Дружна жывуць, па-суседску

Дружная, што ў Шашкоўскім сельсавеце, дзявятая ў сёлетняй праграме святаў вёсак. Аб гэтым нагадаў у слове да вяскоўцаў старшыня райсавета дэпутатаў Аркадзій Казякоўскі. На Стаўбцоўшчыне такія святкаванні ладзіліся і раней, падкрэсліў Аркадзій Расціслававіч, але яны адноўлены, сталі традыцыйнымі ў апошнія тры гады. І яшчэ раз пацвердзілася, што з асаблівай адказнасцю людзі стараюцца навесці адмысловы парадак. Свята ж!  І са шчырасцю сустракаюць гасцей, радуюцца сваёй радні, знаёмым, якія ахвотна збіраюцца на свята. Вёска памаладзела з усмешкамі дзяцей, унукаў, і ў ветэранаў разгладзіліся маршчыны. Пасля святаў наступаюць будні, працоўныя, напружаныя. А з сумленнай працы ладзяцца святы.

На карце рэспублікі, вобласці Дружная – не з надта прыкметных кропак. І мы, карэспандэнты «Праменя», часцей згадваем аб справах у аграгарадках, больш буйных вёсках. Хаця, памятаецца, рыхтаваў і даволі аб’ёмны матэрыял аб камсамольска-маладзёжным калектыве – выпускніках Дзераўнянскай школы, якія прыйшлі на працу на дружнянскую жывёлагадоўчую ферму.

Сваю мілагучную і абавязваючую назву Дружная вёска атрымала ў 1969 годзе. А дагэтуль, і ў дванаццатым, і ў ранейшых стагоддзях, значылася яна як Брухачы. Пачынаючы ад першых летапісных звестак, якія датуюцца 1591 годам, у 1662 годзе, паводле пазнейшага запісу, тут было сем двароў, у 1665 – восем. Перагорнем каляндар гісторыі на стагоддзі неперад: у 1940 годзе тут ужо налічвалася 67 двароў і 351 жыхар. Па апошніх даных, як удакладніла старшыня Шашкоўскага сельвыканкама Святлана Якаўлева, у Дружнай 70 падвор’яў і 110 пастаянна пражываючых вяскоўцаў, 16 сядзіб займаюць дачнікі. Такая вось дэмаграфічная дыспрапорцыя.

69h

Мясціна, аблюбаваная продкамі, можа з паўтысячагоддзе ці больш гадоў таму назад (1591 год – архіўная, умоўная, дата, такі ж год заснавання пазначаны і наконт некаторых іншых вёсак раёна). Векавыя лясы на ўзбярэжжах крынічных Сулы і Шуры, аксамітныя дываны лугоў. І ўчасткі палёў, адваяваныя ў пушчы, любоўна дагледжаныя праз стагоддзі вяскоўцамі. Разбуральныя войны і падзеі мірнага жыцця. Вельмі багатая гісторыя многіх вёсак Стаўбцоўшчыны, сярод якіх і Дружная.

Юбілейная дата – 425-годдзе з дня заснавання – важкая нагода для адчування свята, якое і зладзілі вяскоўцы. Дарэчы, лічба «425» значылася на фасадах не аднаго дома ў вёсцы.

Асабістыя ці сямейныя юбілейныя датысклаліся шмат у каго і з вяскоўцаў. Дарэчы, вядучыя, песеннымі прывітаннямі ўслаўляючы гаспадароў каля іх прыбраных столікаў з гасцінцамі, гэта і адзначалі. Выдатна выходзіла: у каго гады маладыя, а ў каго пражыта шмат, а трэба – «сто лят». І дружна, разам віншавалі з залатымі вяселлямі Міхаіла Баляслававіча і Феліцыю Браніславаўну Босых, Франца Іосіфавіча і Яніну Іосіфаўну Бычкевічаў. З саракагоддзем сумеснага жыцця віталі Віктара Іванавіча і Ядвігу Іванаўну Бурачэўскіх, з трыццацігоддзем – Часлава Бярнардавіча і Таццяну Генадзьеўну Дзямянкаў.

Гадоў багацце. Слаўна працавалі ў калгасе Кацярына Цімафееўна Босая, у якой акурат юбілейны, восьмы дзясятак, Леанард Вікенцьевіч Босы, яму споўнілася 86 гадоў. А Софія Іосіфаўна Сай, якой ніяк не дасі яе 87 гадоў, каля сваёй сядзібы спрытна ўвіхалася з калаўротам, паказваючы маладзейшым уменне вясковых жанчын даўнейшага часу.

А ўжо маладыя галасы! Дзеці, унукі – каля многіх весніц вялікія сем’і. Шмат хто з іх паедзе да свайго жытла ў гарадах, іншых вёсках. Усё ж, як удакладніла старшыня сельвыканкама, у Дружнай цяпер шэсць дзяцей, якраз траім – дзвюм Насцям і Мацвею – споўнілася па чатыры гады.

У віншаваннях, зразумела, адзначаны працоўныя дасягненні вяскоўцаў. Ядвіга Аляксандраўна Вільнявец надзела з нагоды свята свае ўзнагароды – ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга і «Знак Пашаны». Гэта яна, жывёлавод калгаса «За мір», яшчэ ў тыя, сямідзясятыя, гады мінулага стагоддзя надойвала ад каровы па пяць тысяч літраў малака. Гэта было дасягненне!

Слаўных працаўнікоў урачыста віншавалі са сцэны, зладжанай каля дома Бычкевічаў. Дарэчы, Святлана Расціславаўна Якаўлева прасіла праз газету выказаць падзяку гаспадару Францу Іосіфавічу за падрыхтаваную пляцоўку, актыўны ўдзел у падрыхтоўцы свята. Старшыня сельвыканкама ўдакладніла: адзначаны ўсе 47 цяперашніх і былых работнікаў гаспадаркі, якая сёння мае назву ААТ «Шашкі». Аб’яўлены падзякі за шчырую працу, уручаны падарункі працаўнікам ад кіраўніцтва і калектываў ААТ «Дзераўное», АБФ «ПМК-74 – Налібакі», аддзела адукацыі, райспажыўтаварыства, птушкафабрыкі «Колас», торфабрыкетнага завода, Старынскага лясніцтва і іншых арганізацый, дзе шчыра працуюць ці працавалі дружнянцы.

Назвалі са сцэны гаспадароў лепшага падвор’я. Гэта Часлаў Антонавіч і Станіслава Антонаўна Юнцавічы. Увогуле ж усім вяскоўцам выказана і афіцыйная, і ад гасцей свята ўдзячнасць. Вельмі пастараліся, каб выглядала Дружная прыбранай, прыгожай. Разам, дружна, па-суседску, як і жывуць, справілі свята сваёй вёскі.

Нельга не адначыць і тых, хто аздобіў свята. Народны фальклорны ансамбль «Гарэзы» Шашкоўскага СДК радаваў песнямі-прысвячэннямі. Дарэчы,  сёлета ў калектыву таксама юбілей – 30 гадоў з дня заснавання. З днём нараджэння гарэзлівыя артысты павіншавалі і сваю калегу Марыю Анісавец. Стаўбцоўскі народны духавы аркестр «Віціны» раённага Цэнтра культуры вядомы далёка за межамі раёна, з’яўляецца лаўрэатам міжнародных конкурсаў і фестываляў. Ахвотна адгукнуўся калектыў і на запрашэннне прыняць удзел у свяце Дружнай. І на чале з кіраўніком Аляксандрам Нічыпаровічам аркестр ствараў святочную атмасферу вёскі.

І нарэшце – галоўная фішка, выступленне папулярнага эстраднага спевака Сяргея Славянскага. Гэта было не толькі сольнае выступленне, а жывы, эмацыянальны дыялог з усёй залай пад адкрытым небам. І проста не маглі вяскоўцы ўстрымацца, пад мелодыі песень кружыліся ў танцы.

«Са святам! Каб добра жылі і сустракаліся гэтак хораша!» – віншавалі адзін аднаго дружнянцы.

Фёдар БАНДАРОВІЧ, фота аўтара