Велікадворскія далягляды
Нумар - №29-33 Рубрыка - Сельская гаспадарка
17.02.2012


У раённым спаборніцтве працаўнікі ААТ "Вялікі Двор", на чале з дырэктарам, заслужаным работнікам сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Вольгай Луцык з году ў год займаюць лідзіруючыя пазіцыі па ўсіх вытворчых паказчыках. У таварыстве самая высокая эканамічная эфектыўнасць вядзення гаспадарчай дзейнасці. Дзякуючы ўмеламу кіраўніцтву Вольгі Аляксееўны гаспадарка набыла даволі высокі рэйтынг і ў рэспубліцы.
На малочнатаварных фермах пастаянна нарошчваецца вытворчасць малака.У параўнанні з пазалеташнім вынікам валавы надой павялічыўся на 668 тон і дасягнуў 6170 тон. У сярэднім ад каровы атрымана па 7796 кілаграмаў малака. Таварнасць склала 92,1 працэнта. І першае месца жывёлаводам малочнага цэха прысуджана па праву. Самы высокі паказчык дасягнуты на новай малочнатаварнай ферме "Вялікі Двор", якая ўведзена ў эксплуатацыю год назад. Аператары машыннага даення Наталля Хмель, Ірына Ціменка, Наталля Мяшок і Людміла Марзалюк надаілі ад каровы па 9459 кілаграмаў малака і занялі другое месца сярод малочнатаварных фермаў. Кіруе тут брыгадзір Андрэй Мяшок (на здымку справа). Па выніках работы папярэдняга года фотаздымак Андрэя Мікалаевіча быў занесены на раённую Дошку гонару. З высокімі паказчыкамі завяршылі год даяркі Тамара Мяшок (МТФ "Асіпаўшчына") і Жанна Марзалюк (МТФ "Падлессе"). Варта згадаць, што Тамара Васільеўна ўвайшла ў гісторыю раёна як першая дзесяцітысячніца.
Відавочны плён работнікаў комплексу па адкорме буйной рагатай жывёлы "Вялікі Двор". Жывёлаводы лепшыя не толькі ў раёне - па выніках работы за мінулы год вытворчае падраздзяленне трывала замацавалася на 24 месцы сярод 89 аднатыпных у рэспубліцы. Летась вырашчана 830 тон мяса пры сярэднясутачных прывагах жывёлы 822 грамы, што дазволіла чарговы раз стаць лідарамі. Узначальвае комплекс на працягу сямнаццаці гадоў брыгадзір Таццяна Харкова, а агульны стаж яе работы ў таварыстве складае чвэрць стагоддзя. Фотаздымак Таццяны Рыгораўны ўпрыгожвае раённы стэнд "Імі ганарыцца Стаўбцоўшчына". Сярод жывёлаводаў вылучаюцца Таццяна Пражэнік і Валерый Жылко, якія працуюць на адкорме і маюць сярэднясутачны паказчык па прывагах бычкоў 862 грамы. Добрасумленна шчыруюць руплівыя цялятніцы Наталля Харлап, Ірына Пячонава, Таццяна Ціменка, Наталля Жылко, Ірына Смецюх, Наталля Маісеева і Сняжана Лежанькова.
Ёсць чым пахваліцца і работнікам раслінаводчай галіны - дасягнута самая высокая ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых, цукровых буракоў, парадавалі кукуруза і азімы рапс. Усе механізатары ў таварыстве вопытныя і старанныя. Гэта Мікалай Тарабэш, Васіль Роўба, Сяргей Сенька, Васіль Сягай, Фінат Саітгарэеў, Уладзімір Пячонаў, Дзмітрый Гаўрык. Добрасумленна шчыруе вопытны вадзіцель Міхаіл Кірыкеш, а таксама маладыя Ігар Мядзведзь і Аляксандр Еўтух - пераможцы рэспубліканскага спаборніцтва, Міхаіл Муравейка, Рынат Саітгарэеў і Сяргей Каробка. Адным словам, з такімі работнікамі любая работа па сіле.
Фота Васіля ЗЯНЬКО






