За здаровы лад жыцця

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

2m

ПА ЗАКОНАХ СПАРТЫЎНАЙ БАРАЦЬБЫ

23-га лютага, у Дзень абаронцаў Айчыны, прайшла таварыская гульня па міні-футболе паміж вучнямі ДУА «Сярэдняя школа № 3 г. Стоўбцы» і супрацоўнікамі райаддзела міліцыі. Спартыўная сустрэча была арганізавана на базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў рамках рэспубліканскай міжведамаснай акцыі «Дружым з Законам!».

Гульня працякала вельмі дынамічна. Футбалісты абедзвюх камандаў паказалі добрую тэхніку і хуткасць, кожная з іх з усіх сіл старалася адваяваць у саперніка перамогу. Юныя футбалісты гулялі самааддана, як сапраўдныя прафесіяналы. А стымулам для іх была актыўная група балельшчыкаў.

Матч завяршыўся з лікам 7:4 на карысць супрацоўнікаў райаддзела міліцыі. Аднак школьнікі ўспрынялі такі вынік са спартыўным азартам: яны паабяцалі праводзіць рэгулярныя трэніроўкі і ўзяць рэванш падчас адной з наступных гульняў.

Арганізатары сустрэчы адзначылі, што падобныя мерапрыемствы павінны сапраўды стаць пастаяннымі, таму што дораць удзельнікам станоўчыя эмоцыі і радасць зносін, выхоўваюць сілу волі і вучаць жыць па актуальных законах – здаровага ладу жыцця, здаровага сэнсу і чалавечай маралі.

Яўгенія СЛЕСАРЧЫК, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму     

 

Забяспечыць санітарна-эпідэміялагічны дабрабыт

У выніку работы па захаванні і ўмацаванні здароўя насельніцтва нашага раёна ў мінулым годзе санітарная і эпідэміялагічная абстаноўка заставалася стабільнай і кіруемай. З 33 інфекцыйных захворванняў, якія належаць уліку, не рэгістраваліся 24. Паказчык інфекцыйнай і паразітарнай захваральнасці захаваўся на ўзроўні 2014 года. Са станоўчага боку патрэбна адзначыць зніжэнне ў 1,3 раза ў параўнанні з папярэднім годам смяротнасці ад інфекцыйных захворванняў. Першачарговая ўвага надавалася папярэджанню такіх значных інфекцыйных захворванняў, як туберкулёз, рэспіраторныя інфекцыі і грып, ВІЧ-інфекцыя, вірусныя гепатыты. Адзначана зніжэнне захваральнасці па туберкулёзе ў параўнанні з 2014 годам на 45 працэнтаў. Улічваючы высокую ўдзельную вагу працаздольнага насельніцтва з ліку асоб, якія захварэлі на туберкулёз, на жорсткім кантролі знаходзілася праходжанне медаглядаў працаўнікамі, асабліва аграпрамысловага комплексу. У сувязі з нясвоечасовым праходжаннем медагляду ад работы былі адхілены 80 чалавек, прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці сем службовых асоб. На належным узроўні гэтая работа была арганізавана ў ААТ «Каганец», ААТ «Аграбудфірма ПМК-74 – Налібакі», на філіяле «Аталезь-агра», нездавальняюча – у ААТ «Шашкі», ААТ «Агранёманскі».

Вельмі важна завастрыць увагу на неабходнасці флюараграфічнага даследавання як ранняга спосабу выяўлення туберкулёзу. У прафілактыцы гэтага захворвання вялікае значэнне мае лад жыцця, таму неабходна адмовіцца ад курэння, не злоўжываць алкаголем.

Сумесна з цэнтральнай раённай бальніцай праводзілася работа па прафілактыцы рэспіраторных інфекцый і грыпу, на якія штогод хварэе 30 працэнтаў насельніцтва. Акцэнт быў зроблены на вакцынацыю, як найбольш эфектыўную і эканамічна апраўданую меру прафілактыкі. Правакцынаваны ад грыпу 16134 чалавекі, ці 40,4 працэнта насельніцтва раёна.

У справаздачным годзе была працягнута работа па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі, актыўным выяўленні ВІЧ-інфіцыраваных. Зарэгістраваны чатыры выпадкі. Засмучае той факт, што гэта маладыя людзі працаздольнага ўзросту. Да інфіцыравання іх прывялі рызыкоўныя паводзіны – выпадковыя палавыя кантакты і ўнутрывеннае ўвядзенне наркотыкаў. Таму адна з асноўных задач на 2016 год – у працэсе асветніцкай работы пашырыць веды людзей аб ВІЧ-інфекцыі і яе выніках.

Прыярытэтнай застаецца ў цесным узаемадзеянні з іншымі службамі работа па зніжэнні такіх негатыўных фактараў, як курэнне, ужыванне алкаголю, наркотыкаў. Аналіз паказвае, што ад такой работы ёсць плён. Даныя апытання працаўнікоў філіяла Мінскага маторнага завода засвядчаюць, што колькасць тых, хто курыць, знізілася з 38 працэнтаў у 2014 годзе да 26 працэнтаў у 2015 годзе.

Стабільнай на працягу апошніх гадоў застаецца якасць пітной вады па мікрабіялагічных і санітарна-хімічных паказчыках. У 2015 годзе нестандартных проб водаправоднай пітной вады не было. Разам з тым, 11 працэнтаў проб вады з артэзіянскіх свідравін і 22 працэнты з шахтавых калодзежаў не адпавядалі стандартам па хімічных паказчыках. Плануецца будаўніцтва станцый абезжалезвання пітной вады. У першую чаргу гэтае пытанне будзе вырашацца ў аграгарадках Вішнявец, Рубяжэвічы, Налібакі, Горкі, дзе канцэнтрацыя жалеза ў вадзе перасягае нарматыў больш чым у 3,5 раза. Да вырашэння гэтай праблемы насельніцтву рэкамендавана карыстацца вадой у бутэльках, а таксама скарыстоўваць бытавыя фільтры. Насельніцтва нашага раёна шырока выкарыстоўвае калодзежную ваду. Для захавання яе якасці студні павінны своечасова рамантавацца, чысціцца і дэзынфіцыравацца.

У 2015 годзе праводзілася актыўная работа па паляпшэнні гандлёвага абслугоўвання жыхароў раёна, прывядзенні ў парадак аб’ектаў грамадскага харчавання. У структуры парушэнняў зніжаецца ўдзельная вага парушэнняў тэмпературнага рэжыму рэалізацыі і захоўвання харчовых прадуктаў, а таксама парушэнняў правілаў рэалізацыі прадукцыі без дакументаў, якія пацвярджаюць іх якасць і бяспеку. У мінулым годзе з рэалізацыі было знята 175 кілаграмаў пратэрмінаванай прадукцыі.

У 2015 годзе была праведзена работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы аб’ектаў гандлю райспажыўтаварыства. Падведзена вада да магазінаў № 23 у райцэнтры і ў вёсцы Залужжа. Вадой цяпер забяспечана 37 магазінаў з 41. З 85 да 91 працэнта павялічылася ўдзельная вага магазінаў, якія забяспечаны гарачай вадой.

Належная ўвага надавалася здароўю дзяцей. У аздараўленчым лагеры «Нёман» аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама заменена траўманебяспечная тратуарная плітка, на харчблоку даабсталявана механічная вентыляцыя, часткова заменена плітка на падлозе, для прыгатавання дыетычных страў набыта параканвекцыйная печ, цалкам заменены ложкі.

У 2016 годзе будзе працягнута работа па стварэнні здароўезберагальнага асяроддзя ў школах і дзіцячых садах.

Важным раздзелам застаецца работа па навядзенні парадку на зямлі. Па фактах безгаспадарчасці выдадзена 461 прадпісанне і 1300 пісьмовых папярэджанняў, у сувязі з іх невыкананнем накладзена 145 штрафаў на суму больш за 190 мільёнаў рублёў. За антысанітарны стан прыпынялася дзейнасць васьмі аб’ектаў. Даны накірунак работы будзе актуальным і ў бягучым годзе, які аб’яўлены Годам культуры. Заклікаю ўсіх жыхароў раёна ўключыцца ў гэтую работу, бо толькі агульнымі намаганнямі нам па сіле зрабіць Стаўбцоўшчыну самым чыстым і ўтульным месцам для жыцця і працы.

Вынікам рэалізацыі мерапрыемстваў па паляпшэнні ўмоў працы стала далейшае скарачэнне рабочых месцаў, якія не адпавядаюць гігіенічным нарматывам па шуме, да 33 працэнтаў, па пыле – да 12 працэнтаў, асветленасці – да 1,4 працэнта. Са станоўчага боку патрэбна адзначыць паляпшэнне санітарнага стану дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў раёна. Рэалізацыя зацверджанага старшынёю райвыканкама плана дазволіла падняць узровень культуры вытворчасці на даных аб’ектах, палепшыць санітарны стан тэрыторый, вытворчых памяшканняў у ААТ «МідасПлюс», ААТ «БорЛесПром» і іншых.

У цэлым у 2015 годзе з мэтай забеспячэння санітарнага і эпідэмічнага дабрабыту выдадзена больш за 2500 прадпісанняў, за іх невыкананне накладзена 350 штрафаў на суму 570 мільёнаў рублёў. Па прычыне грубых парушэнняў прыпынялася дзейнасць 39 аб’ектаў, шэсць матэрыялаў накіраваны ў раённы суд. Ад работы часова адхілялі 138 працаўнікоў, якія груба парушылі патрабаванні заканадаўства.

Ігар КУНЦЭВІЧ,галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Стаўбцоўскага раёна

 

ПЕРАМАГЧЫ НАРКАМАНІЮ

1 сакавіка праходзіў міжнародны дзень барацьбы з наркаманіяй і наркабізнесам.

Сёння наркаманія наўрад ці мінула якую краіну свету, стала праблемай. Сучасныя наркатычныя сродкі здольны сфарміраваць залежнасць літаральна за некалькі прыёмаў. Найбольшае распаўсюджанне сярод моладзі атрымалі спайсы. Гэтыя курыльныя сумесі ўтрымліваюць травы, якія для наркатычнага эфекту апрацоўваюць хімічнымі рэчывамі. Дзеянне іх на арганізм чалавека падобна эфекту, што выклікаецца ўжываннем марыхуаны. Стала зразумелым, што спайс – сінтэтычны моцнадзейны наркотык, які наносіць непапраўную шкоду псіхічнаму і фізічнаму здароўю чалавека. Дзеянне гэтага наркотыку ў 5-10 разоў мацнейшае, чым раслінных прэпаратаў, якія ўтрымліваюць у сваім саставе наркатычныя рэчывы.

Спажыўцы спайсу маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем. У такіх людзей церпяць органы сістэмы кровазвароту, дыхання, галаўны мозг, узнікаюць захворванні печані, нырак, парушаецца рэпрадуктыўная функцыя і інш. Курэнне спайсаў можа прывесці да развіцця раку поласці рота, гарляка, глоткі, лёгкіх. Пры ўжыванні курыльных сумесяў могуць развівацца сутаргі, страта прытомнасці, каматозны стан, якія прыводзяць да смерці.

Чалавек, які курыць спайс, губляе сувязь з рэальнасцю. Пад уплывам наркотыку ён робіць некіруемыя і аднатыпныя дзеянні. Напрыклад, ходзіць кругамі ці ўвесь час ляжыць, натыкаецца на прадметы, падае, б’ецца ў прыпадках. Ён не адчувае болю, у яго адключаецца пачуццё самазахавання. Пры ўжыванні курыльнай сумесі ўзнікае пачуццё эйфарыі, зацяжны беспрычынны смех, могуць быць тактыльныя і зрокавыя галюцынацыі. Бываюць выпадкі, калі чалавек, які пакурыў спайс, упадае ў стан некантралюемага панічнага страху і ў спробе пазбавіцца ад яго ўчыняе суіцыд. Псля заканчэння дзеяння спайсу назіраецца дрэннае самаадчуванне, чалавек упадае ў падаўлены, дэпрэсіўны стан, становіцца раздражняльным.

Існуе рад прыкмет, па якіх можна здагадацца пра ўжыванне спайсу. У тых, хто паспрабаваў гэтага зелля, пашыраны ці звужаны зрэнкі, пачырванелыя вочы, бледная скура, хрыплы голас, цяжкі «травяны» пах ад адзення. Яны скардзяцца на сухасць у роце, смагу. Размова блытаная, затарможана мысленне, зніжана памяць. Рэзка мяняецца настрой, могуць быць прыступы смеху, павышаюцца рухальная актыўнасць, парушаецца каардынацыя, становіцца дрэнным сон.

Калі вы заўважылі падобныя прыкметы ў блізкага ці знаёмага чалавека, пераканайце яго звярнуцца да ўрача (псіхіятра-нарколага ці псіхолага), які можа аказаць неабходную дапамогу. Самастойна з гэтай хваробай не справіцца!

Наркаманія ўяўляе пагрозу не толькі для жыцця і здароўя асобнага чалавека, але і для ўсяго грамадства. Большасць наркаманаў беспрацоўныя, і сярод іх высокія захваральнасць і смяротнасць. Акрамя таго, што наркаманіяпрыводзіць да фізічнай, маральнай і сацыяльнай дэградацыі асобы, яна штурхае людзей на злачынствы.

Спайс – забаронены наркотык, што разбурыў не адно жыццё. За распаўсюджанне спайсаў прадугледжана крымінальная адказнасць, якая наступае з 14-гадовага ўзросту. Тэрмін за ўчыненне такога злачынства – ад 8 да 25 гадоў пазбаўлення волі.

Перш чым паспрабаваць спайс, варта задумацца аб тым, чым усё можа закончыцца. Курэнне спайсу – гэта як гульня ў «рускую рулетку»: кожны раз можа быць апошнім!

Заняткі спортам і хобі, правільна арганізаваны вольны час, зносіны з блізкімі, уменне знаходзіць выхад з цяжкай сітуацыі, трывалая ўстаноўка на вядзенне здаровага ладу жыцця – лепшая альтэрнатыва наркотыкам.

Паведаміць інфармацыю аб магчымых фактах ужывання і распаўсюджання курыльных сумесяў, наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў вы можаце ананімна па тэлефонах: 5-11-71, 8-801-100-51-51.

Ала ШЫДЛОЎСКАЯ, валеолаг

 

РЫЗЫКА ПАВОДКІ

З надыходам вясны павышаецца верагоднасць паводкі, а разам з ёю – і рызыка захваральнасці на вострыя кішэчныя інфекцыі.

Каб пазбегнуць гэтых інфекцый, неабходна выканаць некаторыя падрыхтоўчыя мерапрыемствы. Важна загадзя правесці ачыстку надворных туалетаў і ўпарадкаваць захоўванне гною, вывезці назапашанае за зіму смецце і не дапускаць забруджвання і захламленасці прысядзібнага ўчастка. Закаткі і іншыя прадукты, якія захоўваюцца ў склепе або падвале, лепш падняць на верхнія паліцы.

Нельга выкарыстоўваць ваду з затопленых калодзежаў для прыгатавання ежы, мыцця посуду і т. п. Ужываць можна толькі кіпячоную ваду ці ў бутэльках. Актуальным падчас паводкі застаецца патрабаванне аб захаванні правіл асабістай гігіены.

Па пытаннях даследавання якасці вады, дэзынфекцыі шахтавых калодзежаў можна звяртацца ў раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі (тэл. 7-33-74, 7-33-38). 

Наталля РЫК,урач-гігіеніст ДУ «РЦГіЭ»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *