мобильная версия
Прамень

Пашана – урачам

Нумар - №29-33    Рубрыка - Медыцына

17.02.2012

На раённым свяце перадавікоў будуць ушаноўвацца і медыцынскія работнікі - загадчыца неўралагічнага аддзялення Людміла Яўсейчык, загадчыца дзіцячага аддзялення Святлана Пархоменка і медыцынская сястра аддзялення дзённага прабывання паліклінікі Наталля Васільева.

Ва ўсе часы лічылася, што прафесія медыка - ад Бога. І мала хто стане гэта аспрэчваць. Прафесія ўрача патрабуе не толькі высокага прафесіяналізму, ведаў, але і пастаяннага напружання сіл, вялікай адказнасці ў прыняцці рашэння, таму што яму даверана самае дарагое - жыццё пацыента.

Легенда калектыву медыкаў -урач-неўролаг Людміла Яўсейчык. Стаж яе работы складае 30 гадоў. Заўсёды, і асабліва ў апошні час, спецыялісты гэтага накірунку былі ў дэфіцыце ў райбальніцы. На Людмілу Францаўну ўскладваецца вялікая нагрузка. Аднак не бывае ліха без дабра. Такі рэжым работы дазволіў ёй набыць вопыт, стаць добрым доктарам. У райбальніцы яе паважліва называюць Францаўна. І гэтага дастаткова ўсім - і калегам, і пацыентам, каб ведаць, пра каго ідзе размова. Людміла Францаўна абслугоўвае стацыянарнае неўралагічнае аддзяленне райбальніцы і кансультуе пацыентаў з паліклінічнага прыёму. Рабочы дзень у яе настолькі напружаны, што без перабольшвання не застаецца свабоднай мінуты. На такіх спецыялістах, якія гатовы да самаахвярнасці, і трымаецца сёння медыцына.

У Святланы Пархоменкі, партрэт якой занесены на раённую Дошку гонару - 2012, пацыенты - дзеці. Патрэбна мець асаблівы склад характару, пэўныя ўменні, цярпенне, нават талент, каб быць дзіцячым доктарам. Урачэбны стаж у Святланы Віктараўны складае 15 гадоў, 10  з якіх яна ўзначальвае калектыў дзіцячага аддзялення райбальніцы. Неаднаразова медыцынскім работнікам гэтага аддзялення аддаваліся ўзнагароды ў ведамасным спаборніцтве, а само аддзяленне, арганізацыя прабывання і лячэння маленькіх пацыентаў даўно на слыху, як адзін з лепшых прыкладаў. Ды і сам калектыў падабраўся надзейны, згуртаваны, у чым немалая заслуга Святланы Пархоменкі.

Каго-каго, а Наталлю Васільеву добра ведаюць у твар пацыенты паліклінікі, каму даводзілася праходзіць лячэнне на дзённым стацыянары. Клопатаў у медыцынскай сястры на кожным дзяжурстве шмат - патрэбна выканаць усе працэдуры па назначэнні ўрача, пастаянна сачыць за самаадчуваннем пацыентаў, адным словам - быць на пасту. На дапамогу Наталлі Аркадзьеўне - любоў да сваёй прафесіі, 16-гадовы стаж работы і ўменне быць уважлівай, прыветнай да пацыентаў.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ