І аб'ёмы, і абнаўленне – са свайго "мазаля"
Нумар - №29-33 Рубрыка - Прамысловасць
17.02.2012
Газіфікацыя многіх аб'ектаў, у тым ліку на такіх вядомых прадпрыемствах рэспублікі як агракамбінаты "Сноў", "Дзяржынскі", выканана іх даўнім партнёрам - ТАА "Стоўбцыгазбуд".
Тэрміны работ у газбудаўцаў - аптымальныя, якасць - правераная дзесяцігоддзямі. У снежні бягучага года калектыў Стоўбцыгазбуда адзначыць свой 30-гадовы юбілей. Два дзясяткі гадоў працуе ў арганізацыі яе сённяшні дырэктар Пётр Жыткоўскі, спецыяліст, які ўвогуле прысвяціў газавай гаспадарцы раёна 35 гадоў. Газіфікацыя на той час толькі пачыналася, акурат напрацоўваліся тэхналогіі. Сёння ў арганізацыі не толькі з тэхналогіямі ўсё ў поўным парадку, але і сувязі, кантакты з патэнцыяльнымі заказчыкамі наладжаны самыя цесныя і шырокія. Заказчыкі - з розных рэгіёнаў рэспублікі і, нярэдка, яны самі шукаюць гэтую арганізацыю.
Добра ведаюць Стоўбцыгазбуд і жыхары нашага раёна.
- Нядаўна завяршылі газіфікацыю Дзераўной, гэта каля 300 домаўладанняў, - расказвае дырэктар Пётр Жыткоўскі. - На гэтым няпростым аб'екце агульны кошт выкананых работ перавысіў 1 мільярд 300 мільёнаў рублёў. За разуменне не магу не выказаць падзяку вяскоўцам. Узнікалі нязручнасці, якія трэба было перацярпець. Складанасць заключалася і ў тым, што абставіны вымусілі мяняць праектнае рашэнне ў адносінах да 30 працэнтаў пракладзеных газаправодаў. Сёння праводзіцца карэкціроўка праектнага рашэння, вырабляецца камплект дакументацыі для здачы аб'екта ў эксплуатацыю. Здача яго запланавана ў лютым - сакавіку.
- Якія асноўныя вынікі 2011 года для калектыву газбудаўцаў?
- Год завяршыўся ўдала. Выкананы ўсе прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця прадпрыемства. Аб'ём будаўніча-мантажных работ склаў 13 мільярдаў 270 мільёнаў рублёў, або 198 працэнтаў да ўзроўню 2010 года. Хачу заўважыць, пры той жа колькасці працоўных. Аб'ём аказаных платных паслуг перасягнуў два мільярды рублёў. Чысты прыбытак пры рэнтабельнасці ў 6,8 працэнта склаў 286 мільёнаў рублёў (у 2010 годзе - 300 мільёнаў). Намі пабудавана 10 км стальных і 80 км поліэтыленавых газаправодаў, 2,68 км цепласетак. З 80-ці км поліэтыленавых газаправодаў 16,5 км - у нашым раёне. А так працавалі паўсюдна: у Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці, на Міншчыне - у Дзяржынскім, Капыльскім, Уздзенскім, Салігорскім, Пухавіцкім, Смалявіцкім, Лагойскім раёнах.
- Пётр Іванавіч, як пачаўся новы год?
- У сувязі са спецыфікай нашай работы кожны новы год заўсёды пачынаецца няпроста. Праграма газіфікацыі на 2012 год пакуль вярстаецца. Рыхтуецца план сацыяльна-эканамічнага развіцця прадпрыемства. Заключаюцца дагаворы з заказчыкамі. Але мы працягваем працаваць. У гэтай зімы быў лёгкі пачатак, падобны на восень. Мы яго выкарысталі вельмі плённа. За снежань праклалі ў населеных пунктах Мінскай вобласці каля 10 км поліэтыленавых газаправодаў! І цяпер вядзём работы, але з улікам пагодных умоў.
- За акном мяцеліца, мароз, а вашы людзі ў полі. Як падтрымліваеце, стымулюеце іх працу?
- Калектыў у нас у асноўным мужчынскі. Апошнім часам прыходзіць шмат моладзі. У студзені, напрыклад, нашы людзі знаходзяцца ў камандзіроўцы ў Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці, за 240 км ад Стоўбцаў, дзе вядзецца будаўніцтва стальнога газаправода. Кожны з работнікаў бачыць, як рэзка ўзраслі выдаткі, павялічыўся кошт паслуг пры амаль нязменных расцэнках на выкананыя намі работы. Каб атрымліваць дастойную заработную плату, трэба рабіць больш і якасней. Калектыў разумее, што яго лёс - у яго ж руках, і працуе добра. Выказваем усім работнікам удзячнасць і стараемся падтрымаць іх з дапамогай сацыяльных гарантый, прадугледжаных калектыўным дагаворам.
У нас многа добрых спецыялістаў: гэта галоўны інжынер Валерый Капяльян, галоўны механік Анатоль Каранкевіч, прарабы Аляксандр Пласкавіцкі, Васіль Верамейчык і Аляксандр Янушкевіч, электрагазазваршчыкі - Уладзімір Лукашоў, Аляксей Курыла, Сяргей Квяцінскі, Аляксандр Капяльян (зваршчык п/э газаправодаў), машыністы экскаватараў - Аляксандр Рыштоўскі, Яўген Жук, Аляксандр Радзечка, Сяргей Занько і Віктар Жукоўскі, мантажнікі - Вячаслаў Бараноўскі, Аляксандр Навумовіч і Аляксандр Кручок, вадзіцелі - Генадзь Нягоцька, Мікалай Паляшук, Віктар Крывель і Аляксандр Прывалаў, дэфектаскапіст з сумяшчэннем прафесіі вадзіцеля Сяргей Калоша. Эфектыўна працуюць вытворча-тэхнічны аддзел пад кіраўніцтвам Сяргея Бабко, бухгалтэрыя, якую ўзначальвае Наталля Каранкевіч.
- Куды ўкладваеце заробленыя сродкі?
- Выкарыстоўваем іх на выплату заработнай платы і падаткаў, набыццё матэрыялаў. Частку сродкаў кожны год стараемся ўкласці ў абнаўленне парку тэхнікі. Зношанасць яе - каля 60 працэнтаў. За апошні год набылі экскаватар і грузапасажырскі аўтамабіль, розныя сродкі малой механізацыі. А ўсяго за апошнія чатыры гады - восем адзінак тэхнікі. Не забывайце, што мы самастойна шукаем свае аб'ёмы і ўсё, чаго дасягаем, - са свайго "мазаля". Плануем абнаўляцца і сёлета. Паступова асучасніваем і нашы адміністрацыйна-бытавыя будынкі, добраўпарадкоўваем тэрыторыю.






