Яскрава слова адгукнецца
Нумар - №29-33 Рубрыка - Адукацыя
17.02.2012

Настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 г. Стоўбцы Ірына Антонаўна Жыбуль прадстаўляе педагагічную вартасць не толькі свайго калектыву на раённай Дошцы гонару.
Як жа гартавалася майстэрства? Вядома, найперш вопыт. 30 гадоў педагагічнага стажу, з іх 26 - у школе-гімназіі. У раённым аддзеле адукацыі адзначаюць яе прафесіяналізм, высокі метадычны ўзровень правядзення заняткаў. Дабіваецца самастойнасці і абгрунтаванасці адказаў вучняў, вучыць працаваць з дадатковай літаратурай, шмат часу ўдзяляе займальным урокам. Вялікую ўвагу надае развіццю пазнавальных здольнасцяў вучняў: памяці, уяўленню, агульнаму мысленню, вуснай і пісьмовай мове.
За лаканічнымі радкамі характарыстыкі - захапляльныя ўрокі, якія абуджаюць цікавасць да прадметаў, што адкрываюць прасторы інтэлектуальнай, мастацкай спадчыны. Без яе ж, якім бы спецыялістам у іншай прафесійнай сферы не стаў, не будзе адчування агульнай культуры чалавека.
Усё ж відавочная найперш выніковасць працы. І можна канстатаваць, што вучні Ірыны Антонаўны штогод займаюць прызавыя месцы ў раённых і абласных алімпіядах, становяцца лаўрэатамі і на больш высокім узроўні. Так, Ірына Уласевіч два гады запар станавілася пераможцай рэспубліканскіх алімпіяд і атрымала дыплом трэцяй ступені на міжнароднай алімпіядзе "Расія - Беларусь". Ганна Ціток адзначана дыпломам другой ступені на ХV Беларускім маладзёжным эпісталярным конкурсе сачыненняў. Дыплом прызёра рэспубліканскай алімпіяды мае і Хрысціна Гамза. Яны гонар школы, радасць настаўніцы.
А да расказу пра Ірыну Антонаўну дададзім, што яна на працягу многіх гадоў з'яўляецца членам раённай камісіі па ацэнцы прадметных алімпіяд.
Фота Васіля ЗЯНЬКО






