На радзіме пішуцца іконы

Захапленні Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

18-03-2016-1

Далёка не заўсёды сустрэнеш мастака, якому аднолькава цікавыя жывапіс і літаратура. Такі мастак – Юрый Пяткевіч, жыве ў Мікалаеўшчыне і працуе ў сваёй майстэрні на беразе Нёмана. У двух абсалютна розных відах мастацтва ён імкнецца зазірнуць і спасцігнуць бяздонную вышыню, імя якой – душа чалавека. Пасля шматгадовых творчых пошукаў ён вызначыў для сябе творчую задачу – «напісаць хоць бы адзін такі твар, каб па-сапраўднаму перадаць яго духоўную дасканаласць».

У анатацыі да сваёй выстаўкі, нядаўна наладжанай у гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Заслаўе», ён так тлумачыць уласны светапогляд: «Кожны чалавек створаны па вобразу і падабенству Божаму; кожны чалавек – ікона; і ў кожным гэта трэба бачыць. І, не кажучы пра работу ў жывапісе, гэта павінна адчувацца на кожным кроку ў нашым паўсядзённым жыцці, таму што вакол нас людзі і мы павінны маліцца на іх. Магчыма, нехта і не зразумее гэта; магчыма, ніхто мяне да канца не зразумее, але я буду ісці па сваім незразумелым шляху да канца…»   

У творчым багажы

Юрый Пяткевіч выдаў кнігі: «Явление ангела» (выдавецтва «Вагрыус», 2001 год), «Колесо обозрения» («Независимая газета», 2001 год), «С птицей на голове» («Астрель», 2012 год), за якую прысуджана Горкаўская літаратурная прэмія 2013 года. З’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Расіі.

Яго жывапіс быў прадстаўлены на многіх персанальных выстаўках на самых розных пляцоўках, да прыкладу: 2013 год – у Варонежскім абласным мастацкім музеі імя І. М. Крамскога, у тэатры «Школа драматычнага мастацтва» ў Маскве; 2014 год – у галерэі «На Чистых Прудах» у Маскве, Саратаўскім дзяржаўным мастацкім музеі імя А. М. Радзішчава; 2015 год – у галерэі «Артнаіў» у Маскве.   

– Юрый Пяткевіч выстаўляецца пераважна ў Расіі, а адна з апошніх выставак паспяхова прайшла ў гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Заслаўе». Яна – першая на Беларусі! У дзень яе адкрыцця ішоў снег, над зямлёю панавала такая чысціня, задуменнасць… Што паспрыяла вашаму творчаму дэбюту на Беларусі менавіта сёлета, у Год культуры? – пацікавіліся мы ў мастака.

– Мне вельмі блізкая творчасць Валянціна Юшкевіча, прылічанага да класікаў наіўнага мастацтва. На жаль, на Беларусі яго, ураджэнца Піншчыны, мала хто ведае. Ён закончыў у Расіі духоўную акадэмію і ва ўзросце 45-50 гадоў стаў мастаком. 18 яго работ знаходзяцца ў Маскоўскім музеі наіўнага мастацтва, большасць жа – у прыватных калекцыях. Мая мара – каб яны вярнуліся на Беларусь. Пра гэта я расказаў дырэктару гісторыка-культурнага запаведніка «Заслаўе» і падарыў яму альбом з рэпрадукцыямі Юшкевіча. У адказ ён прапанаваў зрабіць у іх спачатку маю выстаўку. Я згадзіўся.  Дамовіліся і аб тым, што восенню ў доме-музеі Шагала ў Віцебску будзе наладжана выстаўка работ Юшкевіча.

– Што ўяўляе сабой ваша «беларуская» выстаўка?

– Гэта мае апошнія работы, зробленыя летась. 25 прац. У асноўным яны выкананы змешанай тэхнікай. У адной тэхніцы я не магу давесці работу да канца. Сюжэты – таксама розныя, многія – непрыдуманыя.  Напрыклад, мяне ўразілі чорныя хмары, што засцілі неба перад світанкам… У іх я адчуў моцны вобраз трывогі. Калі ўбачу што цікавае, раблю накіды. Аднойчы заўважыў у метро пажылую прыгажуню з сярэбранымі завушніцамі. Занатаваў яе ў свой альбомчык, а потым напісаў партрэт. Пра кожную работу можна расказваць, нешта ўспамінаць… Работа мастака – фізічна цяжкая праца, патрабуе шмат энергіі. Але акунешся ў Нёман – і адразу набіраешся моцы.

– Ведаю, што вы малюеце і ў Маскве. Што для вас значыць Стаўбцоўшчына?

– Адна мая майстэрня ў Маскве, другая – на радзіме, Стаўбцоўшчыне. Вакол – цудоўнае Наднямонне. Я магу сесці на веласіпед і, праехаўшы 10 км, звярнуць да навасвержанскіх могілак, дзе пахаваны бацькі, дзед з бабуляй, іншыя продкі… Для мяне гэта спадчына, маё багацце… Калі такая сувязь у чалавека ёсць – яму лягчэй жыць. Вельмі люблю Радаўніцу. Аб гэтай назве можна думаць, разважаць… Магчыма, і нашы блізкія, каторыя там, даравалі нам нашы грахі.

– Вы і мастак, і літаратар у адной асобе. З  чаго складаецца ваш творчы дзень?

– У мяне ўсё распланавана. З раніцы перачытваю тэкст, які напісаў учора. Рэдагуючы яго, бывае, захаплюся так, што працягваю літаратурную працу. Для заняткаў жывапісам неабходна асвятленне, таму малюю ўдзень, нейкімі ўсплёскамі… Памятаю, пісаў сваю першую ікону. Працаваў цэлы дзень  – нічога не выйшла. Стаміўся. Паехаў на Нёман. Быў сонечны цёплы вечар… Яшчэ год працаваў над гэтай іконай. Яна была на тоўстай сасновай дошцы з ляўкасам.

– Як склаўся ў гэтай іконы лёс?

– Добры лёс. Гэта ікона «Уміленне». Магчыма, яна адна з маіх лепшых работ. У Маскве яна выстаўлялася на некалькіх выстаўках. Запытаў неяк у бацюшкі, ці можна яе асвяціць, на што пачуў адказ: «Не можна, а неабходна». На працягу ўсёй службы яна знаходзілася ў алтары храма.

– Літаратурная творчасць – гэта своеасаблівы працяг вашых мастакоўскіх ідэй?

– У іх ёсць нешта блізкае, але гэта не адно і тое ж. Сэнс жывапісу не пераказаць словамі…

– Разам з тым, вокладкі вашых кніг упрыгожаны вашымі малюнкамі.

– Гэта было патрабаванне рэдактараў. Мне не падабаецца, каб мяне ўсоўвалі ў пэўныя рамкі. Таго ж Юшкевіча прылічылі да наіўнага мастацтва, а адзін з калекцыянераў, з якім я дамаўляўся аб будучай выстаўцы, з-за гэтага не захацеў аддаваць яго работу ў Віцебск, на біенале наіўнага мастацтва. Ён лічыць: яго творчасць шырэй, чым наіўнае мастацтва. У Германіі ў пачатку стагоддзя быў наіўны экспрэсіянізм. Гэта, відаць, мой стыль. Што б ты ні пісаў – ікону ці апавяданне – трэба пісаць сэрцам.

 

У ТЭМУ. ДУМКА МАСТАЦТВАЗНАЎЦА

– Выстаўка Юрыя Пяткевіча пакінула выдатнае ўражанне, – заўважае мастацтвазнавец Мікалай Паграноўскі. – Яна  невыпадковая, знакавая і для гісторыка-культурнага музея-запаведніка, таму што ў яго фондах знаходзіцца шмат твораў мастакоў наіўнага накірунку (сярод іх – Алена Кіш, Язэп Драздовіч і інш.), людзей, якія пішуць душой. Нехта называе іх творчасць прымітывам, аўтсайдарствам і т. п. Розныя эпітэты прыдуманы, але больш дэмакратычная назва ёсць у славака Стэфана Ткача, які цікавіўся гэтым відам мастацтва і назваў яго інсітным (ад лацінскага інсіта – унікальны). У нашым музеі ў хуткім часе плануецца адкрыць музей інсітнага мастацтва. Таму мы звяртаем асаблівую ўвагу на блізкіх па духу мастакоў-землякоў. Юрый Пяткевіч – з гэтай кагорты, ён перадае на палатне запаветнае, і гэтым злучае мастацтва пачатку ХХ і пачатку ХХІ стагоддзяў. 

P.S. У калекцыю гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе» мастак Юрый Пяткевіч падарыў адну са сваіх карцін.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

«ПЯКУЧКА-КРАПІВА»

Легендарны драматург, паэт-байкапісец, аўтар неўміручых камедый, пражыў багатае на падзеі жыццё. Класік і цяпер запатрабаваны. Калі перачытваеш Кандрата Крапіву, то ў многіх яго творах можаш знайсці адпаведныя часу сатырычныя і гумарыстычныя лекі. Не можа не здзіўляць актыўнасць яго грамадзянскай пазіцыі. З гадамі не паслабела пякучасць яго сатыры.

За сваё доўгае жыццё К. Крапіва папрацаваў вельмі і вельмі плённа, таму суайчыннікі з глыбокай пашанай ставяцца да яго асобы, беражліва захоўваюць яго творчую спадчыну.

Работнікі дзяржаўнай установы культуры «Дзераўнянскі цэнтр культуры» падрыхтавалі, грунтоўна і прадумана спланаваўшы, конкурс сярод навучэнцаў на лепшага чытальніка баек Кандрата Крапівы «Пякучка-крапіва», прысвечаны 120-годдзю байкапісца, драматурга, паэта. Запрашалі ўсіх, хто не раўнадушны да гумару.

Конкурс прайшоў у дзень нараджэння пісьменніка. Да мерапрыемства была аформлена кніжная выстаўка па творчасці К. Крапівы. На ганаровым месцы стаяў партрэт пісьменніка, упрыгожаны жывымі кветкамі. Па-святочнаму была прыбрана зала, гучалі мелодыі народных песень. Вядучыя вельмі цікава правялі літаратурны агляд многіх баек, напісаных пісьменнікам. Усё ўбачанае і пачутае не пакінула нікога абыякавым і дазволіла яшчэ раз дакрануцца да дзівоснага свету пісьменніка.

Удзел у конкурсе прынялі 15 навучэнцаў Дзераўнянскіх сярэдняй школы і дзіцячай школы мастацтваў. Кожнага канкурсанта прадстаўлялі вядучыя – мастацкі кіраўнік Дзераўнянскага цэнтра культуры Галіна Каразей і хармайстар гэтай установы культуры Аляксандр Ліпніцкі. Яны расказвалі пра мастацкія здольнасці кожнага, пра іх захапленні, пра дзіцячыя мары, жадалі канкурсантам прыемных уражанняў і перамогі.

Усе ўдзельнікі конкурсу таленавітыя, але кожны з іх непаўторны і цікавы па-свойму. Падрыхтаваныя, мэтанакіраваныя, маладыя і цікавыя здзівілі прысутных сваім майстэрствам чытання баек.

Журы ў складзе настаўніцы Дзераўнянскай сярэдняй школы Тамары Скорбеж, бібліятэкара Дзераўнянскай сельскай бібліятэкі Вольгі Францкевіч, дырэктара ДУК «Дзераўнянскі цэнтр культуры» Галіны Янкоўскай  цяжка было вызначыць пераможцаў. Аднак перамогу атрымалі мацнейшыя:  I месца – Кацярына Карыцкая, II месца – Яўгенія Рудзько, III месца – Ягор Дзямянка. Кожны ўдзельнік конкурсу ўзнагароджаны пахвальнай граматай і падарункам ад дырэктара Цэнтра культуры Галіны Янкоўскай.

Па вачах і настроі гледачоў, сярод якіх былі Марына Шыманец  – намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Дзераўное», Галіна Карповіч – старшыня прафкама ААТ «Дзераўное», бацькі, было відаць: мерапрыемства ўдалося на славу.

У заключным слове  вядучая Галіна Каразей яшчэ раз павіншавала пераможцаў, падзякавала ўсім, хто прымаў удзел у мерапрыемстве. Словы асаблівай удзячнасці выказала выкладчыкам сярэдняй школы і школы мастацтваў за падрыхтоўку  канкурсантаў. Вядучая пажадала, каб і далей быў добры плён нашым агульным намаганням: «І будзем, як і раней, сябраваць, сумесна працаваць па многіх пытаннях, якія разам лягчэй вырашаюцца».

Вольга ФРАНЦКЕВІЧ,бібліятэкар Дзераўнянскайсельскай бібліятэкі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *