мобильная версия
Прамень

Гвардзейцы ААТ “Жацерава”

Нумар - №34-35    Рубрыка - Партрэт калектыву

21.02.2012

Фотография 1
Фотография 2
Фотография 3

Мужчынскі калектыў ААТ "Жацерава" налічвае 103 чалавекі. У кіруючы апарат уваходзяць дзесяць галоўных спецыялістаў і спецыялістаў сярэдняга звяна. На вытворчасці рупяцца 22 механізатары і сем вадзіцеляў. У мехмайстэрнях шчыруюць дванаццаць працаўнікоў і сем завіхаюцца ў паляводстве. Асноўны касцяк складаюць работнікі жывёлагадоўчай галіны - даглядчыкі жывёлы, слесары і вартаўнікі - 45 чалавек.

Званне заслужаных работнікаў гаспадаркі прысвоена механізатару Віктару Гоцкаму, вадзіцелю Івану Гілейшу, галоўнаму энергетыку Іосіфу Цярэшку, а  званне ганаровага работніка - механізатару Уладзіміру Марчыку.

м4

Сярод ардэнаносцаў Мечыслаў Курдун, які ўзнагароджаны ордэнамі Працоўнай Славы 2 і 3 ступені, былыя работнікі Аляксандр Лапкоўскі - ордэнам Працоўнай Славы 3 ступені, Казімір Абрамовіч - ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, Мар'ян Карніцкі  - ордэнам Пашаны.

За апошняе пяцігоддзе самым паспяховым для збожжавых і зернебабовых культур выдаўся 2008 год, тады намалацілі з кожнага гектара па 48 цэнтнераў у свірнавой вазе, атрымалі на круг па 35,5 цэнтнера насення рапсу. А для прапашных найбольш удалым стаў пазалеташні - цукровыя буракі аддзячылі 510 цэнтнерамі, а бульбы напакапалі па 285 цэнтнераў. Неблагім на паказчыкі можна лічыць і леташні год, на бала-гектар атрымалі па 104,4 кілаграма збожжа. Варта адзначыць, што ўраджайнасць усіх сельскагаспадарчых культур у таварыстве пастаянна стабільная.

м5

У мінулым годзе парадавала жывёлагадоўчая галіна. Работнікі малочнага цэха  упершыню ў гісторыі гаспадаркі перавысілі шасцітысячны надой малака ад каровы - атрымалі па 6128 кілаграмаў і прыбавілі 439 кілаграмаў. Таварнасць малака дасягнула 91,6 працэнта. У мясным цэху таксама справы ладзяцца - сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе буйной рагатай жывёлы склалі 608 грамаў. Дарэчы дадаць, што вытворчасць валавой прадукцыі ў супастаўных цэнах склала летась 104,7 працэнта, а ўзровень рэнтабельнасці ад усёй дзейнасці - 40,2 працэнта. Рэнтабельнасць продажу сельгаспрадукцыі дасягнула 25,5 працэнта. Па вышэйназваных паказчыках работнікі таварыства ў ліку лідараў сярод гаспадарак раёна.

м6 

Кіраўнік і камандзір

Пяты год узначальвае таварыства Іван Краўчук - адзін з маладых дырэктараў сельгаспрадпрыемстваў раёна. Іван Васільевіч скончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі па спецыяльнасці інжынер-механік. Зараз працягвае вучобу ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Задаткі кіраўніка праявіліся яшчэ падчас яго работы галоўным інжынерам у суседняй гаспадарцы ААТ "Агранёманскі", а па-сапраўднаму гэтыя здольнасці раскрыліся, калі яго абралі старшынёй. Мяркуючы па зробленым, сёння з упэўненасцю можна сказаць, што Іван Васільевіч - таленавіты кіраўнік. Вытворчыя справы ладзяцца, аб чым яскрава сведчаць паказчыкі. Прычым найпершая ўвага ўдзяляецца жывёлагадоўчай галіне. На фермах пастаянна вядуцца рэканструкцыі, што дазваляе ўкараняць новыя прагрэсіўныя тэхналогіі. Набываецца сучасная тэхніка, што спрыяе павелічэнню ўраджайнасці сельгаскультур. І ў сацыяльнай сферы адметныя зрухі. Пабудаваны аграгарадок, прычым у добраўпарадкаванне ўкладзены  немалыя сродкі таварыства. Вядзецца жыллёвае будаўніцтва, адчынены магазін, рэканструявана лазня ў Горках. На ўсіх фермах абсталяваны бытавыя памяшканні. І клопат аб людзях дае станоўчы плён. Работнікі шчыра працуюць, дабіваюцца высокіх вынікаў, а значыць, і заработную плату атрымліваюць адпаведна неблагую.

м7

А яшчэ Іван Васільевіч і камандзір атрада воінаў запасу ў сваім таварыстве - нешматлікага, але надзейнага -  ніколі не падвядуць. Адным словам, з такімі хлопцамі не толькі можна плённа працаваць, а і смела ісці ў разведку.  

Майстры машынна-трактарнага

Машынна-трактарны парк - аснова раслінаводчай галіны. Узначальвае гэты важны ўчастак галоўны інжынер Віктар Іванец. Разам з загадчыкам майстэрні Дзянісам Скачко спецыялісты здолелі на ўзроўні наладзіць работу ў майстэрні і навесці ідэальны парадак на тэрыторыі мехдвара. Гэта дазволіла летась заняць першае месца ў раённым конкурсе на лепшы машынны двор. Віктар Мікалаевіч працуе ў таварыстве дванаццаты год, пасля заканчэння БАТУ. А вось Дзяніс Сяргеевіч яшчэ малады спецыяліст. Пасля заканчэння  Мар'інагорскага сельскагаспадарчага каледжа адпрацаваў вызначаны тэрмін  і застаўся працаваць далей. Напрыканцы года атрымаў добраўпарадкаваны дом. Варта адзначыць, што маладыя спецыялісты затрымліваюцца ў таварыстве, бо ў гэтым зацікаўлена і кіраўніцтва, выдзяючы людзям жыллё і ствараючы спрыяльныя ўмовы для работы.

м8

У мехмайстэрні токарам шчыруе Іван Васілеўскі - майстар сваёй справы. Любую дэталь дапаможа вытачыць, дасць другое жыццё і старой.  Настаўнік у яго добры - бацька Франц Антонавіч, які шмат гадоў адпрацаваў токарам і перадаў навыкі прафесіі сыну.

Шчыруюць на палетках

На працягу не аднаго дзесяцігоддзя падбіраўся механізатарскі корпус.  І кожны яго работнік заслугоўвае слоў удзячнасці за плённае шчыраванне.

Сярод ветэранаў вытворчасці вылучаецца механізатар Уладзімір Марчык, які ўжо больш за трыццаць пяць гадоў завіхаецца на палетках таварыства. На сваім трактары "Беларус-952" выконвае літаральна ўсе палявыя работы. Падчас жніва, а мінулагодняя ўборачная чатырнаццатая па ліку ў яго працоўнай біяграфіі, садзіцца на камбайн і паказвае прыклад у рабоце маладым. Цяпер у яго распараджэнні высокапрадукцыйны "Лексіон", а пачынаў працаваць на "Бізоне". За сваю сумленную працу Уладзімір Міхайлавіч неаднаразова адзначаўся не толькі ў таварыстве, а і на раённым, абласным узроўнях. І па праву носіць званне "Ганаровы работнік гаспадаркі".

м9

Трыццацігадовы механізатарскі стаж маюць Пётр Краўчанка, Віктар Гоцкі і Уладзімір Капусцік. Пётр Ціханавіч прызнаны майстар у раёне на такой рабоце, як прасаванне сена і саломы. Пятнаццацігадовым хлапчуком прыйшоў ён на працу ў калгас і пасля службы ў арміі вярнуўся ў родную вёску. Віктар Віктаравіч асвоіў не толькі трактар, спраўна водзіць і спецмашыну "Раса". Практычна круглы год ён заняты на ўнясенні мінеральных угнаенняў. Уладзімір Уладзіміравіч шмат гадоў адпрацаваў на трактары, а апошні час рупіцца слесарам ў рамонтнай майстэрні. Дапамагае рамантаваць тэхніку і перадае накоплены багаты вопыт маладым. 

Не саступае моладзь

Самы тытулаваны з маладых механізатараў Ігар Рокаш. Ён пастаянна ў лідарах па намалотах, летась на яго рахунку было амаль паўтары тысячы тон. За дванаццаць гадоў навучыўся выконваць розную работу. Штогод прымае ўдзел у "зялёным жніве" і дабіваецца высокіх вынікаў.  Ігар Анатольевіч не толькі шчыры працаўнік, а і добры гаспадар. А таксама выдатны сем'янін, у вёсцы іх дом лічыцца ўзорным. Сям'я прымала ўдзел у маладзёжным праекце "Уладар сяла" і перамагла.

м10

У Вацлава Гераеўскага за пятнаццаць гадоў бесперапыннай работы таксама шмат працоўных перамог. І работа нялёгкая - з ранку да позняга вечара. Аднак ён знаходзіць час і для хатніх спраў. Пабудаваў свой дом, выхоўвае разам з жонкай траіх дзетак. Шматдзетная сям'я і ва Уладзіміра Ермакова. Уладзімір Міхайлавіч прыехаў у таварыства з Казахстана. Атрымаў жыллё з выгодамі і не ўступае ў працавітасці мясцовым хлопцам, якія нарадзіліся і выраслі на шчодрай жацераўскай зямлі. За параўнальна кароткі тэрмін паказаў сябе з самага лепшага боку. Ён адзін пасеяў летась збожжавыя. Падчас уборкі траў і кукурузы трамбаваў зялёную масу. Фотаздымак рупліўца  па выніках работы за мінулы год занесены на раённую Дошку гонару. Сяргей Бандаровіч водзіць па палетках магутны энерганасычаны "Беларус-3022" і ў асноўным заняты на ворыве глебы. Кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла дбайнаму працаўніку  новы дом. Напярэдадні свята ў яго нарадзілася трэцяе, жаданае дзіця - сын. Неўзабаве справіць наваселле і Яўген Гладкоў. Малады механізатар атрымаў і крэдыт на набыццё мэблі.

Добрасумленна працуе малады спецыяліст Аляксандр Якусік, які займае пасаду інжынера па працаёмкіх працэсах.

Працоўныя маршруты

Вадзіцельскі калектыў невялікі, але дружны. Сярод самых вопытных Іван Гілейша, Мікалай Дударэвіч і Мікалай Амельчыц. Не адно дзесяцігоддзе свайго жыцця яны аддалі рабоце. У напружаную ўборачную пару шчыруюць побач з камбайнерамі - адвозяць збожжа з поля, а падчас зялёнага жніва - зялёную масу. У астатні ж час выконваюць розныя транспартныя работы. Сярод маладых - Уладзімір Аўласін - былы воін-інтэрнацыяналіст.

м12

І ў вадзіцеляў пагрузчыкаў Генадзія Ярмака і Леаніда Кожыча работы хапае круглы год. Працаўнікі яны добрасумленныя, усе даручаныя работы выконваюць акуратна і своечасова, таму і даручаюць ім важныя ўчасткі. Агульны вадзіцельскі стаж Генадзія Віктаравіча і Леаніда Барысавіча налічвае па трыццаць гадоў.

Самы напружаны час - палявыя кампаніі, падчас якіх калегі звычайна заняты на пагрузцы арганічных угнаенняў. І заўсёды яны ў ліку перадавікоў раённага спаборніцтва.

м13

Уносяць свой пасільны ўклад у агульны поспех і паляводы. Некалі іх налічвалася даволі шмат, а цяпер практычна ўсе работы механізаваны. Аднак без гэтых работнікаў аніяк не абысціся. Яны заўсёды, так бы мовіць, на падхваце. Звыш дваццаці гадоў рупяцца Станіслаў Жосан і Зянон Маляўка.

Энергічны энергетык

Іосіф Цярэшка дваццаць гадоў займае пасаду галоўнага энергетыка, а агульны стаж работы ў таварыстве налічвае звыш трыццаці. Іосіф Мікалаевіч адзін са старэйшых у гэтай прафесіі ў раёне. Скончыў тэхнікум, служыў у марфлоце.

м11

У даручанай справе разбіраецца дасканала.  І ўсё у рабоце ў яго ладзіцца. Электраабсталяванне працуе нармальна. Любая непрадбачаная сітуацыя ліквідуецца на працягу лічанага часу. Сочыць Іосіф Мікалаевіч за электраабсталяваннем, стараецца выконваць праграму энергазберажэння. Паважаюць Іосіфа Цярэшку ў калектыве за шчырасць і добрасумленныя адносіны да работы. І цэняць за тое, што ніколі не адмовіць у дапамозе.

 

І на фермах - здатныя

Жывёлагадоўля - самая нялёгкая галіна ў сельскагаспадарчай вытворчасці. І людзі, якія працуюць на жывёлагадоўчых фермах, заслугоўваюць самых шчырых слоў удзячнасці за сваю штодзённую і напружаную работу. Абавязкі жывёлаводаў - зімою своечасова падвезці кармы і раздаць іх жывёле, а летам - выгнаць кароў на пашу і прасачыць за тым, каб больш з'елі травы. Тады і паказчыкі будуць вышэйшыя.

м14

На ферме "Савоні" амаль трыццаць гадоў завіхаецца даглядчыкам Сяргей Івашка. Гэтае вытворчае падраздзяленне з году ў год у прызёрах раённага спаборніцтва. Паспяховае шчыраванне і слесара Сяргея Стомы.  Больш за два дзесяцігоддзі рупяцца даглядчыкамі  на МТФ "Жацерава" Віктар Макаўчык і Анатоль Меляшкевіч, багаты стаж і ў Станіслава Кругліка. Вылучаюцца добрасумленнасцю Сяргей Люцер, Віталій Мілаванаў, Сяргей Запары. А самы тытулаваны - былы механізатар Мечыслаў Курдун - за шчыраванне на палетках быў адзначаны двума ордэнамі. І ў свае шэсцьдзясят пяць (на мінулым тыдні святкаваў жыццёвы юбілей) - бадзёры, поўны аптымізму. Зараз у яго распараджэнні пагрузчык. Жацераўская ферма адна з лепшых у таварыстве, і ў гэтым немалая заслуга ардэнаносца. Не займаць вопыту Юрыю Маскалёву і Юрыю Баранаву з МТФ "Горкі". Іх калегі Канстанцін Матовіч і Аляксей Сторажаў хоць і маюць небагаты стаж работы, але не адстаюць ад сваіх старэйшых таварышаў. На МТФ "Раёўшчына" Ігар Тарабэш, Мікалай Міхайлаў і Сяргей Шут прыйшлі на працу літаральна ў адзін час і сумленна адпрацавалі кожны па дзесяць гадоў.

Іх важкі ўклад

У вёсках сельсавета налічваецца 105 пенсіянераў, чацвёртая частка з якіх - пажылыя мужчыны. У свой час яны шчыра рупіліся на вытворчасці і ўнеслі важкі ўклад у развіццё гаспадаркі, якая заўжды была на лідзіруючых пазіцыях.

Былыя спецыялісты, механізатары, жывёлаводы, паляводы, вадзіцелі пражываюць ва ўсіх вёсках: у Савонях - Віктар Якаўлевіч Ярмак, Мікалай Міхайлавіч Лябедзька, Канстанцін Канстанцінавіч Галоўка;  у Горках - Міхаіл Аляксандравіч і Леанід Аляксандравіч Марчыкі, Міхаіл Іванавіч Машчыц, Генадзь Іосіфавіч Маркачэўскі, Аляксандр Мікалаевіч Камлёнак, Уладзімір Эдуардавіч Крыжаноўскі і Віктар Пятровіч Макаўчык; у Жацераве - Валянцін Пятровіч Гіраеўскі, Казімір Іосіфавіч Абрамовіч, Фабіян Антонавіч Саматыя і Рыгор Фядосавіч Канапліцкі; у Раёўшчыне - Адам Антонавіч Рокаш, Аляксандр Аляксандравіч Лапкоўскі, Васіль Іванавіч Ярмак, Яўген Аляксандравіч Сень, Антон Канстанцінавіч Ярмак і Уладзімір Пятровіч Ляўданскі.

Сённяшняе пакаленне пераняло эстафету старэйшага і годна трымае жацераўскую марку.

НА ЗДЫМКАХ: дырэктар Іван Краўчук; галоўны інжынер Віктар Іванец; слесар мехмайстэрні Уладзімір Капусцік; механізатар Уладзімір Ермакоў; жывёлаводы Сяргей Люцер, Вацлаў Гераеўскі, Аляксей Галалоб; жывёлаводы Станіслаў Круглік (на першым плане) і Анатоль Меляшкевіч; жывёлаводы Юрый Баранаў, Ігар Бескупеня, Руслан Каржэвіч, Міхаіл Саўген і Мікалай Арцюховіч; вадзіцель пагрузчыка Генадзь Ярмак; механізатар Уладзімір Марчык; механізатар Віктар Гоцкі; вадзіцелі Іван Гілейша і Часлаў Сідаровіч; кавалер двух ордэнаў  Працоўнай Славы, трактарыст Мечыслаў Курдун; галоўны энергетык Іосіф Цярэшка; жывёлаводы Мікалай Міхайлаў, Ігар Гаўрык, Віталій Атрушкевіч, Анатолій Гурын і Ігар Тарабэш.

Васіля ЗЯНЬКО

Надзея БАТАЛКА