Гаспадар бульбяных палеткаў
Нумар - №29-33 Рубрыка - Сельская гаспадарка
17.02.2012
Механізатар ААТ "Рубяжэвічы" Анатолій Рамэйка летась чарговы раз выйшаў пераможцам раённага спаборніцтва на пасадцы бульбы. Варта дадаць, што на працягу доўгага часу ён не саступае лідарства ў данай намінацыі.
Гэтая прапашная культура займала ў гаспадарцы 135 гектараў, бо таварыства з'яўляецца адным з валаўтваральных у раёне па вырошчванні бульбы. Анатолій Вікенцьевіч адзін пасадзіў клубні на ўсёй адведзенай плошчы. У распараджэнні перадавіка трактар "Беларус-82". Дарэчы, вопытнаму і стараннаму механізатару давяраюць пасадку бульбы ўжо на працягу дзесяці гадоў, і ён заўсёды добрасумленна выконвае ўскладзеную на яго місію. І ва ўборцы бульбы Анатолій Рамэйка прымае ўдзел - завіхаецца на бульбаўборачным камбайне і працуе поплеч з калегам Сяргеем Кажамякам. Уносяць немалы ўклад у вырошчванне бульбы і механізатары Эдуард Неўмяржыцкі і Сяргей Карчагін.
Бульбе ў таварыстве заўжды ўдзялялі немалую ўвагу, таму што гаспадарка з'яўлялася элітгасам па яе вырошчванні. І цяпер кіраўніцтва стараецца набываць новыя перспектыўныя сарты з мэтай павелічэння ўраджайнасці. Высаджвалі ў мінулым годзе сем сартоў, з якіх пяць - нямецкай селекцыі.
Анатолій Рамэйка займаецца ў таварыстве не толькі бульбай, у яго распараджэнні размеркавальнік мінеральных угнаенняў "Альфа" і прэс-падборшчык. Вясною ён заняты на ўнясенні тукаў, а падчас касавіцы і жніва прасуе сена і салому.






