Падзеі і здарэнні
Нумар - №26-28 Рубрыка - Тыдзень Стаўбцоўшчыны
11.02.2012
ЗАГСам зарэгістраваны па раёне толькі адзін шлюб. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены васьмярым маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Аляксею Яроцкаму, Ксеніі Грыгаровіч, Ксеніі Крамко, Паўлу Пяткевічу, Настассі Кавалеўскай, Максіму Ярашэвічу, Паліне Курдун і Дар'і Крамко.
Зямны шлях закончыўся для 15 чалавек.
У пажарнай часці згадалі чатыры вогненныя здарэнні. Трагедыя здарылася 6 лютага ў доме па вуліцы Варашылава ў Стоўбцах. Падчас пажару загінуў мужчына 1961 года нараджэння. Ён пражываў у спадчынным доме адзін, нідзе не працаваў. Папярэдняя прычына няшчасця - неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні. У Рубяжэвічах успыхнуў гараж разам з аўтамабілем "Фольксваген-пасат", якія належалі індывідуальнаму прадпрымальніку. Прычына гэтага здарэння высвятляецца. Вясковец з Тонава па неасцярожнасці пазбавіўся хлява. У Стоўбцах па вуліцы Чарняхоўскага полымя моцна пашкодзіла "времянку". У даным выпадку яе ўладальнікі атрымаюць страхавую кампенсацыю, паколькі пабудова была добраахвотна застрахавана.
Міліцыяй зарэгістравана 106 паведамленняў аб правапарушэннях, у тым ліку складзена 18 пратаколаў за дробнае хуліганства, 13 -за з'яўленне або распіванне спіртнога ў грамадскім месцы, два - за дробны крадзеж. Узбуджана сем крымінальных спраў, прычым у шасці з іх устаноўлены падазраваемыя. У Стоўбцах зламысніца, раней ужо заўважаная ў сквапнасці да чужога, выкрала грошы з кішэні курткі. Грамадзянін, будучы асуджаным у 2010 годзе, ухіляўся ад выплаты аліментаў на ўтрыманне непаўналетняй дачкі. З пад'езда дома па вуліцы Ленінскай злодзей угнаў горны веласіпед.
Суд асудзіў да 1,5 года выпраўленчых работ з вылічэннем 20 працэнтаў з заробку 52-гадовага жыхара вёскі Літва, які выкраў у аднавяскоўца бензапілу і дарожны веласіпед. На 1,5 года пазбаўлены волі 29-гадовы жыхар Оршы: малады чалавек дастаў з сумачкі прадаўца-касіра ў Доме гандлю 4 мільёны 700 тысяч рублёў, а таксама з касавых апаратаў у магазінах "Палітра" і "Велес" яшчэ 4 мільёны 200 тысяч і 400 тысяч рублёў адпаведна. Да чатырох гадоў турмы (з адтэрміноўкай выканання прыгавору на працягу двух гадоў) прыгавораны жыхар Татаршчыны - за нанясенне цяжкіх траўмаў сваёй жонцы-пенсіянерцы.
ДАІ выявіла 148 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў - адзін нецвярозы і 9 бяспраўных вадзіцеляў, 19 недысцыплінаваных пешаходаў і інш. Здарылася 14 дарожных аварый. На шчасце, у іх ніхто не пацярпеў.
"Хуткая" выязджала да хворых 205 разоў, у тым ліку восем сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап'яненнем. Два звароты ў экстранную службу медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных. У сувязі з траскучымі маразамі ёсць выпадкі абмаражэнняў. У мінулую суботу пад раніцу на лавачцы каля дома № 19 па вуліцы Цэнтральнай быў знойдзены з агульным пераахаладжэннем і абмаражэннямі верхніх і ніжніх канечнасцяў малады чалавек. У панядзелак быў дастаўлены з дома ў Аталезі, што не абаграваецца, 45-гадовы мужчына, які змешчаны ў хірургічнае аддзяленне. У гэтыя халодныя дні медыкі раяць цяплей апранацца, выключыць ужыванне спіртнога. Пры неабходнасці першая дапамога пацярпеўшаму - перамясціць яго ў цёплае памяшканне і адразу звярнуцца да медыкаў.






