Кароткім радком
Нумар - №24-25 Рубрыка - Афіцыйна
07.02.2012

У НАШАЙ КРАІНЕ
Урад Беларусі плануе на гэтым тыдні прадставіць Прэзідэнту пералік стратэгічных прадпрыемстваў, ад прыватызацыі якіх у 2012 годзе плануецца атрымаць $2,5 млрд. Аб гэтым паведаміў 2 лютага журналістам намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Сяргей Румас. Паводле слоў Сяргея Румаса, гэты спіс яшчэ абмяркоўваецца, і пакуль дачасна гаварыць, якія прадпрыемствы ўвойдуць у яго. "Як толькі ён будзе прыняты, яго апублікуюць для шырокага прагляду. Усе патэнцыяльныя інвестары змогуць з ім азнаёміцца і весці перагаворы па ўдзелу ў прыватызацыі прадпрыемстваў", - дадаў віцэ-прэм'ер.
У Мінску 8 лютага адкрываецца ХІХ міжнародная кніжная выстава-кірмаш. У ёй прымуць удзел кнігавыдаўцы з 20 краін. Ганаровым госцем сёлета стане Рэспубліка Венесуэла. Выстава "Кнігі Беларусі" разгорнецца ў сталічнай выставачнай зале "БелЭКСПА" па вуліцы Я. Купалы і будзе дзейнічаць да 12 лютага.
У ВОБЛАСЦІ
На сетцы аўтамабільных дарог Мінскай вобласці абмяжоўваецца хуткасны рэжым. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе дэпартамента "Белаўтадар" Міністэрства транспарту і камунікацый. Ён складзе ад 50 да 70 км/гадз. Адпаведныя дарожныя знакі аператыўна ўстанаўліваюцца. Дэпартамент звяртаецца да ўдзельнікаў дарожнага руху з просьбай быць вельмі ўважлівымі і асцярожнымі на дарогах, а таксама выбіраць хуткасны рэжым, адэкватны дарожным умовам.
Звыш 339 суб'ектаў агратурызму зарэгістравана ў сталічным рэгіёне. Аб гэтым паведамілі ў прэс-цэнтры ІМПЗ па Мінскай вобласці. Гэта на 90 аграсядзіб больш, чым у 2010 годзе. У мінулым годзе ў сферы агратурызму заключана амаль шэсць тысяч дагавораў на аказанне паслуг, аграсядзібы наведалі больш за 45 тысяч чалавек. У кожным раёне з удзелам прадстаўнікоў Белаграпрамбанка створаны рабочыя групы па прыёме заяў ад суб'ектаў аграэкатурызму, разгляду матэрыялаў для вызначэння эфектыўнасці праектаў.






