Прадпрыемства дапамагло вярнуць дзяцей
Нумар - №24-25 Рубрыка - Жыццё. Улада. Чалавек
07.02.2012
На мінулым тыдні адразу ў дзве сям'і на тэрыторыі Варацішчанскага сельсавета вярнуліся дзеці з дзіцячага сацыяльнага прытулку.
Такое рашэнне прынялі члены камісіі па справах непаўналетніх, якім разам з іншымі зацікаўленымі службамі і арганізацыямі прыйшлося нямала "павазіцца" з гэтымі бацькамі. Але вынік сапраўды радуе, калі бачыш гэтых людзей цвярозымі, з пасвяжэўшымі тварамі, а, галоўнае, - усведамляеш, што ўжо зроблена іх рукамі для дзяцей. Наведзены парадак у доме, закуплены прадукты і набыта мэбля. У адной з сем'яў дзіця чакае па вяртанні дарагі сюрпрыз - камп'ютар.
- У даным выпадку для аздараўлення сітуацыі ў гэтых сем'ях зрабіла свой уклад і дырэкцыя ААТ "Жацерава", - падкрэсліла намеснік старшыні камісіі Наталля Хвасько. - За свой кошт прадпрыемства пралячыла пяцёра чалавек у абласным наркадыспансеры.
Зразумела, што з таго, хто не ўжывае спіртнога, выходзіць не толькі добры бацька ці матуля, але і работнік. Так, адну з жанчын, якая прайшла лячэнне, ужо перавялі з паляводаў у даяркі. Адпаведна, вырас яе заробак, і гэта адчула ўся сям'я. Цяпер можна падумаць і пра пакупку аўтамабіля. Чым не мэта для шчаслівай маладой сям'і?!
Цяпер усе спадзяванні на тое, што дарога ў ранейшае жыццё ў гэтых сем'ях канчаткова адрэзана. "Шанц даецца толькі адзін раз. Другі раз - гэта суд і працэдура пазбаўлення бацькоўскіх правоў", - папярэдзіла бацькоў, да якіх вярнуліся дзеці, Наталля Хвасько.






