мобильная версия
Прамень

Змена, якой ганарымся

Нумар - №29-33    Рубрыка - Прамысловасць

17.02.2012

Фотография 1

Па выніках вытворча-гаспадарчай дзейнасці Стаўбцоўскія электрычныя сеткі выходзілі пераможцам у першым і трэцім кварталах мінулага года ў сістэме Мінскэнерга.

Прадпрыемства абслугоўвае пяць раёнаў Мінскай вобласці, у яго калектыве працуе 621 чалавек. Практычна кожны трэці -  інжынерна-тэхнічны работнік. Прадпрыемства абслугоўвае 37,5 тысячы ўмоўных адзінак электрасетак, з іх ліній 0,4 кВ - 3470 км, 10 кВ - 3829 км, 35-330 кВ - 1084 км, а таксама 37 трансфарматарных падстанцый і падстанцый 35-220 кВ.

На чале гэтай аб'ёмнай і адказнай гаспадаркі стаіць вопытны спецыяліст Уладзімір Рублеўскі. Побач з ім - нямала граматных і адказных калег, якія працуюць у адной камандзе, дзеля агульнага выніку. Пацвярджэннем  служыць тое, што каманда службы ліній дастойна выступіла на рэспубліканскіх спаборніцтвах па прафесійным майстэрстве і заняла ганаровае другое месца.

У калектыве ёсць і свае перадавікі: электраслесар па рамонце электраабсталявання службы падстанцый Сяргей Сабалеўскі, электраманцёр па эксплуатацыі размеркавальных сетак РЭСа Аляксей Калошыч, галоўны інжынер РЭСа Валерый Куніцкі, электраманцёр аператыўна-выязной брыгады Васіль Кірык, інжынер службы рэлейнай аховы і аўтаматыкі Дзмітрый Керэль, намеснік начальніка службы ізаляцыі Міхаіл Русецкі. "Як правіла, свой вопыт і прафесійныя навыкі гэтыя работнікі перадаюць маладым, рыхтуюць дастойную змену", - падкрэсліў намеснік дырэктара прадпрыемства Віктар Крупа.

Сярод лепшых энергетыкаў быў названы і начальнік падстанцыі 220 кВ "Стоўбцы" Дзмітрый Трафімчык. Нароўні з высокімі дасягненнямі ў вытворчасці (яны залежаць ад узроўню рамонтаў і абслугоўвання падстанцыі, якая адносіцца да ліку асноўных), у сям'і Дзмітрыя здарылася вельмі неардынарная падзея - летась ён стаў бацькам, прычым адразу траіх дзяцей. У шчаслівага бацькі з'явілася шмат новых, але такіх прыемных клопатаў. Калегі ўпэўнены, што Дзмітрый з імі справіцца.

Работа з персаналам прадпрыемства ажыццяўляецца ў тым ліку і з дапамогай шматлікіх грамадскіх арганізацый і фарміраванняў. Так, у СЭСе дзейнічаюць прафсаюзная арганізацыя і маладзёжная пярвічка БРСМ, адна з самых актыўных і масавых у раёне, узначальвае яе ініцыятыўная Аксана Лабун. З ліку моладзі створана каманда вясёлых і знаходлівых "Кароткае замыканне", якая ўжо стала ўдзельніцай прэстыжных форумаў КВЗ рэспублікі. У энергетыкаў свая добраахвотная дружына правапарадку, ветэранская арганізацыя і інш. Прыносяць плён і спартыўныя традыцыі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ