Сталі членамі БРСМ
Нумар - №26-28 Рубрыка - Моладзь Стаўбцоўшчыны
11.02.2012

ААТ "Вішнявецкі-агра" папаўняецца маладымі кадрамі.
У сельгаспрадпрыемстве першы ў новым годзе сход пярвічнай арганізацыі БРСМ быў не зусім звычайным. На ім прымалі ў сваю пярвічку новых членаў.
- Паступіла 15 заяў, усе кандыдаты праявілі сябе са станоўчага боку, усе варты быць членамі БРСМ, - адкрыла сход сакратар пярвічкі Юлія Ермаковіч.
Дзяўчаты і хлопцы, якія сабраліся ў вялікім кабінеце намесніка дырэктара прадпрыемства па ідэалагічнай рабоце, - у прыўзнятым настроі, крыху прыціхшыя ў чаканні падзеі. На прадпрыемстве пастараліся стварыць для іх урачыстую абстаноўку, у тым ліку запрасілі для ўручэння білетаў гасцей - начальнікаў аддзелаў ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Алену Санько і Анастасію Калодзінскую, а таксама старшыню Вішнявецкага сельвыканкама Ніну Гурыновіч.
І вось само ўручэнне білетаў, якое праходзіла з прадстаўленнем кожнага новага члена БРСМ. Адразу аб многім гаворыць тое, што некаторым з гэтых маладых людзей давераны на прадпрыемстве адказныя пасады кіраўнікоў. Напрыклад, з Мікалаем Клаўшуном, галоўным аграномам, мы ўжо знаёмыя - яго маладая сям'я прымала ўдзел у раённым конкурсе "Уладар сяла". А пра перадавога камбайнера Дзяніса Сухаверха не раз пісала наша газета. Усе, каму яшчэ быў уручаны білет члена БРСМ, несумненна, таксама праславяць сваю гаспадарку і раён. Сярод іх - механізатары і жывёлаводы, вадзіцелі і аператары машыннага даення, рабочыя і памочнік брыгадзіра, загадчык фермы.
Алена Санько пажадала маладым людзям быць прыкладам для іншых на рабочым месцы і ў грамадскай рабоце, заставацца такімі ж актыўнымі і няўрымслівымі. У гэтым, бясспрэчна, ім найлепшым чынам дапаможа членства ў БРСМ. "У арганізацыі 1126 маладых людзей раёна, аб'яднаных у 84 пярвічкі, - падкрэсліла Анастасія Калодзінская. - Моладзь працуе па такіх сучасных і цікавых напрамках, як валанцёрскі рух, другасная занятасць, арганізацыя вольнага часу, маладзёжны атрад аховы правапарадку, конкурсы прафмайстэрства і інш.". Ніна Гурыновіч выказала спадзяванне, што пярвічка ААТ "Вішнявецкі-агра", якая паказала сябе на суботніках і ў акцыях па навядзенні парадку, будзе адна з лепшых у раёне.
Адметна, што стары Новы год члены пярвічкі сустрэлі ў Брэсце, у рэзідэнцыі Дзеда Мароза і ў Белавежскай пушчы. Запамінальная для іх паездка дала магчымасць бліжэй пазнаёміцца і, хто ведае маладых ды нежанатых, - магчыма, яны створаць новыя сем'і. Прафінансавала паездку для сваіх "бээрсээмаўцаў" кіраўніцтва прадпрыемства. Мясцовы маладзёжны рух не стаіць на месцы і дзякуючы падтрымцы з боку намесніка дырэктара па ідэалогіі Ірыны Рачок і старшыні прафсаюзнага камітэта Аксаны Калкоўскай.
- Сёння ў складзе нашай пярвічкі 28 чалавек, і рэзервы не вычарпаны, - падкрэслівае лідар мясцовай моладзі Юлія Ермаковіч. Яна працуе інжынерам па ахове працы, толькі год, як вярнулася на малую радзіму пасля БАТУ маладым спецыялістам. Маладым - дарога і перспектыва.
НА ЗДЫМКУ: уручэнне членскіх білетаў БРСМ і кніг ад райвыканкама Анастасіяй Калодзінскай і Аленай Санько моладзі ААТ "Вішнявецкі-агра".






