мобильная версия
Прамень

Вікторыя – значыць перамога

Нумар - №24-25    Рубрыка - Спорт

07.02.2012

Кожны дзень поўны спартыўных падзей. І перамогамі беларускія атлеты часта радуюць. Але чаму асабліва па-святочнаму аформлены першыя старонкі газет і вокладкі часопісаў? "Вікторыя!" - гучна выдзяляюцца загалоўкі. І партрэты стройнай, прыгожай дзяўчыны з адметным прызам у руках. Яшчэ і яшчэ раз усведамляем значэнне перамогі Вікторыі Азаранка ў турніры "Вялікага шлема" ў Аўстраліі, таго, што яна стала першай ракеткай свету.

Многія сачылі па тэлевізары за ходам рашаючага паядынку Вікторыі Азаранка з Марыяй Шарапавай на кортах далёкага Мельбурна. І былі шчырыя захапленні і радасць. І калі ў праграме навін убачылі, як у эмацыянальным парыве ўскінуў рукі Прэзідэнт, які, падчас кароткага адпачынку знаходзіўся на лыжнай трасе ў Сочы, то прыгадалі яго словы. Аб тым, што спартсмены сваімі яркімі перамогамі робяць для прэстыжу краіны нават больш, чым намаганні дыпламатаў.

Сапраўды, значны спартыўны поспех суайчыннікаў дае нам усім зарад станоўчых эмоцый. Прыгадаем гучныя перамогі зборных Беларусі па футболе, хакеі, жаночай баскетбольнай дружыны. У асаблівым радзе тытул Алімпійскага чэмпіёна, уладальнік якога становіцца навечна знакамітым. Пэўна ж, і многія стаўбчане наведалі адзін з самых уражальных, велічных спартыўных комплексаў ва ўсёй Еўропе - Мінск Арэну.  І прачыталі, аднавілі ў памяці, увекавечаныя на стэлах імёны лаўрэатаў Алімпіяды. Яны - гонар усёй краіны!

Вялікі тэніс у разрадзе спартыўных дысцыплін займае асаблівае месца. Можна сказаць, што гэта элітны від спорту. Падчас шматлікіх турніраў, дзе разыгрываюцца ўнушальныя сумы прызавых, налічваюцца рэйтынгавыя ачкі, згодна з якімі і вызначаецца месца тэнісіста ў сусветнай класіфікацыі. Асабліва прэстыжнымі і "прыбытковымі" з'яўляюцца перамогі на шматгадовых турнірах "Вялікага шлема"  ў Аўстраліі, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі - краінах, дзе тэніс шырока культывуецца. І калі дабіваюцца гучных поспехаў, выходзяць у лідары ўсёй вялікай тэніснай гвардыі спартсмены любой дзяржавы, то гэта слава для ўсёй нацыі.

Беларусь у тэнісе традыцыйна не на апошніх ролях. Ярка праявілі сябе ў міжнародных спаборніцтвах Надзея Зверава, Вольга Барабаншчыкава. Мужчынскі вялікі тэніс стаў знакамітым з перамогамі Уладзіміра Ваўчкова і Максіма Мірнага, які і сёння паспяхова выступае ў парным разрадзе. Але самая вяршыня -  кубак "Вялікага шлема" і тытул першай ракеткі свету - гэта для Беларусі ўпершыню.

Такое паўтарэнне, пэўна, знаёмых сёння дзякуючы СМІ, інтэрнэту, звестак, не самамэта. А як бы пагляд у будучыню: ці здольныя нашы юныя дараванні дацягнуцца, сягнуць да вышынь спартыўных зорак. Вікторыя Азаранка брала першыя ўрокі ў секцыі Рэспубліканскага палаца тэнісу. Сталіца ж і ад Стоўбцаў недалёка. І ў вучылішчах, школах алімпійскага рэзерву нашы рабяты з поспехам займаюцца. Добрая спартыўная база, у тым ліку і тэнісныя корты ёсць у вышэйшых навучальных установах, тым больш у Інстытуце фізкультуры, дзе таксама сустрэнеш стаўбцоўскіх студэнтаў.

Ужо дакладна: паляпшэнне спартыўнай базы выходзіць з разраду тэорый у практычнае ўвасабленне і ў нашых Стоўбцах. 15 мільярдаў рублёў выдзелена на сёлетні год раёну для абсталявання  фізкультурна-аздараўленчага  комплексу. Вясной абавязкова будзе ўкладзена новае штучнае пакрыццё футбольнага поля  на стадыён "Юнацтва". Будзе дзе з карысцю для здароўя бавіць час многім стаўбчанам. А іскрынкі таленту пры зручных абставінах могуць разгарэцца і да яркага полымя славы.

Так, спартыўныя дасягненні - слава ўсёй дзяржаве, яе рэгіёнам. Сапраўды мы ў газетных публікацыях нярэдка звяртаемся, хаця гэта можа каму і не надта падабаецца, да спраў нашага земляка, сёння аднаго з кіраўнікоў Беларускай федэрацыі футбола Алега Чыкуна. Бо менавіта ён падчас дзейнасці суддзёй па футболе абслугоўваў міжнародныя матчы. І на стадыёнах далёкіх краін свету перад пачаткам сустрэч многія ўпершыню чулі назву горада Стоўбцы.

Аляксандр Гоцкі, ураджэнец Новага Свержаня, увайшоў у дзясятку лепшых марафонцаў на Алімпійскіх гульнях. Больш як праз трыццаць гадоў яго алімпійскую эстафету можа пераняць таксама наша лёгкаатлетка-марафонка Марына Карніцкая-Дамашэвіч, выхаванка Дзераўнянскай ДЮСШ.

Шмат увагі ўдзяляе наша газета выступленням футбольнай каманды "Нёман-Агра" ў першынстве вобласці. І хіба перамогі стаўбчан не акрылялі прыхільнікаў футбольнай дружыны? Вядома, Стоўбцы пакуль не самая  прыкметная футбольная кропка на рэспубліканскай арэне. І шчыра жадаецца яе маладым ігракам не толькі змагання за працяг валодання тытулам лепшых у рэгіёне. Бо, па аналогіі, калі здатная салістка сцэны мясцовага Цэнтра культуры выйдзе на арэну сталічнай філармоніі, стане міжнародным лаўрэатам - гэта ж будзе і наша агульная гордасць. Тут аб лёсе самых, лічу, таленавітых Максіма Талейкі і Аляксея Рудзянка. Хлопцы маюць у сваім паслужным спісе і выступленні за юніёрскую футбольную каманду Беларусі. Дарасціце да першай зборнай!

Вялікі спорт - гэта і вялікая, штодзённая самадданая праца. У біяграфічных сведчаннях пра Вікторыю Азаранка адзначаны і моманты яе роспачы ад атрыманых траўмаў, няўдачаў. Але падымалася і крочыла далей.

Імёны Вікторыі Азаранка і Дар'і Домрачавай сёння на слыху ва ўсіх, бо спартыўныя перадачы па тэлебачанні мала хто прапускае. І, ведаю, прадбачлівыя маці, якія  з не- вялікай ахвотай адпускалі сваіх малалетак у спартыўныя секцыі, задумваюцца і аб фінансавых выгадах спартыўнага шчыравання. Ах, Азаранка зарабіла за адзін толькі турнір амаль два з паловай мільёна долараў! І няхай шмат адлічваецца на падаткі, але ж на жыццё і трэніроўкі і ў ЗША, і ў экзатычным Монтэ-Карла, вядомым абывацелям больш па этыкетках тытунёвых пачак, хапае.

Усе мы людзі, і нішто зямное нам не чужое. І кожны гаспадар свайго лёсу. А калі святло тваёй перамогі паляпшае і наш настрой, то гэта ж выдатна.

Фёдар БАНДАРОВІЧ