Шчырая праца – выдатнае свята
Нумар - №34-35 Рубрыка - Жыццё. Улада. Чалавек
21.02.2012



Раённыя святы працы - выдатная традыцыя. Прытым цяпер яны штогод ладзяцца двойчы. У лістападзе да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці ўрачыста ўшанавалі гвардзейцаў палёў - тых, хто вырасціў багаты ўраджай, а таксама шчыраваў на іншых важных вытворчых участках аграпрама. І ў лютым, калі падведзены вынікі мінулага года, вызначаны пераможцы працоўнага саперніцтва ў розных галінах народнай гаспадаркі. Гэта самы час адрасаваць ім добрыя словы.
Зала раённага Цэнтра культуры запоўнена. Гукі музыкі, і на экране - кадры відэанарыса. Абрысы райцэнтра, аграгарадкоў, усе прысутныя, здаецца, трапляюць у размераны рытм працоўных будняў. Яны - прадстаўнікі калектываў, якія вылучылі іх да ўдзелу ў Свяце працы. І ў прызнанні іх найлепшымі - заслуга калектываў. Але, безумоўна, кожнаму з адзначаных уласцівы майстэрства, творчасць, настойлівасць. Па працы і гонар!
Хлебны каравай - сімвал дабрабыту, дастатку, здабытага плённай працай умелых рук. І ён уручаецца Гаспадару, кіраўніку раёна, прызнанага на рэспубліканскім свяце "Дажынкі-2011" пераможцам сярод раёнаў Мінскай вобласці. Старшыня райвыканкама У. Т. Місько шчыра віншуе ўсіх са святам, выказвае словы сардэчнай удзячнасці за працу хлебаробам, жывёлаводам, кіраўнікам гаспадарак. А таксама працаўнікам прамысловых прадпрыемстваў, будаўніцтва, сферы абслугоўвання, адукацыі, медыцыны, іншых галін народнай гаспадаркі.
У зале не змаўкаюць апладысменты. Шчырае вітанне тым, чые фотаздымкі занесены на раённую Дошку гонару, хто ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі, каму аб'яўлены падзякі за добрасумленную працу.
Урачыстасць працягваецца. У гонар пераможцаў гучаць песні, выконваюцца музычныя і танцавальныя нумары. Новых поспехаў стаўбчанам жадаюць дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь І. М. Багатка, генеральны дырэктар абласнога лесагаспадарчага аб'яднання С. М. Мацюшэўскі, намеснік старшыні абкама прафсаюза работнікаў аграпрама А. С. Кічко, намеснік старшыні ГА "Белая Русь" С. Ю. Пігараў. Шчырыя віншаванні ад прадстаўнікоў суседніх раёнаў - Валожынскага, Дзяржынскага, Карэліцкага, Нясвіжскага, Уздзенскага, ад адміністрацыі Кастрычніцкага раёна горада Мінска, з якімі ў нас сяброўскія сувязі. Святар айцец Георгій прамаўляе благаславенне чалавеку працы.
Урачыстую атмасферу падтрымлівалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Стаўбцоўшчыны і нашы госці - спевакі са сталіцы. Калі шчыра працаваць, то і добра святкаваць.
Васіль ЗЯНЬКО (фота)






