мобильная версия
Прамень

Разнастайнасць формаў – залог паспяховасці

Нумар - №26-28    Рубрыка - Сельская гаспадарка

11.02.2012

Прафсаюз работнікаў аграпрамысловага комплексу самы шматлікі ў раёне. У сельгаспрадпрыемствах створаны і дзейнічаюць 25 пярвічак, якія налічваюць у сваіх радах 4167 членаў, сярод якіх 697- маладыя людзі. Сёлета была створана пярвічная прафсаюзная арганізацыя ў ТАА СЖК "Налібакі".

Работа як райкама прафсаюза, так і прафсаюзных камітэтаў  работнікаў аграпрамысловага комплексу на месцах у першую чаргу накіравана на абарону працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў членаў прафсаюза. Мы пастаянна цікавімся і кантралюем выкананне наймальнікамі працоўнага заканадаўства, у прыватнасці, дадзены рэкамендацыі аб выплатах індэксацыі, даплат за работу са шкоднымі і небяспечнымі ўмовамі працы па атэстацыі рабочых месцаў, даплат да мінімальнай заработнай платы. Аказваем практычную дапамогу прафкамам у падрыхтоўцы праектаў калектыўных дагавораў, бо гэты дакумент дае магчымасць адстойваць і абараняць правы, забяспечваць гарантыі членаў прафсаюза.

Адна з асноўных задач, і райкамам прафсаюза гэтаму пытанню надаецца вялікая ўвага, - арганізацыя спаборніцтва.  Прыжылася такая форма ўшанавання, як уручэнне падзячных пісьмаў непасрэдна ў полі.  Супрычыняецца да віншаванняў і абласны камітэт прафсаюза. Летась за шчырую і добрасумленную працу такім чынам былі заахвочаны больш за 110 вадзіцеляў і механізатараў.

Укаранілася практыка афармлення  падзячных пісьмаў і непасрэдна ў сельгаставарыствах.

Асаблівае значэнне надаецца пытанням аховы працы. Узровень траўматызму ў сельскагаспадарчай вытворчасці летась знізіўся. За мінулы год у гаспадарках раёна здарыліся чатыры выпадкі, сярод якіх адзін з цяжкім зыходам. І не заўсёды бывае, што ў здарэнні  павінен сам работнік. Нам удалося ўнесці змяненні ў калектыўныя дагаворы: забяспечыць выплату аднаразовай кампенсацыі са сродкаў наймальніка  сям'і загінуўшага па прычыне няшчаснага выпадку на вытворчасці ў памеры не менш за дзесяць гадавых заробкаў загінуўшага, а па страце працаздольнасці ў выніку няшчаснага выпадку і прафесійнага захворвання  работнік атрымлівае аднаразовую кампенсацыю ў памеры аднаго сярэднямесячнага заробку. Вялікую дапамогу ў пытаннях аховы працы аказваюць грамадскія інспектары, яны кантралююць работу ўсіх структур і падраздзяленняў на вытворчасці. Налічваецца сорак пяць такіх спецыялістаў, усе яны летась атрымалі адпаведныя пасведчанні. Добра пастаўлена работа грамадскіх камісій, узначальваюць якія  Ганна Борыс (ААТ "Аталезь-агра") і Галіна Калейчык (ААТ "Агранёманскі"). У мінулым годзе арганізавалі вучобу, на якую акрамя грамадскіх інспектараў былі запрошаны старшыні прафкамаў і інжынеры па ахове працы. У перыяд масавых палявых работ райкамам прафсаюза праводзяцца сумесныя рэйды з інжынерамі па ахове працы і спецыялістамі міжраённай інспекцыі працы. На кантролі  і пытанні стварэння належных бытавых умоў працаўнікам фермаў і механізатарам, забеспячэнне іх спецадзеннем, прадастаўленне транспарту для падвозу на  работу. Падчас напружаных палявых кампаній пастаянна трымаем на кантролі гарачае харчаванне механізатараў, у шэрагу таварыстваў наладжана трохразовае.

Пастаянна абнаўляецца  патэнцыял прафсаюзных кадраў пярвічных арганізацый. Прафсаюзныя работнікі і актывісты павышаюць свой агульнаадукацыйны ўзровень, для іх створана спецыяльная сістэма навучання, праводзяцца семінары. У арганізаваным абкамам прафсаюза злёце маладых спецыялістаў, які прайшоў у Ратамцы, прынялі ўдзел і прадстаўнікі сельгаставарыстваў нашага раёна. Нямала ўдзяляецца ўвагі інфармацыйнай рабоце і нагляднай агітацыі, прафсаюзныя стэнды ёсць у кожнай пярвічцы і пераважна ўсе запаўняюцца цікавай і разнастайнай інфармацыяй.

Прыярытэтны накірунак работы райкама - работа з моладдзю. У снежні мінулага года быў праведзены пленум раённага камітэта, на якім абмяркоўваліся пытанні паляпшэння ўмоў пражывання маладых людзей, быту і адпачынку, павышэння кваліфікацыі. За апошнія гады ў сельгаставарыствы прыехалі на працу па размеркаванні 164 маладыя спецыялісты, і большая палова з іх працуюць, а гэта значыць, што ў гаспадарках для моладзі створаны неблагія ўмовы. Добра пастаўлена работа ў ААТ "Радзіма Якуба Коласа", "Вялікі Двор", "Жацерава", "Дзераўное" і інш. Раённым камітэтам прафсаюза, прафсаюзнымі  арганізацыямі праводзіцца пэўная работа па паляпшэнні сацыяльнага становішча, прафесійнага станаўлення і развіцця творчага патэнцыялу маладых працаўнікоў. Арганізавана асобнае працоўнае спаборніцтва сярод моладзі, лепшыя работнікі адзначаюцца граматамі і грашовымі прэміямі. Традыцыйным стала правядзенне конкурсаў сярод маладых аператараў машынага даення "Лепшы па прафесіі". Малады вадзіцель з ААТ "Вялікі Двор" Аляксандр Еўтух прыняў эстафету ад сваіх калег і як прызёр спаборніцтва летась прымаў удзел у рэспубліканскім фестывалі-кірмашы "Дажынкі-2011".

Клуб васьмітысячнікаў правялі на базе ААТ "Радзіма Якуба Коласа". За высокія паказчыкі і прафесійнае майстэрства аператары машыннага даення атрымалі падзячныя пісьмы і каштоўныя падарункі абкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК. Пераходны прыз раённага камітэта прафсаюза, які заснаваны ў гонар Героя Сацыялістычнай Працы Зінаіды Ярашэвіч, быў па праву ўручаны калектыву МТФ "Пагарэлае".

Увайшло ў практыку правядзенне зімовых і летніх спартакіяд сумесна  з аддзелам па справах моладзі райвыканкама. Упершыню ў вобласці намі арганізаваны і прайшоў на самым высокім узроўні конкурс прыгажунь "Міс Стоўбцы-Аграпрам", а таксама конкурс сярод павароў сельскіх сталовых. На абласным конкурсе сярод маладых аратых і аператараў машыннага даення, які адбыўся ў Капылі, наш раён годна прадставіў механізатар ААТ "Шашкі" Дзяніс Цяўлоўскі. Ён стаў пераможцам. Прынялі ўдзел нашы спартсмены і ў пятай абласной спартакіядзе работнікаў аграпрамысловага комплексу, якая праходзіла на базе УА "Мар'інагорскі дзяржаўны ордэна "Знак Пашаны" аграрна-тэхнічны каледж". Штогод для актывістаў мы арганізоўваем экскурсійныя паездкі па гістарычных гарадах і мясцінах Беларусі, чарговую здзейснілі ў старажытны горад Ліду. Пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі сельгаспрадпрыемстваў таксама заахвочваюць сваіх работнікаў рознымі паездкамі. Члены прафсаюза ААТ "Вялікі Двор" пабывалі ў Пачаеўскай Лаўры (Украіна), МАВГУП "Стаўбцоўскі мясакамбінат" - у Мосары ("Беларускім Версалі"), ААТ "Стаўбцоўская ПМК"  здзейснілі экскурсійную паездку ў Віцебск, ААТ "Каганец" - на "Лінію Сталіна", ААТ "Дзераўное", Цэнтр павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў, ДУ "Стаўбцоўская райветстанцыя" і іншыя наведвалі цырк і сталічныя тэатры.

Райкамам, абкамам прафсаюза і пярвічнымі прафсаюзнымі арганізацыямі штогод аказваецца дапамога шматдзетным і малазабяспечаным сем'ям, а таксама да юбілеяў урачыста ўшаноўваюцца вядомыя ў раёне ветэраны сельскагаспадарчай вытворчасці, да Дня пажылых людзей выдзяляецца матэрыяльная дапамога былым супрацоўнікам.

У санаторыях паправілі здароўе 53 работнікі сельгаставарыстваў, у тым ліку 31 дзіця, у аздараўленчых лагерах адпачылі 540 школьнікаў. Не засталіся па-за ўвагай прафкамаў і навагоднія святы: дзеці атрымалі салодкія падарункі, а дарослыя - прадуктовыя наборы да святочнага стала.

Ролю, якая адведзена прафсаюзам у ажыццяўленні пастаўленых перад вяскоўцамі вытворчых задач і адраджэння вёскі, мы стараемся выконваць і будзем надалей праяўляць пастаянны клопат аб сельскіх працаўніках, абраняць іх інтарэсы.

Тамара КАЛОШЫЧ, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу