мобильная версия
Прамень

Калі мужчынам дораць кветкі

Нумар - №34-35    Рубрыка - Людзі і лёсы

21.02.2012

Дзень 23 лютага - свята ўсенароднае. Вядома, яно найперш прафесійнае, для ўшанавання тых, хто служыць ва Узброеных Сілах. Але ж практычна кожны мужчына ганарыцца адпаведным воінскім званнем, якое ён атрымаў падчас выканання аднаго з галоўных сваіх канстытуцыйных абавязкаў. Хлопцы рыхтуюць сябе да дастойнай службы. І ў кожнай сям'і свая памяць.

Мой бацька Фёдар Сямёнавіч нарадзіўся 22 лютага. Дайшоў да Берліна. З узнагарод самая памятная - медаль "За перамогу над Германіяй" з выявай Вярхоўнага Галоўнакамандуючага і яго словамі: "Наше дело правое - мы победили".

Ведаю, што ў многіх сем'ях прыгадаюць заўтра за святочным сталом свайго бацьку, дзеда, прадзеда. Нікога з  пакалення саракавых гадоў не мінула вайна. Яна зачапіла сваім вогненным крылом, праверыла на трываласць духу і вернасць абавязку. Успомнім, паклонімся, ускладзём кветкі да магіл і абеліскаў. Пакуль памяць жывая, мы вартыя годнасці людзей.

Такія патрыятычныя святы дапамагаюць нашай моладзі глыбей пазнаёміцца з гісторыяй барацьбы беларускага народа за свабоду і незалежнасць. Мы набылі ад нашых мужных продкаў скарб, які ніхто і ніколі адабраць не зможа, - гэта любоў да Айчыны, пачуццё гонару за свой народ.

Асаблівая пашана ў гэтыя дні ветэранам. І сёння мы можам вучыцца ў іх стойкасці, жыццёваму аптымізму. Заўсёды вельмі рады сустрэчам і тэлефанаванням ад свайго школьнага настаўніка Васіля Мікалаевіча Шкляра. Партызанскі падрыўнік, мужны разведчык, і ў мірны час выдатны спецыяліст, чулы, і хаця трывожаць раны, знешне вясёлы, гумарны чалавек. Гэтак жа як і Мікалай Сцяпанавіч Багданкевіч, Барыс Сцяпанавіч Чыжык, Васіль Фаміч Радзіеўскі… Успамінаюцца тыя, каго няма ўжо сярод нас, іх намнога больш. Вечная ім памяць.

У нашай краіне вайсковая служба заўсёды была ў пашане. Салдацкія, афіцэрскія маці і жонкі ганарацца сваімі мужнымі, слаўнымі мужчынамі. І кожная жанчына ў назве гэтага лютаўскага свята выдзяляе слова "абаронца". Сапраўдны мужчына - той, хто не падвядзе, дапаможа, падставіць сваё вернае і моцнае плячо. Давайце ж будзем заўсёды адпавядаць свайму дадзенаму лёсам прызначэнню.

А ад вас, дарагія, чакаем таго, чаго мы заслужылі. "Франтавыя сто грам"? Падымем найперш за вас, за тое, каб былі вы заўсёды маладымі, прыгожымі, вясёлымі. Але ж і вядома: жанчыну можа ўзвялічыць яе мужчына.

І добрым словам заўсёды рады, і падарунку. Любому, калі ён ад усёй душы, ад сэрца, ад родных, каханых, знаёмых, каляжанак. І хто сказаў, што мужчын не радуюць кветкі, што ў іх загрубелыя, чэрствыя душы? Пасля развітання з халоднай зімой наступіць вясна, светлы сакавіцкі дзень, калі ўжо моцная палова будзе думаць, як найлепш выказаць свае пачуцці вам, цудоўным. Няхай жа ў плыні дзён найбольш будзе радасных, шчаслівых.

Фёдар БАНДАРОВІЧ