Урокі маэстра
Нумар - №24-25 Рубрыка - Культура
07.02.2012

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь вядомы беларускі кампазітар Алег Чыркун узнагароджаны знакам "Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь".
Гэта чарговая ўзнагарода кампазітару за яго плён на ніве мастацтва. Алег Міхайлавіч - уладальнік медаля Францыска Скарыны, нагруднага знака "Выдатнік культуры", ганаровага знака Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь "За развіццё культуры Беларусі" і многіх іншых узнагарод. Была яшчэ адна нагода сустрэцца з ім - у гэтыя лютаўскія дні Алег Міхайлавіч адзначае і свой жыццёвы юбілей.
Шлях у музыку ў яго пачаўся ў раннім дзяцінстве. Дзіця вайны, Алег Чыркун да 15 гадоў выхоўваўся ў мінскім дзіцячым доме. Маленькім хлопчыкам ён асвоіў ігру на ўсіх музычных інструментах, якія былі, - фартэпіяна, баяне, балалайцы, мандаліне... На зары нацыянальнага тэлебачання сірата Алег Чыркун выконваў у эфіры песню "Арлёнак".
Затым было прафесіянальна-тэхнічнае вучылішча, кароткі час працы мулярам. Аднак музыка гарманічна жыла ў ім, і Алег Чыркун, дзякуючы шчасліваму выпадку, становіцца навучэнцам сталічнага музычнага вучылішча імя М. Глінкі, затым - студэнтам Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі па класе кампазіцыі. Ён браў урокі музыкі і кампазіцыі ў дацэнта Пятра Падкавыркава, прафесара Дзмітрыя Смольскага, кампазітара Ігара Лучанка.
Доўгае творчае жыццё ў мастацтве (больш за 40 гадоў) Алега Чыркуна сабрала скарбонку выдатных твораў у розных жанрах - 2 сімфанічныя паэмы, 2 кантаты, камерная і харавая музыка, аперэты, музыка для тэле- і радыёспектакляў, у тым ліку да тэлеспектакля "Новая зямля", драматычных спектакляў, фільмаў. Аднак галоўная сфера яго творчасці - песні. Ім напісана музыка да 250 песень на словы 60 беларускіх паэтаў - класікаў і сучасных. У выкананні Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г. І. Цітовіча, ансамбля "Свята", іншых прафесіянальных і самадзейных калектываў песні Алега Чыркуна аб'ездзілі ўвесь свет, як "Сена маладое", былі лаўрэатамі міжнародных конкурсаў. Шырокае прызнанне заваявала аперэта "Калі заспявае певень", пастаўленая на сцэне Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь.
Гэта адзін з тых кампазітараў, чые творы шырока бяруць у свой рэпертуар і самадзейныя калектывы, таму што песні меладычныя, сардэчныя, пранікнёныя, лёгка ўспрымаюцца і запамінаюцца. Кампазітар вядомы слухачам па песнях "Беларуская гасціннасць", "Дзе б ты ні быў", "Бацькоўская зямля" і многіх іншых. Алег Чыркун з'яўляецца лаўрэатам рэспубліканскага літаратурнага конкурсу "Лепшы твор 2008 года ў песенным жанры". У музычнай спадчыне кампазітара - восем зборнікаў песень: "Карагод", "Бацькоўская зямля", "Сена маладое", "Плач жураўлёў", "Маміна свята" і іншыя. Песні маэстра ўваходзяць у хрэстаматыі па музыцы для дзіцячых музычных устаноў.
Алег Чыркун вядомы не толькі сваім укладам у развіццё нацыянальнага музычнага мастацтва, але і яркім удзелам у грамадскім жыцці краіны. Выхаванец дзіцячага дома, сваё сэрца ён аддае дзецям у час дабрачынных акцый у інтэрнатных установах краіны - Алег Міхайлавіч з'яўляецца лаўрэатам дзіцячага фонду Рэспублікі Беларусь "Сябар дзяцей". Ён - удзельнік усіх мерапрыемстваў, што праводзяцца саюзам дабрачыных арганізацый "Мужнасць і гераізм" і Саюзнай Грамадскай палатай. З'яўляючыся старшынёй ваенна-шэфскай камісіі Беларускага саюза кампазітараў, Алег Чыркун шырока прапагандуе беларускае мастацтва ў вайсковых часцях, ім напісана шмат песень на ваенна-патрыятычную тэматыку - "Паходная войска беларускага", "Войска беларускае", "Марш маладога байца", "Вясна на граніцы" і іншыя, якія ўвайшлі ў зборнік "Армія мая". За ўклад ў ваенна-патрыятычнае выхаванне Алег Чыркун атрымаў лаўрэацкую прэмію Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь.
Кампазітар прысвяціў сваё творчае жыццё і эстэтычнаму выхаванню моладзі. Ён у свой час выкладаў у Мінскім культпрасветвучылішчы, у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Апошнія шэсць гадоў Алег Чыркун дае ўрокі музыкі ў Стаўбцоўскай школе мастацтваў, удзельнічае ў жыцці вакальна-харавых калектываў. Алег Міхайлавіч з'яўляецца старшынёю журы раённага фестывалю юных музыкаў "Сымон-музыка", фестывалю народных і ўзорных калектываў "З музыкай да Коласа".
Чыюсьці біяграфію і сённяшніх вучняў Стаўбцоўскай школы мастацтваў упрыгожыць важкі радок, што яму даваў урокі музыкі вядомы беларускі кампазітар Алег Чыркун.
Васіль ЗЯНЬКО (фота)






