Шчыруюць на радзіме песняра
Нумар - №29-33 Рубрыка - Сельская гаспадарка
17.02.2012

Як і ў мінулыя гады, высокіх вынікаў у сельскагаспадарчай вытворчасці дасягнулі летась работнікі ААТ "Радзіма Якуба Коласа". Узначальвае адно з лепшых таварыстваў у раёне дырэктар Аляксандр Карнічэнка. Пяты год кіруе ён гаспадаркай, трэба сказаць, даволі ўдала. Аб гэтым сведчаць і паказчыкі. На ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана па 30,7 цэнтнера кармавых адзінак травяных кармоў, што на 1,3 вышэй за мінулагодні паказчык. Заклалі 14191 тону сенажу. Асабліва парупіліся ў гэтай справе механізатары Марат Берташ і вадзіцель Уладзімір Зялюкін.
Збожжавыя і зернебабовыя займалі ў таварыстве плошчу 1650 гектараў. Жніво правялі ў сціслыя тэрміны і, улічваючы ўмовы надвор'я, дабіліся неблагіх паказчыкаў - валавы збор у свірнавай вазе склаў 6395 тон. Адыграла станоўчую ролю супрацоўніцтва з навукоўцамі РУП "Інстытут аховы раслін". Бульбы накапалі па 275 цэнтнераў з гектара. Адгрузілі на Гарадзейскі цукровы завод 20 тысяч тон цукровых буракоў, пры ўраджайнасці 500 цэнтнераў салодкіх каранёў з гектара. Удалася кукуруза, упершыню яе атрымана па 548 цэнтнераў зялёнай масы на круг, закладзена каля 22 тысяч тон сіласу.
Лепшых вынікаў дабіліся камбайнеры Валерый Цвірка і Генадзь Янскі. Удзячных слоў за шчырую працу заслугоўваюць Яўген Матусік, Юрый Масель, Мікалай Ланкевіч, Алік Крывашэй, Сяргей Ланкевіч, Міхаіл Ванагель, Генадзій Рымашэўскі, Анатоль Ланкевіч, Іван Ажгірэвіч і іншыя, хто добрасумленна працаваў на працягу года на пасяўной і ўборачнай кампаніях, прымнажаючы здабыткі гаспадаркі.
Таварыства адно з буйных і прызнаных вытворцаў малака - на малочнатаварных фермах надоена 9395 тон і дасягнута самая высокая прыбаўка сярод гаспадарак раёна - больш за тысячу тон. Рэалізавана на перапрацоўчыя заводы звыш васьмі з паловай тысяч тон прадукцыі, пры высокай таварнасці. Па надоях малака ад каровы жывёлаводы трывала замацаваліся ў тройцы лідараў, атрымана па 7251 кілаграму. З году ў год у перадавіках калектыў МТФ "Пагарэлае" на чале з брыгадзірам, Героем Сацыялістычная Працы Зінаідай Пятроўнай Ярашэвіч. Работнікі фермы пастаянна нарошчваюць прадукцыйнасць жывёлы. Яны надаілі ад каровы па 9795 кілаграмаў, прыбавіўшы 585 кілаграмаў, і чарговы раз пацвердзілі званне наймацнейшых. Поспех абумовілі аператары машыннага даення Ніна Зяньковіч - прызнаны лідар у раёне, Зінаіда Ланкевіч, Святлана Нагорная, Лідзія Клундук, Марына Ус і Валянціна Семянкевіч, а таксама аператар па абслугоўванні малочнага статка Ігар Станкевіч. Трэці год, як у гаспадарцы пабудаваны і працуе сучасны малочнатаварны комплекс з даільнай залай. Паступова праводзіцца рэканструкцыя на іншых жывёлагадоўчых фермах, вынікі работы на якіх таксама высокія - усе жывёлаводы спрацавалі з прыбаўкай і перасягнулі сямітысячны рубеж.
Сярод пераможцаў раённага спаборніцтва ў жывёлагадоўчай галіне заатэхнік-селекцыянер Надзея Ярашэвіч, тэхнік-асемянатар Вячаслаў Супрун, брыгадзір МТФ "Жыгалкі" Тамара Зіновіч, аператар па вырошчванні рамонтных цялушак Галіна Шыбіцкая.
Фота Васіля ЗЯНЬКО






