І дзень мог каштаваць жыцця
Нумар - №26-28 Рубрыка - Памяць
11.02.2012

Уладзімір Аўласін быў прызваны Стаўбцоўскім райваенкаматам у армію ў лістападзе 1987 года. Адразу накіравалі ў Барысаў, але навабранцы ведалі, што служыць ім давядзецца ў Афганістане.
- Быў і страх, і адначасова гонар, што выбралі менавіта нас для выканання інтэрнацыянальнага доўгу, - расказвае Уладзімір Віктаравіч. - Вучэбку праходзілі ў Ташкенце, у падраздзяленні сувязі, а ў пачатку мая кінулі нас на афганскую тэрыторыю.
Якраз у гэты час пачаўся вывад савецкіх войскаў з Афганістана. Сувязісты сталі незапатрабаванымі, і Уладзіміра залічылі ў рамонтную роту вадзіцелем-зваршчыкам на спецмашыну "ЗІЛ-131". Спецыяльнасці набыў ва Уздзенскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы.
- Мы пастаянна рухаліся ў калоне разам з баявымі машынамі, - працягвае гаворку Аўласін. - Выконвалі пастаўленую перад намі задачу - дастаўлялі падбітыя бронетранспарцёры і танкі на базу, і па магчымасці рамантавалі іх, а таксама здымалі зброю.
Слухаючы нетаропкі расказ былога воіна-інтэрнацыяналіста, можна ўявіць, што нядоўгая служба яго ў Афганістане была бязвоблачнай і зусім не небяспечнай. Аднак служба ёсць служба - хадзіў у каравулы, вылятаў і на баявыя дзяжурствы, з якіх мог не вярнуцца. Пастаянная баявая гатоўнасць трымала ў моцным напружанні і вымотвала душу. У бронежылеце і з аўтаматам клаўся спаць, бо ні на адну хвіліну немагчыма было расслабіцца. Нечаканасці падсцерагалі ўсюды, і трэба было пільна сачыць, каб не атрымаць кулю.
- Гэта днём афганцы вялі сябе мірна, і можна было думаць, што былі нашымі сябрамі, а ноччу душманы рабілі сваю чорную справу, - працягвае гаворку Уладзімір Віктаравіч, - нават хлапчукі, метр ад зямлі, а глядзіш - з аўтаматам. Побач з месцам нашай дыслакацыі быў ваенны аэрадром, і давялося пабачыць, колькі адпраўлялі параненых і загінуўшых. А мяне, дзякуй Богу, не зачапіла.
Брыгада, у якой служыў Уладзімір Аўласін, выходзіла з Афганістана трэцяй. Было гэта ў жніўні. Не перадаць словамі адчуванне той радасці, якая перапаўняла салдат, калі пераязджалі мост Дружбы: усё закончылася, засталіся жывымі. Ды і што гаварыць, калі нават адзін дзень мог каштаваць жыцця, а Уладзімір прабыў там больш за тры месяцы.
Працягваў Аўласін службу ў Хабараўскім краі, у Бірабіджане - за 72 кіламетры ад кітайскай мяжы. Вярнуўся ў родную вёску Савоні старшым сяржантам. Уладкаваўся на работу вадзіцелем. Неўзабаве ажаніўся. Маюць з жонкай Зояй Аляксандраўнай, якая працуе дырэктарам мясцовага Дома культуры, двух сыноў: старэйшы Андрэй вучыцца ва ўніверсітэце, а малодшы Ілья - у пятым класе. Нядаўна сям'я палепшыла жыллёвыя ўмовы - атрымала новы дом з выгодамі, пабудаваны па прэзідэнцкай праграме.
Уладзімір Віктаравіч непарыўна падтрымлівае сувязь са сваімі аднапалчанамі. Часта бачыцца са старшынёй раённай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў Рыгорам Мамайкам, а таксама Віктарам Стэльмахам, які жыве і працуе ў суседняй гаспадарцы ААТ "Вялікі Двор". А штогод 15 лютага, і гэта святы абавязак, разам з усімі воінамі-інтэрнацыяналістамі раёна аддае даніну памяці тым, хто загінуў на чужой зямлі, - ускладвае да помніка жывыя кветкі.






