Пад пятою дамашняга тэрарыста
Нумар - №24-25 Рубрыка - Ахова правапарадку
07.02.2012
Аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС падрыхтаваў адказы на найбольш характэрныя пытанні, якія задаюць супрацоўнікам міліцыі пацярпеўшыя жанчыны.
Муж збівае мяне. Ці з'яўляецца гэта злачынствам?
Так, гэта злачынства. Збіваць злачынна як незнаёмых людзей, так і членаў сваёй сям'і. Той факт, што вінаватым з'яўляецца ваш муж, нічога не мяняе.
Што рабіць, калі муж збівае мяне?
Вы можаце захаваць сляды злачынства: парванае адзенне, зламаныя рэчы і т. п. Калі ёсць фотаапарат - зафіксуйце іх. Неадкладна звяртайцеся ў міліцыю з пісьмовай заявай: за злачынства ваш муж можа быць арыштаваны. Міліцыя выдасць вам накіраванне на медыцынскую экспертызу. Вы можаце звярнуцца да ўрача і самастойна. Інфармацыя, якую запіша ўрач у медыцынскую карту, дазволіць правесці экспертызу пазней. Не лішне звярнуцца да юрыста - даведацца аб сваіх правах, і сустрэцца з псіхолагам. Псіхалагічная дапамога можа быць карысная як вам з дзецьмі, так і вашаму мужу.
Якое пакаранне пагражае мужу за тое, што ён збівае мяне?
Гэта залежыць ад цяжкасці нанесеных пашкоджанняў і можа прывесці ад адміністрацыйнай да крымінальнай адказнасці. Напрыклад, за цяжкае цялеснае пашкоджанне, небяспечнае для жыцця, або якое выклікала страту слыху, зроку, іншага органа, - пазбаўленне волі да пяці гадоў. Канкрэтнае пакаранне выносіць суд з улікам асобы абвінавачанага, іншых абставін справы.
Якое пакаранне прадугледжана для таго, хто збівае сваіх дзяцей?
Пакаранне можа быць адміністрацыйнае, а можа быць і крымінальнае, у залежнасці ад цяжкасці траўмаў. Акрамя таго, гэты чалавек (незалежна - маці гэта ці бацька) можа быць пазбаўлены бацькоўскіх правоў.
Муж прыходзіць дамоў п'яным і збівае мяне. Калі цверазее, то нічога не помніць. Ці вызваляе гэта яго ад адказнасці?
Не. Учыненне злачынства ў стане ап'янення з'яўляецца абцяжарваючай акалічнасцю. Гэта значыць, што пакаранне яму будзе больш цяжкім. Абцяжарваючай акалічнасцю з'яўляецца і ўчыненне злачынства ў адносінах да малалетняга, састарэлага або асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане, а таксама ў адносінах да асобы, якая знаходзіцца ў матэрыяльнай ці іншай залежнасці ад вінаватага.
Муж лічыць, што я справакавала яго, не выканала яго патрабаванняў, таму ён збіў мяне. Гэта сапраўды змякчае яго адказнасць?
Не. Ніякі закон не патрабуе, каб вы выконвалі ўсё, што хоча муж (да прыкладу, прыгатаваць абед ці прыбраць пакой). Невыкананне яго патрабаванняў не з'яўляецца "неправамернымі дзеяннямі" і той акалічнасцю, якая змякчыць яго віну.
Муж прыходзіць дамоў п'яны і палохае: хапаецца за нож, пагражае ім. Ці з'яўляюцца яго паводзіны крыміналам?
Так. У адпаведнасці з законам, пагроза забойства, нанясення цяжкіх траўмаў ці знішчэння маёмасці з'яўляецца злачынствам, якое можа карацца пазбаўленнем волі да шасці месяцаў.
Муж зневажае і абражае мяне амаль кожны дзень. Гэта незаконна?
Так. У адпаведнасці з законам, абраза - гэта наўмысная знявага гонару і годнасці чалавека, выражаная ў непрыстойнай форме. На вінаватага накладаецца штраф ад 4 да 20 базавых велічынь. Паўторныя факты абразы адносяцца да крымінальных злачынстваў, за якія суд можа назначыць выпраўленчыя работы да двух гадоў або штраф.
За якія злачынствы супраць членаў сям'і можа несці адказнасць вінаваты?
Гэта цялесныя пашкоджанні, пабоі, катаванні, згвалтаванне, прымус да ўступлення ў палавую сувязь, распусныя дзеянні ў адносінах да непаўналетніх, ухіленне ад выплаты аліментаў або ад утрымання дзяцей, абраза, хуліганства, пагроза забойства, крадзеж, вымагальніцтва, наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці, уцягванне непаўналетніх у злачынную дзейнасць.
Нагадваем, што ў раённым аддзеле ўнутраных спраў працуе тэлефон гарачай лініі - 5-32-76. Па ім можна паведаміць факты сямейнай нядобранадзейнасці. Супрацоўнікі міліцыі прымуць неадкладныя меры рэагавання.






