мобильная версия
Прамень

Перайсці Саланг, застацца каханым

Нумар - №26-28    Рубрыка - Памяць

11.02.2012

Фотография 1

"Адразу не разумеў, што аказаўся на вайне, а калі ўсвядоміў і прыйшоў  страх, - служба ўжо набліжалася да фінішу..." - успамінае 1986-1987 гады жыхар Стоўбцаў Віктар Кураш.

У Афганістане, гарачай кропцы, прайшла фактычна ўся яго салдацкая служба. На грудзях у воіна-інтэрнацыяналіста, як і ў таго, хто ваяваў у Вялікай Айчыннай, - баявыя медалі "За адвагу", "За баявыя заслугі".

Сніцца вайна

- Афганістан прайшоў увесь, -  былы механік-вадзіцель глытае камяк у горле, па-мужчынску стрымлівае эмоцыі. - Пяць разоў перасякаў Саланг. Там была вайна, а мы ахоўвалі калоны. Пост наш быў у гарах. На брані сядзелі з прыборамі начнога бачання. Даймала спёка. Піць хацелася. Не вытрымаўшы, паласкаў рот вадою, белай ад солі. Баявыя аперацыі вяліся амаль кожны дзень. Запомнілася адна з іх - на горад Аліхель. Завязаліся моцныя баі паміж нашым войскам і душманамі. Шмат нашых хлопцаў параніла... Ротны тады прадставіў мяне да медаля "За баявыя заслугі"...

...У васямнаццаць хлопца з вёсачкі Ругаец, які толькі год як адвучыўся на вадзіцеля ў Дзяржынскім СПТВ, уладкаваўся на працу ў былы калгас "За мір", прызвалі ў армію.

Па дарозе навабранцы даведаліся, што вязуць іх у Маскву. Але мінулі  сталіцу і апынуліся ў Туркестанскай ваеннай акрузе, у горадзе Фергана. Паўгода "вучэбкі" і Віктар Кураш - у афганскім Баграме, залічаны ў 345 полк Паветрана-дэсантных войск. У гэтым жа палку, толькі ў іншай роце, служыў і яго зямляк Віктар Лісоўскі. З ім часта бачыліся, з настальгіяй успаміналі дом. Чацвёра хлопцаў прызываліся з адной мясцовасці, яшчэ Валерый Крапіўніцкі і Аляксандр Фенька, і ўсе трапілі ў Афганістан.

- Сяброў, з кім разам ваявалі, успамінаю вельмі часта, - гаворыць Віктар. - Многія жывуць цяпер у Расіі. Класныя пацаны, выручалі адзін аднаго. Разумееце, там думаеш не толькі пра сябе, а і пра таго, хто за табою. Кожны з нас розны - са сваім страхам, бояззю. У горы ідзём - 3000-3200 метраў, за плячыма - запас  прадуктаў і 60 кг боепрыпасаў. Іх значна больш, чым ядомага, бо ад іх залежала, вернешся жывым ці не. Бывала, што рабят і на руках прыходзілася несці. Не кінеш чалавека ў бядзе. На свае вочы бачылі смерць. Сябры паміралі на нашых руках... Мяне Бог мілаваў ад раненняў, але і цяпер вайна сніцца...

Матуля Ванда Аляксандраўна зберагала сына сваёй верай. Як пісем ад яго доўга не было, ведала, што пайшлі на аперацыю, і спяшалася ў касцёл. Напэўна, незразумелую вайну ў чужой далёкай краіне не вытрымаў бы за паўтара года маладзенькі салдацік са Стаўбцоўшчыны, калі б і там не здараліся... святы. "Давялося паляваць на лісаў, - прыгадвае мой суразмоўца. - Ахоўвалі ў афганскім стэпе склады боепрыпасаў палка, а днём іншым разам балавалі сябе паляваннем. Капанір нашага ротнага быў весь усланы пушыстымі скурамі..." На ўсё жыццё запомніліся вельмі прыгожыя горы. З арміі звольніўся загарэлым. Прыехаў восенню. Бацька Франц Станіслававіч бег да аўтобуса, каб сустрэць сына, упаў ад хвалявання і далей пайшоў да яго... на каленях. Ад сваякоў якраз былі запрашэнні адразу на два вяселлі. Вырашылі, што на адно пойдуць бацькі, а на другое ён - старэйшы з чатырох сыноў у сям'і.

"Гражданка" сустрэла Віктара весела. Ды доўга не мог расстацца з прывычкай цікаваць па баках - управа-ўлева. У моцнага, здаецца, мужчыны дрыжэлі ногі...

Касцёр з "афганскіх" пісем

Служба ў Афганістане - асобая старонка ў жыцці кожнага воіна-інтэрнацыяналіста. У сям'і Курашаў яна асобая і для жонкі Віктара - Марыны. Яна - агульная для іх дваіх.

...Амаль аднагодкі, яны сябравалі з дзяцінства. Жылі ў адной вёсцы, у школу хадзілі разам. Віктар пісаў Марыне пісьмы з Афганістана. Яна яму адказвала, падтрымлівала сваімі пачуццямі. Напэўна, гэтая перапіска засведчыла б нам рамантычную гісторыю кахання... Віктар расказвае:

- Калі звальняўся ў запас, саслужыўцы параілі спаліць усе лісты - ад дзяўчыны, ад матулі. Павер'е такое. Кожны паліў свой касцёр і загадваў жаданне. Я ў тую мінуту падумаў, каб даляцець дамоў жывым. З Баграма выляталі на грузавым самалёце, бо іншых рэйсаў не было, і толькі калі перасеклі граніцу, усе ўздыхнулі...  

А Марына, хоць і кахала Віктара, таксама не пакінула ніводнага яго ліста. Была гарачая мінута ў адносінах маладых... Пакуль ён служыў, вучылася ў педвучылішчы. Чытала ў газетах заметкі пра Афганістан. Плакала. Марына стала настаўніцай, і Віктар вярнуўся адтуль. Ажаніліся. Цудоўная цешча Віктара Ядвіга Бурдукевіч (яна і сёння сустракае іх у Ругайцы) дапамагла маладой сям'і купіць у Стоўбцах хату. А яны ўласнымі рукамі абсталявалі яе на свой лад і густ. "Цяпер я кахаю свайго мужа яшчэ мацней, таму што ў нас двое сыноў", - прызнаецца Марына. Віктар дадае, што іх пачуцці - узаемныя. Да 20-годдзя вываду савецкіх войск з Афганістана яна напісала шчымлівы верш і прысвяціла яго свайму мужу. У дзяцінстве Вадзім і Максім прасілі бацьку, каб расказаў пра вайну. Старэйшаму сыну цяпер 22. Бацька, які працуе вадзіцелем, часцей сам звяртаецца да іх. Яны ж у яго абодва механікі! Ён вельмі ганарыцца сваімі дзецьмі.

Віктар калясіць па ўсёй рэспубліцы, нямала паездзіў і па еўрапейскіх дарогах. Ён вельмі ўдзячны дырэктару колішняй сельгастэхнікі Ф. Ф. Мінько. На той момант вадзіцелі не былі патрэбны арганізацыі, але як даведаўся дырэктар, што на работу просіцца воін-інтэрнацыяналіст, не адмовіў. Больш таго, накіраваў Віктара вучыцца на катэгорыю "Е". Неўзабаве яму выдзелілі і новы аўтамабіль-малакавоз.            

Боль душы

Незвычайнае хваляванне пануе ў сям'і Курашаў кожны год з набліжэннем 15 лютага.

- Знутры падступае такі боль, які нельга перадаць словамі, мы перажываем яго ўсёй сям'ёй, - голас у жонкі Віктара дрыжыць. - Што рабіць -  віншаваць ці спачуваць, радавацца ці плакаць?..

Душа не на месцы, і нервы даюць збой. Віктар пакуль ніводнага разу не з'ездзіў у санаторый. Усё адкладвае - работы многа.    

- Сем'янін ён цудоўны, - усміхаецца Марына. - Такіх людзей, як ён, трэба яшчэ пашукаць.

15 лютага Віктар Кураш разам са сваёй жонкай абавязкова ідуць на сустрэчу воінаў-інтэрнацыяналістаў Стаўбцоўшчыны. Залюбуешся імі - такая прыгожая пара! Яны прыгадваюць першыя такія сустрэчы, калі не было рэстаранаў, не было і мемарыяльнага помніка загінуўшым, і ад гэтых успамінаў мароз бяжыць па скуры... Як збіраліся ў ваенкамаце, у ленпакоі, невялікімі групкамі. Хлопцы па-салдацку прыдумлялі выйсце - рэзалі на скарынках каўбасу, а на яе горкаю клалі ўсё астатняе. Як спявалі "афганскія" песні, што развярэджвалі ўсё ўнутры...

- Калі б можна было павярнуць час, - дзеліцца роздумам Марына, - то пры ўсіх цяжкасцях, што давялося перажыць, нічога не хацела б мяняць. У гэтым рашэнні - і мой лёс, і мая павага да гэтага чалавека. Няхай не закончыў ён універсітэта, але як чалавек - адбыўся.   

Зразумець душу "афганца" можа толькі той, хто жыве з ім побач і кахае яго такім, якім ён ёсць.

НА ЗДЫМКУ: зразумець душу "афганца" можа толькі блізкі чалавек.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

Таццяна ПЯТКЕВІЧ