мобильная версия
Прамень

Кніга здароўя

Нумар - №24-25    Рубрыка - Медыцына

07.02.2012

З НАВУКАЙ -  У ШКОЛЫ

Важным напрамкам у дзейнасці адукацыйных устаноў застаецца прафілактыка ВІЧ/СНІД сярод вучнёўскай моладзі.

На базе СШ № 3 г. Стоўбцы і Нававёскаўскай СШ з гэтай мэтай быў праведзены трэнінг з асветніцкім накірункам. У ім прынялі ўдзел вучні 8-11 класаў, якія стаяць на розных відах уліку.

Трэнінг праводзілі спецыялісты сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Мэтай з'яўлялася фарміраванне адказных паводзін у моладзі па пытанні прафілактыкі ВІЧ/СНІД. Заняткі  распрацаваны спецыяльна для дзяцей, якія маюць парушэнні ў паводзінах.

У ходзе трэнінгу  разгледжаны пытанні значэння і адрознення тэрмінаў ВІЧ і СНІД. Педагогі-псіхолагі інфармавалі дзяцей аб наяўнасці некалькіх тэорый з'яўлення і распаўсюджвання ВІЧ па нашай планеце. Тэхналогія "Ступені рызыкі"  накіравана на разгляд пытанняў аб шляхах перадачы ВІЧ, былі разгледжаны жыццёвыя сітуацыі, якія нясуць рызыку заражэння, і тыя, што не нясуць яе. Апошняе практыкаванне "Выбар" стала падмуркам, каб тыя, хто навучаецца, змаглі падумаць і зрабіць свой выбар па пэўных пытаннях, якія датычаць праблемы ВІЧ/СНІД. 

Рабяты былі вельмі актыўныя, добразычлівыя, адказвалі на пытанні, лагічна разважалі, мелі свой пункт погляду, дружна ўдзельнічалі ў практыкаваннях. Выявілася дасведчанасць іх па гэтай праблеме.

Іна ЖАГЛО, педагог-псіхолаг раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра

 

ЧЫМ ПАГРАЖАЕ НАМ ЁДАДЭФІЦЫТ?

Ёд адносіцца да мікраэлементаў, якія арганізм не здольны выпрацоўваць самастойна. Ён знаходзіцца ў глебе і марской вадзе ў выглядзе ёдыдаў. Мора ад нас далёка, а ўтрыманне ёду ў глебе нязначнае. З ежай мы атрымліваем мала ёду, а ў пітной вадзе - і таго менш.

Недахоп ёду вядзе да развіцця ёдадэфіцытных станаў у арганізме. Гарманальныя парушэнні спачатку працякаюць незаўважана. Пазней вырастае эндэмічны зоб, што можа суправаджацца зніжэннем функцый шчытападобнай залозы.

Гармоны, якія выпрацоўваюцца шчытападобнай залозай, удзельнічаюць у абменных працэсах, звязаных з развіццём мозгу, шкілета, сінтэзам бялку і глікагену, разлажэннем тлушчаў і халестэрыну, рэгулююць сардэчную дзейнасць, работу страўнікава-кішэчнага тракта, палавых органаў і т. п.

Асноўныя прызнакі недахопу ёду - раздражняльнасць, падаўленасць, прыступы незразумелай нуды, вяласць, галаўныя болі, пагаршэнне памяці, зніжэнне артэрыяльнага ціску, парушэнне менструальнай функцыі.

Недахоп ёду ў арганізме папаўняецца спецыяльнымі мікрадабаўкамі. Цяпер з'явіліся прадукты (малочныя, хлеб, ёгурты), на этыкетцы якіх указана, што яны абагачаны ёдам. Самы просты спосаб - ужыванне ёдаванай солі пры прыгатаванні страў.

Аптымальнымі для прафілактыкі ёдадэфіцыту з'яўляюцца прэпараты, якія ўтрымліваюць чысты ёдыд калію (сутачная доза - 100 мкг), ці любыя полівітамінныя прэпараты.

Кацярына ДАМАНЕЎСКАЯ, урач-гігіеніст раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі         

 

ЧАСЦЕЙ УСТАВАЙЦЕ

Сядзячы лад жыцця можа стаць прычынай павышэння масы цела і, у сваю чаргу, небяспечны сардэчна-сасудзістымі захворваннямі, якія на працягу многіх гадоў з'яўляюцца галоўнай прычыный смяротнасці насельніцтва ў нашай краіне.

Чым больш чалавек праводзіць часу ў сядзячым стане, тым вышэйшая ў яго крыві канцэнтрацыя "дрэнанага" халестэрыну, а таксама С-рэактыўнага бялку, які многія медыкі называюць галоўным індыкатарам сардэчнага прыступу, што набліжаецца. Павышанае ўтрыманне гэтых элементаў было зафіксавана нават ва ўдзельнікаў даследавання, якія ў свабодны ад работы час рэгулярна займаліся спортам. Сапраўднай навуковай сенсацыяй стаў пацверджаны статыстычнымі данымі вывад аб тым, што для падтрымання арганізма ў добрай форме людзям, якія праводзяць шмат часу ў рабочым крэсле, дастаткова  як можна часцей уставаць. Неабавязкова пры гэтым выконваць якія-небудзь фізічныя практыкаванні. Дастаткова толькі зрабіць некалькі крокаў ці пастаяць на адным месцы на працягу хвіліны.

Ірына ЛУЦІК, урач-кардыёлаг цэнтральнай раённай бальніцы

 

ТРЫХІНЕЛЁЗ  -  ЗАХВОРВАННЕ НЕБЯСПЕЧНАЕ

З пачаткам сезона палявання і масавага забою дамашняй жывёлы звязана рызыка інфіцыравання трыхінеламі. У Беларусі штогод рэгіструюцца дзясяткі выпадкаў трыхінелёзу.

Гэта гельмінтнае захворванне, заражэнне якім адбываецца пры ўжыванні мяса, якое ўтрымлівае лічынкі трыхінел.

Захворванне можна западозрыць павышэннем тэмпературы, ацёкамі вейкаў, болямі ў мышцах вачэй, а таксама жавальных, ікраножных. Пры такіх адчуваннях патрэбна неадкладна звярнуцца да ўрача.

Няўзброеным вокам лічынку ўбачыць у мясе немагчыма. Мяса даследуецца на спецыяльным прыборы. Кожная свіная туша павінна прайсці даследаванне на трыхінелёз. Для гэтага на рынках маюцца лабараторыі ветэрынарнай экспертызы. Неабходна даследаваць і тушы здабытых на паляванні дзікіх жывёлін.

Набываючы ў выпадковых людзей на стыхійных рынках неклеймаваную свініну, вэнджанасці, фарш невядомага прыгатавання, вы рызыкуеце заразіцца трыхінелёзам. Таму адносьцеся да  здароўя беражліва.

Ірына ПЯТРОВІЧ, загадчык аддзела эпідэміялогіі РЦГіЭ