Кароткім радком
Нумар - №34-35 Рубрыка - Афіцыйна
21.02.2012

Больш за 50 тысяч чалавек наведалі ХІХ Мінскую міжнародную кніжную выстаўку-кірмаш. Аб гэтым паведаміла журналістам першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч. "Выстаўка-кірмаш пацвердзіла, што наша краіна чытаючая, і ідэя Прэзідэнта аб'явіць 2012 год у Беларусі іменна Годам кнігі знайшла жывы водгук у сэрцах суайчыннікаў", - адзначыла яна. Падчас кніжнага форуму праведзена больш за 600 мерапрыемстваў, у ліку якіх прэзентацыі кніг, круглыя сталы, семінары, сустрэчы з літаратарамі.
Дэвальвацыі беларускага рубля і скачка цэн больш не будзе. Аб гэтым заявіў 15 лютага кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Макей у час наведвання ААТ "Баранавічыхлебапрадукт" і сустрэчы з работнікамі прадпрыемства. "Дзяржава стараецца падтрымаць людзей, але гэта не значыць, што на выплату зарплат будуць укідвацца эмісійныя грошы. Мы ўжо навучаны горкім вопытам, - сказаў Уладзімір Макей. - Сярод шэрагу іншых прычын эмісійныя грошы ў тым ліку былі прычынай таго, што ў нас адбылася дэвальвацыя рубля і скачок цэн. Больш такога не будзе". Паводле слоў кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, "праблема зарплат і цэн будзе памаленьку адыходзіць". "Не трэба толькі скардзіцца: дапамажыце тым, гэтым, дайце скідку", - дадаў Уладзімір Макей. Ён расказаў, што цяпер Прэзідэнту паступае вельмі шмат просьбаў аб растэрміноўцы плацяжоў, розных ільготах. "Кіраўнік дзяржавы катэгарычна забараніў ісці на такія крокі. Грошы павінны быць зароблены", - падкрэсліў Уладзімір Макей. Ён адзначыў, што як бы ні было складана, дзяржава не кідае людзей.
Алена Ланская прадставіць Беларусь на міжнародным песенным конкурсе "Еўрабачанне-2012" у Баку (Азербайджан). У фінале тэлевізійнага музычнага праекта Белтэлерадыёкампаніі "Еўрафэст", які завяршыўся 14 лютага ў мінскім Палацы спорту, Алена Ланская выканала кампазіцыю All my life ("Усё маё жыццё"), яе аўтары Леанід Шырын і Юрый Вашчук. Заслужаная артыстка Беларусі Алена Ланская нарадзілася 7 верасня 1985 года ў Магілёве. Яна лаўрэат музычных конкурсаў "Сарандзеў-2008" (Балгарыя) і "Кубак Еўропы-2009" (Расія); пераможца Міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў папулярнай музыкі Atlantic Breeze-2010; лаўрэат конкурсу маладых музыкантаў "Маладыя таленты Беларусі" (Першы нацыянальны канал Беларускага радыё); лаўрэат І ступені конкурсу маладых выканаўцаў маладзёжнай песні V Міжнароднага фестывалю "Моладзь - за Саюзную дзяржаву" (Расія). У ліпені 2011 года на конкурсе маладых выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2011", які праходзіць у рамках міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", Алена заваявала Гран-пры. Выканаўца скончыла Магілёўскі фінансава-эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж па спецыяльнасці "Банкаўская справа", а таксама Магілёўскі Беларуска-расійскі ўніверсітэт, дзе асвоіла спецыяльнасць "Фінансы і крэдыт".






