Сельскі час

ЖНІВО – БЕЗ ТРАЎМАТЫЗМУ

Неўзабаве пачнецца жніво. Каб пазбегнуць траўматызму ў перыяд уборачнай кампаніі, неабходна строга прытрымлівацца правілаў аховы працы. З камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама  ва ўпраўленне райсельгасхарча паступіла інфармацыйнае пісьмо, у якім прыводзяцца няшчасныя выпадкі, якія здарыліся летась падчас жніва, і указана на неабходнасць прыняцца адпаведных мер па іх папярэджанні сёлета. Як расказвае галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Людміла Магер, у сельгаспрадпрыемствы ўжо накіравана адпаведная інфармацыя для абмеркавання яе ў калектывах.  З работнікамі, якія будуць заняты на жніве, ужо праводзяцца пазапланавыя інструктажы.

 

СУШАЦЬ СЕНА

З першага і другога ўкосаў траў у гаспадарках раёна ўжо нарыхтавана для грамадскага статка каля сямі тысяч тон сена, што складае 70 працэнтаў да задання. Сена – незаменны корм для жывёлы ў зімовы перыяд. Найбольшая колькасць яго насушана ў ААТ «Агранёманскі» – звыш 1300 тон, і тут удвая перавыкананы план яго нарыхтоўкі. Пры гэтым таварыствам рэалізавана насельніцтву каля 50 тон гэтага багатага клятчаткай грубага корму. Справіліся з заданнямі корманарыхтоўшчыкі ААТ «Вялікі Двор» і «Жацерава».

 

ЛЕПШЫ ПАКАЗЧЫКУ ВІШНЯЎЧАН

З кожным месяцам павялічваецца якасць малака ў ААТ «Вішнявецкі-агра». За чэрвень бягучага года жывёлаводы адгрузілі перапрацоўшчыкам 560 тон прадукцыі. З гэтай колькасці пастаўлена 240,7 тоны малака на Барысаўскі малочны завод  ААТ «Здравушка-мілк», дзе ўсё яно залічана гатункам «экстра». Астатняя прадукцыя рэалізавана на ААТ «Мінскі малочны завод №1», дзе работнікамі лабараторыі толькі сем працэнтаў аднесена да вышэйшага гатунку, а 93 працэнты – да найвышэйшага. Гэта лепшы паказчык сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна.

– Вынік дасягнуты стараннямі ўсяго калектыву жывёлаводаў, – адзначыў галоўны заатэхнік таварыства Алег Бараноўскі. – Яшчэ зусім нядаўна гатункам «экстра» мы не здавалі ніводнай тоны, хоць дзеля гэтага былі ўсе магчымасці. Таму сабралі людзей і растлумачылі ім сітуацыю. Жывёлаводы нас зразумелі.

Кіраўніцтвам гаспадаркі былі выдзелены сродкі на закупку неабходных мыючых сродкаў і медыцынскіх прэпаратаў. Спецыялісты распрацавалі сістэму даплат за атрыманую якасную прадукцыю.

Надзея БАТАЛКА