мобильная версия
Прамень

"Мы робім усё, каб ісці наперад"

Нумар - №29-33    Рубрыка - Жыццё. Улада. Чалавек

17.02.2012

Фотография 1

Паважаныя працаўнікі Стаўбцоўшчыны, шаноўныя госці!

Праляцеў яшчэ адзін працоўны год, і мы з вамі традыцыйна сустракаемся на добрым і шчырым свяце, свяце, што аб'ядноўвае людзей розных прафесій, якія любяць сваю справу і добрасумленна выконваюць свой прафесійны абавязак. Праца ўпрыгожвае чалавека, па працы і гонар - гаворыць народная мудрасць.

Сёння, калі мы падводзім вынікі мінулага года, можна з гонарам адзначыць, што раён дасягнуў значных поспехаў у сацыяльна-эканамічным развіцці. Уся інфраструктура раёна, якую мы сёння маем, створана клапатлівымі рукамі многіх пакаленняў стаўбчан. Дзякуючы вашым натруджаным рукам, стваральнай працы бацькоў і дзядоў сёння стабільна развіваюцца прадпрыемствы раёна, будуецца камфортнае жыллё, абслугоўваюцца дарогі, газіфікуюцца дамы, вырошчваецца хлеб, выпускаецца прадукцыя сельскай гаспадаркі. Дзякуючы настойлівасці і высокаму прафесійнаму майстэрству працаўнікоў раёна ў нас склалася стабільная сацыяльна-эканамічная і грамадска-палітычныя сітуацыя. Дасягнутыя вынікі - яркае пацвярджэнне таму, што Стаўбцоўшчына ўмее добра працаваць, а гэта не што іншае, як пацвярджэнне прызыву 4-га Усебеларускага народнага сходу - захаваць і павялічыць дасягнутае.

Мінулы год быў адзін з самых адказных, але ў той жа час і паспяховым. Няма ў эканоміцы такой сферы, для якой апошнія гады не сталі б экзаменам на трываласць. І сёння прыемна адзначыць, што працавітасць і адказнасць, майстэрства і прафесіяналізм, якімі валодаюць жыхары раёна, далі станоўчыя вынікі. Мы не спыніліся, не зрабілі кроку назад у сваім развіцці. Мы рухаемся наперад.

Наш раён выйшаў пераможцам у рэспубліканскім спаборніцтве сярод раёнаў Мінскай вобласці па ўзроўні  вытворчасці і на свяце "Дажынкі-2011" адзначаны Прэзідэнтам краіны за выдатныя дасягненні, высокія паказчыкі на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур. Гэты вынік - наша сумесная праца.

Хочацца падзякаваць сёння кіраўнікам  абласных структур, якія былі замацаваны за раёнам, за практычную і метадычную дапамогу, што аказана вамі ў рашэнні розных пытанняў і праблем.

Станоўчай дынамікай адзначана развіццё галіны жывёлагадоўлі, удзельная вага якога ў таварнай прадукцыі складае 57 працэнтаў. У апошнія гады многае рабілася па будаўніцтве, рэканструкцыі і мадэрнізацыі фермаў. Перадавікамі ў вытворчасці малака вось ужо шмат гадоў з'яўляюцца жывёлаводы ААТ "Вялікі Двор" і "Радзіма Якуба Коласа", ТАА "СЖК Налібакі". Радуе рост вытворчасці жывёлы і птушкі, які вырас на 871 тону да ўзроўню 2010 года.

Словы шчырай удзячнасці за працу хочацца сказаць Людміле Генадзьеўне Пукач (ААТ "Вішнявецкі-агра"), Дзмітрыю Міхайлавічу Саракачу (ААТ "Каганец"), Галіне Канстанцінаўне Шыбіцкай (ААТ "Радзіма Якуба Коласа") і многім іншым.

Сёння няма магчымасці назваць усіх вас, паважаныя жывёлаводы, заатэхнікі, ветэрынарныя ўрачы, брыгадзіры фермаў і тэхнікі-асемянатары, але адназначна, што вы з'яўляецеся нашым "залатым фондам" у сельскагаспадарчай галіне.

У агульную скарбонку добрых спраў сельскагаспадарчай галіны раёна ўносяць важкі ўклад працаўнікі райаграсэрвісу і аграпрамэнерга, Стаўбцоўскай ПМК, хлебапрыёмнага прадпрыемства і прадпрыемста меліярацыйных сістэм, ветэрынарнай і племянной станцый.

Не менш важнай задачай сёння з'яўляецца захаванне дзейнасці прамысловых прадпрыемстваў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі раёна, і іх умацаванне. Трэба адзначыць, што прамысловымі прадпрыемствамі раёна вядзецца планавая работа па замацаванні станоўчых тэндэнцый у эканоміцы і хуткім пераходзе на новы этап эканамічнага росту з мэтай дасягнення ўзроўню канкурэнтаздольнасці і эфектыўнасці прамысловай вытворчасці.

Вытворчасць прамысловай прадукцыі павялічылася на 198,8%, складае 257,2 млрд руб. Многае зроблена ў плане тэхнічнага пераўзбраення вытворчасцяў. Гэта рэалізацыя інвестпраекта на Стаўбцоўскім садавіна-агароднінным заводзе, цяпер ААТ "БелНатурПрадукт", абнаўленне асноўных вытворчых фондаў філіяла Мінскага маторнага завода, Стаўбцоўскага  мясакамбіната, ААТ "ТБЗ  "Нёман". Усяго за мінулы год на інвестыцыйныя мэты прадпрыемствамі ўсіх формаў уласнасці раёна накіравана 256 млрд руб. Валаўтваральным прадпрыемствам раёна  Стаўбцоўскім мясакамбінатам у мінулым годзе было выпушчана 64% усёй прамысловай прадукцыі раёна. Прадпрыемства актыўна развівае ўласную гандлёвую сетку - ужо функцыянуе восем гандлёвых кропак у раёне і дзве ў іншых  раёнах вобласці, удзельная вага экспарту складае 67%.

Вялікі ўклад у развіццё раёна кожны год уносіць самы вялікі калектыў раёна - філіял Мінскага маторнага завода. Стаўбцоўскім філіялам выпушчана прамысловай прадукцыі на 40,1 млрд руб., што на 226% больш, чым у 2010 годзе.

Хачу адзначыць і іншыя калектывы прамысловых прадпрыемстваў раёна, якія прыклалі нямала намаганняў, каб выканаць прагнозныя паказчыкі ў 2011 годзе. Гэта ААТ "ТБЗ "Нёман", ААТ "БелНатурПрадукт", ААТ "Стаўбцоўскі цагельны завод".

Сярод прадпрыемстваў сферы абслугоўвання хочацца адзначыць добрую работу калектываў Стаўбцоўскіх электрычных сетак, Стоўбцырайгаза, Стоўбцыгазбуда. Добрых вынікаў дасягнулі Стаўбцоўскі раённы вузел электрычнай сувязі, аўтапарк № 17.

У апошнія гады ў раёне актыўна развіваецца малы і сярэдні бізнес. Напрыклад, СЗАТ "Птушкафабрыка "Колас" дасягнула рэнтабельнасці продажу ў галіне птушкагадоўлі 15,6%. Прадпрыемства пачало экспарт сваёй прадукцыі ў Расійскую Федэрацыю.

Сёння Стаўбцоўшчына - гэта яшчэ і вялікая будаўнічая пляцоўка. Будаўнікі раёна ў 2011 годзе ўвялі ў эксплуатацыю 22,6 тыс. кв. м жылля. Слоў удзячнасці заслугоўваюць калектывы ПМК-233, Стаўбцоўскага РБУ, якія выканалі асноўны аб'ём работ па рэалізацыі праграмы жыллёвага будаўніцтва.

Работа ўстаноў адукацыі раёна накіравана на навучанне і выхаванне сапраўднага грамадзяніна сваёй Айчыны, працаўніка, патрыёта, сем'яніна. Мэтанакіраваная работа па забеспячэнні якаснай адукацыі штогод дае станоўчыя вынікі. У 2011/2012 навучальным годзе па выніках удзелу ў трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды вучні ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі заваявалі 21 дыплом па прадметах вучэбнага плана. 29 вучняў з'яўляюцца лаўрэатамі і стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы таленавітых вучняў і студэнтаў. Трынаццаць вучняў атрымліваюць стыпендыі райвыканкама і 16 педагогаў - даплаты.

На добрым рахунку ў вобласці і ўстановы аховы здароўя раёна. Трэба адзначыць, што агульная захваральнасць у раёне ў мінулым годзе знізілася. У цэнтральнай раённай бальніцы набыта новае медыцынскае абсталяванне на суму 480 млн руб., у тым ліку за сродкі мясцовага бюджэту - на суму 306 млн руб., набыты апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх, кардыястымулятар, аналізатар біяхімічны і іншае абсталяванне. А люстэрка работы арганізацый аховы здароўя - стан здароўя чалавека.

Мінулы год знамянальны і для працаўнікоў культуры. Вялікіх поспехаў дабіліся народны духавы аркестр "Віціны" Стаўбцоўскага РЦК, узорны духавы аркестр "Васількі" Стаўбцоўскай ДШМ, узорны харэаграфічны ансамбль "Лявоначкі", узорны аматарскі калектыў "Батлейка" Дзераўнянскай школы мастацтваў. 57 юных талентаў Стаўбцоўшчыны сталі лаўрэатамі і дыпламантамі міжнародных, рэспубліканскіх, абласных і рэгіянальных  фестываляў і конкурсаў.

Добрыя вынікі паказваюць і фізкультурна-спартыўныя арганізацыі раёна. Выхавальніца Дзераўнянскай ДЮСШ Марына Карніцкая-Даманцэвіч заваявала ліцэнзію на ўдзел у Алімпійскіх гульнях у Лондане ў марафонскім бегу, раённая  футбольная каманда "Нёман-агра" стала чэмпіёнам Мінскай вобласці ў 1-й лізе;  жаночая каманда па баскетболе - сярэбраны прызёр чэмпіянату вобласці. У скарбонцы спартсменаў шмат іншых перамог. Трэба адзначыць, што ініцыятыўная, энергічная, творчая моладзь нашага раёна ўносіць дастойны ўклад у эканамічнае, культурнае і духоўнае развіццё раёна.

Адным з асноўных напрамкаў дзейнасці райвыканкама было і застаецца забеспячэнне сацыяльнай падтрымкі грамадзян. За 2011 год аказана матэрыяльная дапамога 248 грамадзянам раёна на суму 41 млн руб., 45 шматдзетным сем'ям за сродкі раённага бюджэту выплачана 13,1 млн руб., назначана дзяржаўная адрасная дапамога 485 сем'ям на суму 233 млн руб. У раёне створаны 542 новыя рабочыя месцы. Узровень беспрацоўя склаў 0,5%.

Ацэнка грамадзянамі стану ў краіне, эфектыўнасці функцыянавання ўсёй сістэмы дзяржаўнага кіравання пачынаецца з мясцовых органаў улады. Са станоўчага боку хочацца адзначыць работу Засульскага, Вішнявецкага, Заямнаўскага сельвыканкамаў. Райвыканкамам, райсаветам удзяляецца вялікая ўвага паляпшэнню ўмоў жыцця вяскоўцаў, праводзіцца мэтанакіраваная работа па добраўпарадкаванні і паляпшэнні санітарнага стану населеных пунктаў.

Паважаныя працаўнікі раёна! Мінулы гаспадарчы год быў не просты. Але мы справіліся амаль з усімі пастаўленымі задачамі. Нас, жыхароў раёна, аб'ядноўвае імкненне зрабіць родны край багатым, моцным, працвітаючым. Сёння перад намі канкрэтныя задачы, якія мы абавязкова павінны выканаць, бо ад гэтага залежыць наш дабрабыт,  росквіт нашай незалежнай дзяржавы. Мы робім усё, каб ісці наперад.

Упэўнены, што сумеснымі намаганнямі мы зможам забяспечыць эканамічную  стабільнасць, неабходны жыццёвы ўзровень насельніцтва.

Наперадзе ў нас напружаная праца, новыя справы, якія па сіле работнікам прамысловасці, сельскай гаспадаркі, творчай інтэлігенцыі. Дзякуй усім за старанне, высокую адказнасць, прафесіяналізм, майстэрства.

Са святам, шаноўныя працаўнікі Стаўбцоўшчыны!

Уладзімір МІСЬКО, старшыня раённага выканаўчага камітэта