінская. Школа сапраўды чакала гасцей і падрыхтавалася - і гэта было відаць па тым, з якім задорам выступіла на тэму здаровага ладу жыцця вучнёўская агітбрыгада, следам за чым пайшлі відэаролікі па дарожных знаках.
Новенькае прапанавалі і арганізатары Дня прафілактыкі. Гэта праграма работы з бацькамі з сем'яў групы рызыкі, якая была наладжана ў форме размоўнага кафэ. У нефармальнай гутарцы ўзялі ўдзел трое бацькоў - матуля і два таты. Хвалююча і пранікнёна тлумачыў пра сямейныя, хрысціянскія каштоўнасці айцец Іаан з мясцовай царквы. Хочацца верыць, што ўсё сказанае дапаможа вярнуць цяпло ў іх сямейны ачаг.
Спартландыя выклікала на старт школьнікаў і працоўную моладзь ААТ "Каганец". Але на гэты раз яе ўдзельнікамі, а не толькі членамі журы, былі і самі госці. Пераможцам і ўдзельнікам дасталіся граматы ад раённага камітэта БРСМ і торты - ад аддзела па справах моладзі.
Адметным было і завяршэнне Дня прафілактыкі ў Засульскай школе. Па-сяброўску стоячы ў коле, выказалі свае прапановы з нагоды гэтага праекта класныя кіраўнікі, фізрук і кіраўніцтва школы. Галоўная выснова іх - трэба больш увагі надаваць рабоце з бацькамі школьнікаў з нядобранадзейных сямей, больш настойліва запрашаць іх у школу, у тым ліку і на Дзень прафілактыкі. У Засуллі іх прыйшло трое, але гэта, напэўна, добры пачатак, які варта і трэба развіваць.






