Радзіма-маці – у сэрцы
Нумар - №34-35 Рубрыка - Людзі і лёсы
21.02.2012

У нашым горадзе многія ведаюць Сігізмунда Янцалевіча, свайго школьнага настаўніка па пачатковай ваеннай падрыхтоўцы. Заўсёды падцягнуты, з ваеннай выпраўкай, Сігізмунд Мечыслававіч на працягу чатырох дзясяткаў гадоў "сеяў" у сэрцах моладзі крохкае, знешне малапрыкметнае, але вельмі патрэбнае насенне -любоў да Радзімы, гатоўнасць пастаяць за яе, гонар за родны край і яго людзей.
...А што такое любіць сваю Айчыну? Асабіста для Сігізмунда Янцалевіча гэта зусім не высакамоўныя словы. У Вялікую Айчынную ён быў падлеткам. Вёска, адкуль родам, называлася Воўчае балота (сёння гэта Карэліцкі раён). Навокал цягнулася непраходная дрыгва, ваўкі вылі і падрываліся ў хлявы... Невыпадкова, што сярод багны і ўзнікла партызанская зона. У іх вёсцы размясціўся штаб. Пад яго Янцалевічы аддалі палову сваёй хаты, якая стаяла акурат на беразе Ушы.
- У Турцы, Ярэмічах, Міры - паліцаі, а нашая вёска - вольная, - успамінае Сігізмунд Мечыслававіч. - Даходзяць немцы да ракі, а далей ісці баяцца.
Памятаю, як пасылалі мяне ў разведку. Казалі, вазьмі веласіпед і паедзь пакатацца туды, да панскага маёнтка.
Ніхто з немцаў не звяртаў асаблівай увагі на хлопца з веласіпедам. А ён фактычна быў партызанскім сувязным. І так да канца вайны... З той пары засела ў яго падсвядомасці адно моцнае ўражанне - шчымлівая туга па сабаку, якога аднойчы камандзір застрэліў. Сабака быў разумны, адчуваў, вернецца партызан з задання ці не. Калі пачынаў выць, то даваў трывожны знак. Камандзір жа ўспрыняў яго як дурное прадвесце і вырашыў лепш пазбавіцца ад такога горкага вестуна.
Вайна ўвайшла ў Сігізмунда Янцалевіча на ўсё жыццё. Яшчэ будучы школьнікам ён пачаў збіраць матэрыялы па гісторыі партызанскага руху. У пошуках нястомна ездзіў па архівах, музеях. А калі ўжо працаваў настаўнікам, стварыў у школе № 2 у Стоўбцах музей. У яго экспазіцыі былі рарытэты ў выглядзе зброі, прадметаў салдацкага ўжытку, розных дакументаў, а таксама ўспаміны, у свой час уласнаручна напісаныя ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай па просьбе Сігізмунда Янцалевіча.
Сярод іх - Мірон Мацвеевіч Філонаў, Уладзімір Міхайлавіч Журыд, лейтэнант медслужбы Міхаіл Іванавіч Арцёменка... Цэлы школьны сшытак дробным почыркам застаўся ад Анатоля Іосіфавіча Гавароўскага. "Ветэран вайны Аляксандр Андрэевіч Пяткевіч калісьці працаваў у нас у школе, а з Георгіем Вісарыёнавічам Чакаліным я сябраваў, запрашаў яго да рабят на сустрэчы", - тлумачыць мой субяседнік, гартаючы пажаўцелыя ад часу папкі з унікальным матэрыялам. На жаль, пра тое, які гэта быў музей, прыходзіцца казаць цяпер у мінулым часе: у школе не хапала памяшканняў для вучэбных заняткаў, і таму прыйшлося вызваліць музейны пакой. Штосьці з тых унікальных матэрыялаў захоўваецца дома ў Сігізмунда Мечыслававіча.
Але не толькі з дапамогай музея ён выхоўваў многія пакаленні сваіх вучняў. Вось пад рукамі стары фотаздымак. Цэлы клас танкістаў! Рабяты сфатаграфаваліся разам са сваім настаўнікам пачатковай ваеннай падрыхтоўкі пасля агляду строю і песні. Ён, як чалавек ваенны, - у кіцелі, з пагонамі капітана. У жыцці Сігізмунд Янцалевіч закончыў інстытут фізкультуры, дзе была свая ваенная кафедра, а далей пастаянна ўдасканальваў свой узровень падчас збораў. Незадоўга да выхаду на пенсію былі сабраны ўсе дакументы для прадстаўлення яго да чарговага звання - маёр. Але якраз распаўся Савецкі Саюз, парушылася цэльная сістэма, і капітан так і застаўся капітанам. Затое нагрудны знак - "Выдатнік народнай асветы" знайшоў свайго героя.
- А як мы маршыравалі! - усклікае наш субяседнік і на вачах маладзее. - Якія цікавыя вечары рыхтавалі з дзецьмі! Даходзіла да таго, што класныя кіраўнікі спрачаліся, у чыім класе яны павінны прайсці. Наша другая стаўбцоўская школа славілася традыцыямі патрыятычнага выхавання. У 1974 годзе школа заняла першае месца ў Мінскай вобласці па абаронна-спартыўнай рабоце...
Стаўбчане памятаюць, як без Сігізмунда Янцалевіча і яго выхаванцаў не абыходзілася ў горадзе ніводнага шэсця ў Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці, на іншыя святы. Чаканячы крок, на вачах усяго горада, іх настаўнік дакладваў аб гатоўнасці да парада ваенкаму або старшыні райвыканкама. А потым, завяршаючы ўрачыстую частку, яны дарылі стаўбчанам цікавае відовішча.
- Стаіць у вачах велічная жывая скульптура "Радзіма-маці", што ўзвышалася над калонамі на грузавым аўтамабілі, - дапаўняе расказ верная спадарожніца настаўніка-капітана, яго жонка Марыя Аляксандраўна.
Па жыцці яны былі яшчэ і калегамі. З першых дзён адкрыцця СШ № 2 Марыя Аляксандраўна выкладала рускую мову і літаратуру. У іх поглядах на жыццё шмат агульнага. Нягледзячы ні на што, яны не растрацілі жыццялюбства і пачуцця гумару. Маюць неацэннае багацце - двух сыноў, пяцёра ўнукаў і ўжо дачакаліся двух праўнукаў. Як сапраўдны джэнтльмен, ваенны чалавек, Сігізмунд Мечыслававіч і ў свае 80 з "хвосцікам" застаецца дбайным гаспадаром. Любіць завіхацца на агародзе, сам, без нічыёй дапамогі, шчыруе над калекцыяй хатніх кветак. За ім і гаспадыня адчувае сябе як за каменнай сцяной.
НА ЗДЫМКУ: Радзіма пачынаецца з сям'і...
Фота Васіля ЗЯНЬКО






