А ці быў прыплод?

У ходзе правядзення следства па адной з крымінальных спраў прыйшлося высвятляць пытанне: а ці быў прыплод ад цялушкі з мянушкай Груша ў адным з сельгаставарыстваў раёна?

Згодна з дакументамі, якія прадставілі брыгадзір МТФ і галоўны ветурач у бухгалтэрыю таварыства, плод нарадзіўся мёртвым… Аб гэтым 11.07.2016 былі складзены камісійны акт без нумара – «Аб вытворчасці агляду мёртванароджанага цяляці і ўтылізацыі трупа на скотамагільнік», а таксама акт адносна апрыходавання прыплоду жывёлы. Як пазней высветлілася, гэтыя службовыя асобы (хто павінен складаць пярвічныя ўліковыя дакументы, у прыватнасці акты на апрыходаванне прыплоду жывёлы, у гаспадарцы афіцыйна не занатавана; па апошніх даных, адсутнічае службовая інструкцыя тэхніка-асемянатара), каб пазбегнуць матэрыяльнай і дысцыплінарнай адказнасці ў сувязі з павелічэннем на МТФ падзяжу пагалоўя ў групе жывёлы «ад 0 да 3 месяцаў», па папярэдняй змове ўнеслі ў дакументы лжывыя звесткі.

Пры знаёмстве з «Журналам вартаўніка» ўстаноўлена, што апошняя адзнака аб прыёмцы-здачы дзяжурства была выканана ў красавіку, што сведчыць пра фармальны падыход кіраўніцтва фермы да захаванасці пагалоўя ў цэлым, як і да вядзення дакументацыі. Брыгадзір на пытанне аб істотным разыходжанні вагі цялят, указанай у журнале рэгістрацыі прыплоду буйной рагатай жывёлы, з вагой цялят, указанай у актах на выбыццё (у бок змяншэння), патлумачыла, што на ферме выйшлі са строю вагі, таму ўзважванне цялят фактычна не праводзілася, а ажыццяўлялася «на вока». Аналагічныя парушэнні дапускаліся і галоўным ветурачом.

Бухгалтар гаспадаркі засведчыла, што прадастаўленую брыгадзірам справаздачную дакументацыю яна фактычна не звярала, прыняла па прынцыпе даверу, у выніку чаго ў дакументах уліку адно з цялят, якое пала ў першых чыслах жніўня, значылася як недастача, а няўлічанае цяля, якое фактычна нарадзілася 11 жніўня, праходзіла як лішак. У выніку, падобныя «афіцыйныя» звесткі, далёкія ад рэальнай карціны, паступаюць у далейшым у дзяржаўную статыстычную справаздачнасць раёна і Мінскай вобласці.

Па заканчэнні папярэдняга следства ў мэтах ухілення парушэнняў закона ўнесены прадстаўленні дырэкцыі таварыства, старшыні раённага выканаўчага камітэта з патрабаваннем разгледзець пытанне аб унясенні змяненняў у статыстычныя даныя гаспадаркі адносна падзяжу і прыплоду пагалоўя за жнівень 2016 года.

Андрэй ТРУХАНОВІЧ, следчы раённага аддзела Следчага камітэта