Знайсці свой шлях
Нумар - №21-23 Рубрыка - Адукацыя
03.02.2012

Выпускніца стаўбцоўскай школы стала аспіранткай Кембрыджскага ўніверсітэта
Вельмі нялёгка знайсці сваё прызначэнне, зразумець, якому занятку жадаеш прысвяціць усё жыццё. Калі ў чалавека шмат інтарэсаў, ён таленавіты і цікаўны, асабліва цяжка зрабіць прафесійны выбар. Рашэнне прымаецца часцей за ўсё пасля доўгіх і пакутлівых ваганняў. Але без любімай справы немагчымы шчасце і дабрабыт. І толькі той, хто знайшоў сваё прызванне, можа цалкам рэалізаваць свой патэнцыял, натхнёна працаваць і дасягаць поспехаў. Чалавеку, які вызначыў сваю мэту, заўсёды спадарожнічае ўдача.
Да ліку такіх людзей, безумоўна, можна аднесці выпускніцу СШ № 3 Арыну Лужынскую, якая зараз жыве і вучыцца ў Вялікабрытаніі. У яе жыцці было і захапленне музыкай, і сур'ёзныя заняткі матэматыкай (з 4 па 10 клас яна нават удзельнічала ў алімпіядным руху па гэтым прадмеце), і вывучэнне прыкладной эканомікі. Але ў выніку яна звязала свой лёс з біялогіяй і ніколькі не шкадуе аб гэтым.
Як жа дзяўчына зрабіла свой выбар?
У 10 класе яна планавала паступіць у БДУ - на механіка-матэматычны факультэт або на прыкладную матэматыку. Але ўлетку Арына трапіла ў экалагічны лагер, дзе вывучала становішча прыроды ў раёне Салігорска, займалася біялагічнай практыкай, знаёмілася з цікавымі людзьмі, шчыра захопленымі навукай. Новыя ўражанні не маглі не паўплываць на дзяўчыну, і яе думкі прынялі іншы накірунак. У яе ўзнікла жаданне займацца біялогіяй. І гэта зусім невыпадкова. З дзяцінства яна шмат працавала на дачы, любіла жывёл і расліны, адчувала сябе блізкай да прыроды і цікавілася яе заканамернасцямі. Але Арына не меркавала, што будзе прафесійна займацца менавіта біялогіяй. Экалагічны лагер быў для яе штуршком, які дапамог ёй зразумець сваё прызначэнне. Яна вырашыла паступаць на біялагічны факультэт БДУ, нягледзячы на пэўныя сумненні: праца настаўніцы не прываблівала яе, дзяўчыну цягнула да навуковай дзейнасці. Але яна была ўпэўнена, што тым ці іншым чынам знойдзе сабе занятак па душы.
У 11 класе Арына пажадала выступіць на алімпіядзе па біялогіі. Поспех быў незвычайным і амаль нечаканым. Неўзабаве яна апынулася ў ліку тых, хто быў павінен абараняць гонар Беларусі на міжнародным узроўні. У чэрвені 2002 года ішла сур'ёзная падрыхтоўка ў БДУ, адбываліся практычныя заняткі з выкарыстаннем складанага абсталявання. І нават на свой выпускны вечар Арыне прыйшлося ехаць у родны горад з Мінска. А 7-14 ліпеня 2002 года ў Латвіі, у Рызе і Юрмале, адбылася міжнародная алімпіяда па біялогіі, дзе дзяўчына атрымала сярэбраны медаль. Гэта было складанае выпрабаванне, але Арына вытрымала яго і стала гордасцю не толькі школы і раёна, але і ўсёй краіны. Акрамя іншага, дзяўчыне было цікава апынуцца сярод моладзі з розных краін свету, аб'яднанай агульнымі інтарэсамі. З гэтым звязаны вельмі яскравыя ўспаміны.
Вынікі ўдзелу ў алімпіядзе запэўнілі Арыну ў яе здольнасцях да навукі.
Паўплываў на яе і настаўнік біялогіі Віктар Аляксандравіч Вярбіцкі.
- Гэта вельмі цікавы, разумны, незвычайны чалавек, - гаварыла пра яго Арына. - Ён шмат ведае і ўмее выклікаць у вучняў інтарэс да біялогіі, а часам і вялікае захапленне, як, напрыклад, у мяне. Ён падтрымліваў мяне ў час падрыхтоўкі да алімпіяды, дапамагаў ва ўсім. Я і цяпер памятаю яго цікавыя расказы, яго прыгожы кабінет, увесь у зеляніне і квецені. Памятаю і той цудоўны свет, які я ўбачыла праз мікраскоп. Менавіта ён дапамог мне ўпершыню зразумець, што біялогія - гэта незвычайна і вельмі цікава, непаўторна і бязмежна.
- Я прыйшоў у яе клас настаўнікам не адразу, як пачалося вывучэнне біялогіі, а крыху пазней, у старэйшых класах. Памятаю першае знаёмства з гэтай вучаніцай. Арына не імкнулася вылучыцца сярод іншых. Стрыманая і ўважлівая, яна выклікала да сябе павагу, - успамінае Віктар Аляксандравіч. - Вельмі самастойная, цікаўная дзяўчына, з ёй лёгка было працаваць, матэрыял яна разумела хутка. У яе аналітычны склад розуму, развітое лагічнае мысленне, свой погляд на розныя з'явы, крытычная пазіцыя. Яе талент, працаздольнасць і мэтанакіраванасць запэўнілі мяне ў тым, што яна дасягне поспеху. У час падрыхтоўкі да алімпіяды былі пэўныя цяжкасці з-за недахопу навуковай літаратуры. Тады яшчэ нельга было свабодна браць інфармацыю з інтэрнэту, як цяпер. Але ўсе складаныя моманты не перашкодзілі дзяўчыне паказаць цудоўныя вынікі. Яна працавала вельмі старанна. Увогуле, у Арыны заўсёды былі рознабаковыя інтарэсы (у гады студэнцтва яна захаплялася нават турызмам і альпінізмам), у яе ніколі не было часу сумаваць. І яна ўсё паспявае, выкарыстоўвае ўсе магчымасці. Гэта чалавек, якому цікава жыць.
Дзяўчына вельмі дзякуе і тагачаснаму дырэктару СШ № 3 Міхаілу Іванавічу Лянцэвічу. Ён заўсёды падтрымліваў таленавітых дзяцей, ствараў для іх усе ўмовы, размаўляў з імі і запэўніваў у неабходнасці рупнай працы.
Паводле ўспамінаў Святланы Леанідаўны Камароўскай, яе класнай кіраўніцы, Арына ў школе заўсёды была сур'ёзнай, сціплай дзяўчынай, падрыхтаванай да ўрокаў, захопленай навуковымі заняткамі, працавітай, задумлівай, руплівай. Яна вучылася з захапленнем, і ёй ніколі не трэба было прымушаць сябе займацца: яе цікаўнасць рабіла набыванне ведаў больш лёгкім, карысным і плённым.
Школу Арына лічыць падмуркам у будынку свайго поспеху. Пасля яе заканчэння дзяўчына паступіла на біялагічны факультэт БДУ. З кожнай гадзінай яна ўсё больш упэўнівалася ў правільнасці свайго выбару. Праз тры гады ёй прапанавалі працягнуць навучанне ў Шатландыі, у Эдынбургскім універсітэце, і яна згадзілася, паехала за мяжу займацца ў накірунку "малекулярная біялогія".
- ВНУ Вялікабрытаніі даюць вузка спецыялізаваную адукацыю, - расказвала Арына. - Там менш лекцый, больш свабоды, самастойнасці, сам размяркоўваеш час. Мне цяжка было прызвычаіцца да заходняга рэжыму навучання, дзе няма пастаяннага кантролю і трэба самой арганізоўваць сваю працу. Толькі самадысцыпліна можа дапамагчы ў такіх умовах.
А ў 2007 годзе дзяўчына пайшла ў аспірантуру ў Кембрыджскім універсітэце. Ёй застаўся яшчэ год да яе заканчэння. Арына ўжо чатыры гады займаецца ствалавымі клеткамі, найбольш нервовымі. Гэта сучасны перспектыўны напрамак даследаванняў. У снежні 2011 года дзяўчына абараніла дысертацыю, а ў 2012 годзе яна плануе прыступіць да працы кансультантам для фармацэўтычных кампаній у Лондане.
Да бацькоў, у родны горад Стоўбцы, дзяўчына прыязджае два разы на год - улетку і на зімовыя святы. Радасныя сустрэчы з сям'ёй, цёплыя дзіцячыя ўспаміны - гэта той неацэнны скарб, які Арына імкнецца зберагчы ў хуткай плыні жыцця. У бацькі і маці яна заўсёды знаходзіла дапамогу, падтрымку, любоў і спагаду, таму захоўвае вялікую павагу і ўдзячнасць да іх.
У жыцці дзяўчыне дапамагаюць працавітасць, настойлівасць, захопленасць навукай, натхненне. Яна лічыць вельмі цікавымі свае заняткі і прысвячае сябе ім з самадданасцю. Ёй падабаецца, калі жыццё ставіць перад ёю складаныя, цікавыя задачы, вырашыць якія цяжка, - гэта як выклік для яе, прычына для напружання сіл і ўпартай працы.
У выпускным альбоме Арына напісала пра сябе: "Люблю слухаць цішыню, будаваць паветраныя замкі, лятаць у сне, верыць міражам і шукаць сэнс жыцця", што сведчыць аб тым, што яна чалавек з тонкай, глыбокай, успрымальнай душой. Для яе вельмі важна знайсці свой шлях, сваё месца ў свеце. Гэта яе галоўная мэта. І яна спадзяецца, што ўжо знайшла сябе ў любімай навуцы - у біялогіі.






