Апрабаваны метад не падводзіць
Нумар - №26-28 Рубрыка - Сельская гаспадарка
11.02.2012


У ААТ "Вялікі Двор" гэтымі зімовымі днямі вядзецца бягучы рамонт тэхнікі, і ў райсельгасхарчы адзначаюць высокі ўзровень арганізацыі работ у майстэрні. З году ў год у даным таварыстве ўся сельскагаспадарчая тэхніка рыхтуецца своечасова і якасна.
- Кіраўніцтва гаспадаркі загадзя выдзеліла грошы на набыццё запасных частак да глебаапрацоўчай тэхнікі, - расказвае галоўны інжынер Віктар Казук. - Закуплены запчасткі для збожжаўборачных камбайнаў на суму 500 мільёнаў рублёў. Застаецца толькі завяршыць рамонт.
Варта адзначыць, што ў таварыстве свой, традыцыйны падыход да рамонту, надзейны. Цяпер механізатарам прадастаўляюцца водпускі. Пакуль адны адпачываюць, іншыя заняты на неадкладных работах і паступова рамантуюць тэхніку. Трэба сказаць, што гатоўнасць яе даволі высокая, мясцовыя працаўнікі апярэджваюць графік. Рамонт завершыцца, калі зямля пачне адтаваць. Працуюць механізатары актыўна і заўсёды ў тэрмін спраўляюцца са сваёй задачай.
У майстэрні створаны ўсе ўмовы для працы, падтрымліваецца плюсавая тэмпература. Кожны механізатар рамантуе сваю тэхніку, а дапамагаюць ім у гэтым спецыялісты. У прыватнасці, газаэлектразваршчык Алег Дубаў, які падчас наведвання гаспадаркі завіхаўся разам з механізатарам Уладзімірам Пячэнавым, у распараджэнні якога трактар "Беларус-1221". Дарэчы, абодва работнікі прыехалі ў гаспадарку з Казахстана і зарэкамендавалі сябе вельмі добра. У вопытнага механізатара Уладзіміра Рулёва клопат аб сваёй тэхніцы. Падчас росту раслін ён выконвае адну з важных тэхналагічных аперацый - праводзіць хімпраполкі пасеваў. Фотааб'ектыў занатаваў яго падчас размовы з галоўным інжынерам Віктарам Казуком.
Фота Васіля ЗЯНЬКО






