Па Беларусі пад эгідай БРСМ
Нумар - №24-25 Рубрыка - Моладзь Стаўбцоўшчыны
07.02.2012
Члены маладзёжнай пярвічкі БРСМ сельгаспрадпрыемства "Вішнявецкі-агра" падалі для моладзі Стаўбцоўшчыны цудоўны прыклад - усе разам адправіліся ў экскурсію па Беларусі.
Брэст з яго легендарнай крэпасцю, багатая на прыродныя дзівосы Белавежская пушча - гэта пярліны нашага краю і, адначасова, даўні правераны маршрут, які прапануе сектар падарожжаў і экскурсій аўтапарка № 17. Затрымацца тут цягне хаця б на дзянёк. А дваццаці тром вішнявецкім рабятам увогуле пашанцавала - кіраўніцтва прадпрыемства зрабіла ім падарунак у выглядзе двухдзённай паездкі, з начоўкай у гасцініцы алімпійскага рэзерву, і выбрала для паездкі дні старога Новага года. Так выйшла, што ў дарозе, 14 студзеня, быў дзень нараджэння ў аднаго з маладых людзей - рабочага будаўнічай брыгады Аляксандра Жука. Улічваючы такую дружную кампанію побач, вушам хлопца дасталося. Але, напэўна, іменна гэты, дваццаць другі, дзень нараджэння застанецца самым памятным у маладым жыцці Аляксандра.
Першы дзень рабяты знаёміліся з Брэстам, Брэсцкай крэпасцю, другі - адпачывалі сярод пушчанскай прыроды. Акурат ішоў снег, першы для сёлетняй незвычайнай зімы, і пушча сустрэла іх урачыста-заварожанай. Наведванне музея прыродазнаўства, назіранне за жывымі дзікамі, зубрамі, аленямі, казулямі і іншымі звярамі выклікала масу ўзнёслых эмоцый. "Не пакідала адчуванне, што мы трапілі ў казку - так пашанцавала з надвор'ем! А яшчэ сам Дзед Мароз вітаў нас у сваёй рэзідэнцыі, падарункі падрыхтаваў кожнаму! Вакол ёлкі вадзілі карагоды, спявалі і танцавалі - столькі вясёлай энергіі гэта ўсё абудзіла", - падзялілася ўражаннямі Аксана Калкоўская, старшыня прафкама ААТ "Вішнявецкі" і старшая экскурсійнай групы.
Нягледзячы на няпростыя пагодныя ўмовы, дальняя дарога не здалася цяжкай дзякуючы вопытным вадзіцелям аўтапарка № 17 Алегу Ступцу і Аляксандру Сілко. Задаволенасць тым, як была рэалізавана праграма адметнага тура для моладзі раёна, выказала і вядучы спецыяліст сектара падарожжаў і экскурсій аўтапрадпрыемства Леаніда Высоцкая: "У новым праекце арганічна спалучыліся патрыятычна-выхаваўчы і пазнавальны моманты, пазітыў ад знаёмства з роднай Беларуссю. Было б добра, калі б на Стаўбцоўшчыне ён атрымаў працяг і стаў традыцыяй, накшталт тых, якімі некалі ганарыўся камсамол".
Сапраўды, кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый, старшыням пярвічак БРСМ раёна варта прыслухацца да гэтай ідэі, падтрымаць новы праект, які (гэта даказала паездка ў Брэст) запатрабаваны працоўнай моладдзю і ўспрымаецца ёю на "ўра". Праект цалкам даступны, цікавы, бо дае магчымасць вандраваць маладым разам па розных куточках Беларусі і адкрыць яе для сябе, палюбіць душою. І патрэбны тут не столькі фінансавыя і іншыя магчымасці, колькі звычайнае жаданне з'яднаць моладзь, звярнуць на яе ўвагу і паказаць ёй, што можна і добра працаваць, і карысна адпачываць сваім калектывам.
...А ў "Вішнявецкім", які заўсёды славіўся сваімі турысцкімі традыцыямі, ужо плануюць новую паездку для сваіх работнікаў - на хакейны турнір у Мінск Арэну. Пакуль не паклікала ў поле клопатная хлебаробская вясна, трэба спяшацца адпачываць.






