Прадстаўнік маторабудаўнікоў
Нумар - №29-33 Рубрыка - Прамысловасць
17.02.2012

Агульны стаж работы на філіяле маторнага завода ў Сяргея Яўсеенкі - 17 гадоў. Яго партрэт занесены сёлета на раённую Дошку гонару.
Сяргей працуе наладчыкам халодна-штамповачнага абсталявання ў адным з вядучых цэхаў завода - прэсава-гальванічным. Сваю работу ён ведае дасканала і, на шчасце, такія азначэнні ў назве прафесіі як "халодны", "штампоўка" не маюць і ценю ўплыву на яго асобу. З першых хвілін размовы відавочна, хто перад табой - чалавек творчы, не пазбаўлены таленту, нераўнадушны.
Сам родам з Салігорска, Сяргей калісьці закончыў школу з мастацкім ухілам. Праўда, спрабаваў паступаць у аўтадарожны тэхнікум у Бабруйск, ды не хапіла некалькі балаў. Бабуля Сяргея, якая жыве на Стаўбцоўшчыне, у вёсцы Залужжа, падказала ўнуку выйсце: "Не журыся! Недалёка, у Міры, адкрылася вучылішча рэстаўратараў. Прыязджай!"
Балазе, блізка - з Залужжа ён ездзіў на вучобу на веласіпедзе. Яшчэ займаўся штангай, лёгкай атлетыкай. Не правучыўся і года, як прызвалі ў армію. Служба праходзіла ў маляўнічых мясцінах недалёка ад Карэліі. Гэта была школа малодшых авіяцыйных спецыялістаў. Пасля яе пасталеўшы малады чалавек працягнуў сваю вучобу. Толькі час не стаіць на месцы: спецыяльнасць яго ўжо відазмянілася, так бы мовіць, абрасла сумежнымі прафесіямі сталяра і рэзчыка па дрэве.
І калі выпускнік вучылішча Сяргей Яўсеенка трапіў на работу ў дрэваапрацоўчы цэх філіяла маторнага завода, ён ужо умеў многае. На заводзе ён быў станочнікам, а ў свой вольны час мог без праблем змайстраваць на заказ стол або табурэтку, аздобіць дэкорам люстэрка.
Так склаліся абставіны, што адпрацаваў ён цэлую "пяцігодку" і ў ахове завода, а апошнія шэсць гадоў - наладчык у прэсава-гальванічным цэху. Вучыўся новай справе на месцы ў Аляксандра Кандраціна, Паўла Чаркаўскага. Але здзіўляе іншае - такая рэзкая перамена для рук: з дрэва, цёплага прыроднага матэрыялу, да халоднага металу! Ды не быў бы ён творчым удумлівым спецыялістам, каб не здолеў і тут спасцігнуць азы і тонкасці, арганічна ўлавіць вытворчы рытм і не зрабіць той самы метал падатлівым.
- Ведаю апрацоўку, тэхналогію дэталі, як яна штампуецца, - гаворыць Сяргей. - Галоўнае ў маёй рабоце - "даць устаноўку" прэсу на паўнавартасную, якасную дэталь.
У руках Сяргея Яўсеенкі - неабходны для гэтага набор ключоў, у вачах - жаданне зрабіць сваю работу талкова, акуратна. Яна няпростая (у асартыменце дэталяў, якія выпускаюцца на канвееры, каля 700 найменняў, пастаянна дадаюцца і новыя; летась асвоілі шэраг дэталяў для Нагінскага завода паліўнай апаратуры, сёлета - для рухавікоў стандарту еўра-3 і еўра-4), пад манатонны гул магутных прэсаў. Але ў тым ліку і ад яго намаганняў, прафесіяналізму залежыць вынік калектыву прэсава-гальванічнага цэха, які складаецца з 209-ці чалавек.
- Сяргей Яўсеенка адказны работнік у брыгадзе наладчыкаў, спецыяліст шырокага профілю, які ўмее наладзіць любую лінію і мае сваіх вучняў, яны ўжо самастойна працуюць, - заўважае начальнік цэха Уладзімір Радомскі. Старшыня прафсаюзнага камітэта Сяргей Сікорскі дадае сваё: "Сяргей неабыякавы да праблем завода. Яго мастацкі талент спатрэбіўся на конкурсе насценных газет Мінскага маторнага завода".
Сяргей Яўсеенка, як і кожны работнік завода, - часцінка вялікага калектыву. Вытворчыя планы напружаныя, іншым разам прыходзіцца працаваць звышурочна, але і заробак не стаіць на месцы. У студзені ён узняўся на заводзе на 20 працэнтаў. Кіраўніцтва клапоціцца, каб стварыць нармальныя ўмовы для працы і быту. Для захаванасці ў цэху цяпла ўстаноўлены шклопакеты, у планах - устанавіць яшчэ ралеты для стварэння своеасаблівага тамбура. Зразумела, каб ісці ў нагу з часам, на заводзе думаюць пра набыццё новых сучасных станкоў.
Кантралёрам у аўтаматным цэху працуе і жонка Сяргея Яўсеенкі. Работа ў абоіх пазменная, таму чаргуюцца, каб было каму адвесці меншага сына ў дзіцячы садок. Цяпер увесь яго вольны час аднімае будаўніцтва ўласнага дома. "Хоць да наваселля яшчэ далекавата, - прызнаецца галава сям'і, - нядаўна ўжо пераехалі ў свой дом". Клопатна, але і радасна, светла на душы.
НА ЗДЫМКУ: творчы наладчык Сяргей Яўсеенка.
Фота Васіля ЗЯНЬКО






