"Без чалавечнасці не будзе вечнасці…"
Нумар - №34-35 Рубрыка - Прамая лінія
21.02.2012
На прамую лінію да старшыні райвыканкама паступіла 19 тэлефанаванняў, адно пытанне даслана па электроннай пошце.
Назва месяца гаворыць сама за сябе: люты. На вуліцы сапраўды сцюдзёна, стаіць марознае надвор'е. Бывала, ноччу тэмпература апускалася амаль да 33 градусаў ніжэй нуля. У раёне створана ўсё для працы ў моцныя маразы: у ЖКГ ёсць дзяжурныя брыгады, спецыялізаваныя машыны. Дзяжурныя службы стараюцца імгненна рэагаваць на надзвычайныя здарэнні, каб забяспечыць бесперабойную пастаўку цяпла ў жылыя дамы, сочаць за работай водазабеспячэння, каналізацыяй. Усе кацельні забяспечаны неабходным запасам паліва, у тым ліку і мясцовым. Але, на жаль, усё ж такі людзей турбуюць пытанні ацяплення. На прамую лінію паступіла 9 тэлефанаванняў аб тым, што ў кватэрах холадна.
Жыхары горада Стоўбцы (вуліцы Свярдлова, 39, Царука, 11, Калініна, 9, Энгельса, 1-а, Цэнтральная, 13), пасёлка Наваколасава (вуліца Спартыўная), вёскі Дзераўная (вул. Меліяратараў, 8) расказалі Уладзіміру Трафімавічу, што ў іх кватэрах тэмпература не падымаецца вышэй за 14 градусаў цяпла. Выклікалі супрацоўнікаў АКС, вымералі тэмпературу, але цяплей ад гэтага не стала.
Старшыня райвыканкама растлумачыў, што ў гарадскіх кватэрах холадна, таму што гэта ў асноўным дамы, якія пабудаваны даўно, зношаны цеплатрасы. Гэта амаль адзін мікрараён, але супрацоўнікі АКС пабудуць у кожным доме і зробяць усё магчымае, каб дапамагчы людзям у гэтай сітуацыі.
А вось у дамах па вуліцы Міру наадварот вельмі горача. Тэмпература ў кватэрах можа дасягаць 26 градусаў цяпла. А прычына ў тым, што на ўводзе і выхадзе сістэма разрэгулявана, таму тэмпература ў гэтых кропках аднолькавая. Будзем займацца пытаннем, прыводзіць тэмпературны рэжым у норму.
Настаўнік Літвенскай школы Цітовіч скардзіўся таксама, што холадна ў настаўніцкім доміку.
- Ваш дом прыватызаваны, заключайце дагавор з АКС на абслугоўванне, на пастаўку цяпла. Падыдзіце да качагараў. Няхай дырэктар школы пракантралюе іх работу, тады і ў хаце пацяплее.
Стараста вёскі Баханы звярнуўся да кіраўніка раёна, каб паспрыяў у рамонце дарогі і руху аўтобуса, гаварыў, што ў вёсцы цёмна: няма лямпачак.
- У Баханах, - растлумачыў Уладзімір Трафімавіч, - выкананы ўсе сацыяльныя стандарты: адна лямпачка гарыць на ўездзе ў вёску, другая - на выездзе. Каля магазіна няма лямпачкі, бо ён не працуе. Калі хто з жыхароў хоча, каб гарэла святло каля яго хаты, гэта магчыма зрабіць, але за кошт спажыўца. Наконт дарогі і руху аўтобусаў - мы з вамі дамовіліся яшчэ раней, што вы прыведзяце ў парадак участак на ўскраіне вёскі, каб аўтобус мог развярнуцца. Справа за вамі.
А. Мачоная (горад Стоўбцы, вуліца Свярдлова, 39):
- Мы не аднойчы падымалі пытанне наконт вентыляцыі, але яно не вырашана і сёння.
- Абавязкова выклічам супрацоўнікаў АКС і вырашым вашую праблему.
Ліцкоўскія з вёскі Новы Свержань:
- Паважаны Уладзімір Трафімавіч, дапамажыце разабрацца да канца з нашай кватэрай, якая знаходзіцца на балансе ў райаграсэрвісе.
- Я добра ведаю вашу гісторыю. Гэтае пытанне вазьму на кантроль. За тыдзень вашыя праблемы будуць вырашаны.
Старшыня кааператыва "Ліра-74" (вуліца Міру, 24) расказаў, што падрадчыкі некаторыя недахопы ў будаўніцтве дома ліквідавалі, але шмат яшчэ засталося недаробкаў.
- Ваш дом на гарантыі. Звяртайцеся ва УКБ горада Стоўбцы. Яны праводзяць дзяржаўны нагляд, і ўсе недахопы будуць выяўлены і адпраўлены на дапрацоўку вашым падрадчыкам (РБУ).
Жыхарка дома № 34 па вуліцы Савецкай прасіла дапамагчы з пытаннем асвятлення вуліцы. Шмат разоў звярталіся ў дыспетчарскую службу, а святло не гарыць.
- Разбяромся, чаму не выконваецца ваша заяўка. Святло на вуліцы будзе.
Жыхарка Стоўбцаў звярнулася да старшыні райвыканкама адразу з некалькімі пытаннямі:
- Уладзімір Трафімавіч, ці будзе адкрыты філіял банка ў раёне вакзала, напрыклад, у гасцініцы "Зара"?
- Адкрыем гасцініцу, тады і будзем вырашаць пытанне з адкрыццём філіяла банка.
- Ці будзе ў Стоўбцах свой малочны завод?
- Малочны завод быў прададзены, але сёння ў новых гаспадароў няма сродкаў на яго рэканструкцыю. Таму завод будзе ізноў выстаўляцца на продаж.
Іван Раманоўскі са Стоўбцаў патэлефанаваў на прамую лінію з пытаннем-скаргай аб тым, што прачытаў у раённай газеце "Прамень", што ёсць рашэнне райвыканкама аб забароне продажу віна ў гандлёвых кропках раёна, а "чарніла" прадаецца, напрыклад, у магазіне № 16 горада.
- Рашэнне райвыканкама сапраўды такое ёсць. Прадаваць так званае "чарніла" ў магазінах забаронена, а вось віно павышанай якасці можна прадаваць. Трэба паглядзець на этыкеткі. Увогуле, гэтае пытанне мы возьмем пад кантроль.
Жыхары вёсак Кнотаўшчына і Грабёнаўшчына прасілі, каб вярнулі ім фельчара. На што кіраўнік раёна запэўніў, што данае пытанне будзе разгледжана, і па меры магчымасці, як толькі будзе адзінка фельчара, то абавязкова яго накіруюць у іх вёскі.
Пытанне, якое паступіла па электроннай пошце (адрасат G-V-R-58@tut.by) наконт статуса вуліцы Лясной у вёсцы Задвор'е было перададзена старшыні райвыканкама. Уладзімір Трафімавіч даручыў архітэктурнай службе разабрацца з вашай праблемай. Адказ мы надрукуем па меры паступлення інфармацыі.
Малады спецыяліст з ААТ "Жацерава" прасіў даць адмацаванне з месца працы, каб яго адпусцілі з гаспадаркі. Уладзімір Місько растлумачыў, што малады спецыяліст абавязаны адпрацаваць два гады па размеркаванні, ці ў адваротным выпадку ён вымушаны будзе заплаціць за навучанне ўстанове, якую закончыў.
Амаль на кожную прамую лінію паступаюць тэлефанаванні не толькі з просьбамі, праблемамі, але, што вельмі прыемна, і са словамі падзякі кіраўніку раёна. На гэты раз паступіў тэлефонны званок ад Ванды Эдмундаўны Бычынскай з вёскі Ждановічы Засульскага сельсавета. Ванда Эдмундаўна дзякавала Уладзіміру Місько за аказаную дапамогу і плакала, на гэты раз, ад радасці. У яе сям'і здарылася бяда - згарэў дом. Не было дзе жыць. Але людзі не засталіся адны. Ім на дапамогу прыйшлі старшыня райвыканкама У. Місько, дырэктар ААТ "Каганец" Д. Захарчук, старшыня Засульскага сельвыканкама Т. Юнцэвіч. Сёння сям'я Бычынскіх жыве ў адноўленым утульным доме. Ванда Бычынская дасылае сваім "выратавальнікам" словы падзякі і нізкі паклон.
"Стаўбцоўшчына - наш агульны, прыгожы дом. І мы ўсе разам павінны рабіць жыццё яшчэ больш прыгожым, камфортным, ісці насустрач чалавеку. Трэба - значыць трэба прыйсці чалавеку на дапамогу, падтрымаць яго, аказаць садзейнічанне, увогуле, трэба быць больш чалавечнымі ўсім нам, паважаць адзін аднаго, тады і справы будуць вырашацца лягчэй. "Без чалавечнасці не будзе вечнасці", - зазначыў старшыня райвыканкама Уладзімір Місько.






