Праверыў люты
Нумар - №24-25 Рубрыка - Надвор’е на Стаўбцоўшчыне
07.02.2012

Люты па сваім тэмпературным рэжыме блізкі да студзеня. Сярэдняя за месяц тэмпература паветра ў норме складае мінус 4-8 градусаў. Звычайна начная тэмпература ў лютым бывае ад 6 да 12 градусаў марозу, днём - ад мінус 5 да нуля градусаў. Гэта па сярэдніх шматгадовых даных. Сёлетні ж люты прэтэндуе на ўключэнне ў разрад анамальна халоднага.
Самі паспыталі, ці надта гэта прыемна. Хаця да рэкордных паказчыкаў пакуль не дайшло. Так, у 1956 годзе ў адну з лютаўскіх начэй зафіксавана было мінус 39 градусаў. Сёлета самы нізкі паказчык на тэрмометры быў мінус 29, днём мароз стаяў 15-20 градусаў. Лютаўская тэмпература паветра ў гэтым годзе чакаецца ажно на 12-17 градусаў ніжэй за кліматычную норму. Гэта ў асобныя дні. У сярэднім жа па паказчыках за ўвесь месяц яна будзе не дацягваць да нормы 2 градусы. Ападкі прагназуюцца ў межах нормы.
Сіноптыкі папярэджвалі: зіма 2011-2012 года будзе здавацца нязвыкла халоднай. Але ўвесь снежань і да паловы студзеня стаяла цеплыня, і над іх прагнозамі толькі пасміхаліся. Дачакаліся!
Чаму ж так адбылося? У вучоных некалькі версій. Магчыма, справа ў тым, што змяніліся прывычныя траекторыі атмасфернай віхуры - цыклонаў і антыцыклонаў. Цыклоны з Атлантыкі цяпер рухаюцца больш па поўначы, чым раней. Але ў чым прычына, таксама незразумела. Адны спецыялісты бачаць астранамічныя фактары, іншыя - зрухі зямной восі. Халоднае паветра пранікла далёка на поўдзень, а Міжземнае мора вельмі цёплае, на кантрасце тэмператур усталёўваюцца вельмі актыўныя і ўстойлівыя атмасферныя франты. Яны і выклікалі тое, што засыпала снегам Крым, Турцыю, Сірыю, а Ізраіль заліло дажджамі. Мерзнуць жыхары Польшчы, Украіны, Чэхіі і больш паўднёвых краін. Антыцыклон утварыўся вельмі магутны і лёгка гэтую "глыбу" не зрушыш. Пацяпленні могуць быць, але больш верагоднае зноў вяртанне халадоў. Што ж, дачакаліся сапраўднай зімы. А там і вясна не за гарамі.
Фота Васіля ЗЯНЬКО






