Сусветны дзень пошты

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

4-07-108y

«ПРАМЕНЬ» – АДРАЗУ НА НЕКАЛЬКІ АДРАСОЎ

Дзень падпісчыка, які прайшоў у гарадскім аддзяленні сувязі, вызначыўся не толькі традыцыйнай актыўнасцю, а і адметнасцямі, якія для нас, «праменеўцаў», сталі асабліва прыемнымі.

Раённая газета «Прамень» карыстаецца нязменным попытам у жыхароў раёна, і пацвярджэннем гэтаму было афармленне падпіскі на чацвёрты квартал 2016 года асобнымі падпісчыкамі адразу на некалькі адрасоў – для сябе і, напрыклад, для сям’і дачкі ці сына. «Раёнка» – як добры падарунак блізкім людзям, заўсёднік і спадарожнік сямейнага ачага. Яна жаданым госцем уваходзіць у дамы жыхароў Стаўбцоўшчыны, каб напоўніць іх жыццё «промнямі» цікавасці і разнастайнасці. Агітаваць за «Прамень», як сцвярджаюць паштовыя работнікі, лішні раз не прыходзіцца.

У дзень падпісчыка працавала з падпісчыкамі непасрэдна ў зале аператар сувязі Анастасія Паўлоўская. З маладым запалам і тактоўнасцю Анастасія прапаноўвала і дапамагала кожнаму з выбарам патрэбнага выдання. Дзякуючы камп’ютарнаму аснашчэнню рабочага месца яна хутка і комплексна абслугоўвала кліентаў.

Сярод шматлікіх выданняў, якім была аддадзена ў гэты дзень перавага, «Прамень» упэўнена трымае першынство. Невыпадкова, што сярод нашых падпісчыкаў разышліся ўсе прызы, якія спецыяльна падрыхтавала рэдакцыя. І раённы вузел паштовай сувязі прапанаваў падпісчыкам свае сувеніры – у выглядзе часопісаў.

Па добрай традыцыі напрыканцы дня падпісчыка рэдакцыя «Праменя» правяла розыгрыш пяці бясплатных экзэмпляраў раённай газеты. Удзельнічалі ўсе падпісныя абанементы, якія былі аформлены аператарам сувязі. Сярод шчасліўчыкаў аказаліся наступныя сем’і стаўбчан: Суднікаў (вуліца Падлесная), Саковічаў (вуліца Будаўнікоў), Матусевічаў (завулак Церашковай), Лагвіненкаў (вуліца Наднёманская) і Дземідовічаў (2-гі завулак Прытыцкага). Віншуем пераможцаў і жадаем усім падпісчыкам удачы і шчасця!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ПАСЛУГІ ЗАПАТРАБАВАНЫЯІ АКТУАЛЬНЫЯ

Акурат гэтымі днямі ў раённы вузел паштовай сувязі паступіў свежавыдадзены каляровы фотачасопіс, прысвечаны 20-годдзю Мінскага філіяла РУП «Белпошта». Адкрывае яго зварот дырэктара філіяла Жанны Шэбека, асобныя ж старонкі расказваюць пра гісторыю станаўлення кожнага з вузлоў паштовай сувязі на Міншчыне.

– Паштавікі працуюць пад знакам юбілейнай даты і, аглядаючыся на пройдзены шлях, канстатуюць наступнае: кожны з 20-ці гадоў дзейнасці азнаменаваны ўкараненнем той ці іншай новай паслугі. На Стаўбцоўшчыне ўсе гэтыя паслугі не толькі знайшлі свайго кліента, а і сёння не губляюць актуальнасці, – адзначае нязменны начальнік раённага вузла паштовай сувязі на працягу апошніх двух дзясяткаў гадоў Раіса Шыдлоўская.

Так, запатрабаванасцю характарызуюцца паслугі лінейкі «Камфорт» (планавае заданне выканана на 105 працэнтаў), унутрырэспубліканскай паскоранай пошты (117 працэнтаў). Перспектыва захоўваецца за паштовымі адпраўленнямі «1 клас», якія адрознівае прыярытэт на ўсіх этапах праходжання і скарочаныя тэрміны перасылкі (іх адпраўляюць штодзённа, каб адрасат мог атрымаць ужо заўтра). Добра зарэкамендаваў сябе гандаль таварамі айчынных вытворцаў праз каталог. Да прыкладу, у верасні паштавікі задаволілі больш за 50 заказаў. Попытам карыстаюцца дываны, посуд, дзіцячыя сталовыя наборы, панчошна-шкарпэткавыя вырабы і т. п.

– У прасоўванні гэтых і іншых сучасных відаў паслуг вылучаюцца Дзераўнянскае, Засульскае, Мікалаеўшчынскае, Літвенскае, Шашкоўскае, Цясноўскае аддзяленні паштовай сувязі, – праводзіць аналіз намеснік начальніка раённага вузла паштовай сувязі Марына Петух.

Дарэчы, ад калектыву паштавікоў раёна партрэт Марыны Петух сёлета быў занесены на Дошку гонару Мінскага філіяла. Граматай Мінскага філіяла адзначана паштальён аддзялення сувязі ў Аталезі Наталля Казлоўская. Начальніку аддзялення сувязі ў Шашках Тамары Дударэвіч прысвоена ганаровае званне «Ветэран працы». Працуе ў калектыве і вядучы эканаміст Ірына Шпакоўская, пастаянны ўдзельнік маладзёжнай гульні «Брэйн-рынг «Эрудзіраваны сувязіст». Сустрэчу паштавікоў-эрудытаў у бягучым годзе Мінскі філіял прысвяціў Году культуры.

Нядаўна завяршылася падпіска на газеты і часопісы на чацвёрты квартал 2016 года, якая, як і ўсе папярэднія падпісныя кампаніі, стала для работнікаў пошты адказнай і напружанай. Найбольш папрацавалі з падпісчыкамі наступныя аддзяленні паштовай сувязі: Рубяжэвічы (начальнік – Алена Змачынская), Літва (Галіна Жвірбля), Рочавічы (Валянціна Качановіч), Аталезь (Галіна Качановіч), Яблынаўка (Ірына Дзінекіна), Горкі (Алена Рокаш), Мікалаеўшчына (Наталія Меляшкевіч), а таксама перасоўнае аддзяленне паштовай сувязі № 1 пад кіраўніцтвам Надзеі Яўсейчык.

Перасоўных аддзяленняў сувязі на Стаўбцоўшчыне тры, і ўсе яны аказваюць усемагчымыя паслугі, ажыццяўляюць продаж тавараў народнага спажывання. Тавараабарот кожнага з іх складае ў месяц прыкладна пяць-шэсць тысяч дэнамінаваных рублёў. Дзякуючы арганізатару рознічнага гандлю Валянціне Жыбуль і прадаўцу Святлане Шаблінскай актыўна гандлюе таварамі народнага спажывання і магазін «Паштавік» – у месяц у сярэднім на 20 тысяч рублёў і больш. Паштавікі адгукаюцца на запыты і прапановы сваіх кліентаў, таму падтрымліваюць шырокі асартымент, а пастаўкі непасрэдна ад вытворцы забяспечваюць высокую якасць тавару і мінімальную гандлёвую надбаўку. Для сваіх работнікаў бытавая тэхніка рэалізуецца ў растэрміноўку ад трох да шасці месяцаў. У цэлым сярэднямесячны тавараабарот раённага вузла паштовай сувязі дасягае 90-100 тысяч рублёў і больш.

Пошта застаецца даступным для ўсіх сродкам сувязі, шматфункцыянальным і сучасным, накіраваным у заўтрашні дзень.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ЗМЕНЕНЫ ШЫЛЬДЫ

У раённым вузле паштовай сувязі зменены шыльды двух аддзяленняў – Дзераўная і Мікалаеўшчына.

Вялікіх перайменаванняў не адбылося, аднак узаконены назвы гэтых аддзяленняў у той транскрыпцыі, якая сугучна назве населенага пункта, што і патрабуе рашэнне Мінскага абласнога Савета дэпутатаў № 134 ад 24.12.2011. Ёсць аграгарадок Дзераўная – значыць, і назва аддзялення сувязі ў ім не павінна адрознівацца ні на адну літару, тым больш, змяняць свой род (Дзераўная – жаночага роду, Дзераўное – ніякага роду). У назве аддзялення сувязі ў Мікалаеўшчыне прынцыповае адрозненне звязана з першай літарай м: яе нельга чаргаваць з «н» пры перакладзе на рускую мову, яна застаецца нязменнай у назве на любой з дзяржаўных моў – беларускай ці рускай.

Акрэсленыя граматычныя нюансы неабходна абавязкова ўлічваць адпраўшчыкам пісьмаў ды іншых паштовых адпраўленняў. Пры няправільным напісанні назвы населенага пункта ці аддзялення паштовай сувязі аўтаматычныя сістэмы сартавання карэспандэнцыі «затрымаюць» яе, дадаткова спатрэбіцца час для ўмяшальніцтва паштовага работніка.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *