Афіцыйна

ПРАЦОЎНЫЯ ПЕНСІІ З 1 СНЕЖНЯ ПАВЫШАЮЦЦА Ў СЯРЭДНІМ НА 5 ПРАЦЭНТАЎ

Працоўныя пенсіі ў Беларусі з 1 снежня бягучага года павышаюцца ў сярэднім на 5 працэнтаў. Адпаведны ўказ Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 13 кастрычніка.

Фінансаванне расходаў на павышэнне пенсій будзе ажыццяўляцца са сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Дадатковыя расходы на гэтыя мэты са снежня складуць Br37,9 млн у месяц, праінфармавалі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Паводле слоў спецыяліста, сярэдняя заработная плата, што прымянялася пры папярэднім пераразліку працоўных пенсій, склала Br593,47. Гэты паказчык з улікам індэксацыі на 5,5 працэнта складае Br626,11. Зыходзячы з гэтай велічыні і будзе праведзены пераразлік працоўных пенсій з 1 снежня.

У выніку пераразліку са снежня 2016 года працоўныя пенсіі, паводле ацэнкі, павялічацца ў сярэднім на 5 працэнтаў. Сярэдняя пенсія ў намінальным выражэнні складзе Br298,19. Пры гэтым памер павышэння пенсіі ў кожнага пенсіянера будзе залежаць ад індывідуальных параметраў стажу работы і велічыні заработку да звароту па пенсію, падкрэслілі ў міністэрстве.

На ўліку ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароны знаходзіцца 2,6 млн атрымальнікаў пенсій.

 

БАЗАВАЯ ВЕЛІЧЫНЯ Ў БЕЛАРУСІ СКЛАДЗЕ BR 23

Базавая велічыня з 1 студзеня 2017 года складзе Br23. Адпаведнае рашэнне змешчана ў пастанове Савета Міністраў ад 28 лістапада 2016 года нумар 974, паведамілі ў прэс-службе беларускага ўрада.

Цяпер, згодна з Указам Прэзідэнта ад 4 лістапада 2015 года нумар 450 «Аб правядзенні дэнамінацыі афіцыйнай грашовай адзінкі Рэспублікі Беларусь» і з пастановай урада ад 27 чэрвеня 2016 года нумар 496, базавая велічыня складае Br21.

 

КАЛЯДНЫЯІ НАВАГОДНІЯ ВЫСТАЎКІ-ПРОДАЖЫ

Амаль 15 тысяч калядных і навагодніх выставак-продажаў і кірмашоў плануецца правесці ў Беларусі, паведаміла прэс-сакратар Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аліна Гілевіч па выніках калегіі ведамства.

«Асаблівая ўвага на пасяджэнні калегіі была ўдзелена арганізацыйным мерапрыемствам па гандлёвым і бытавым абслугоўванні насельніцтва ў перадсвяточныя і святочныя дні Каляд і Новага 2017 года. Паводле інфармацыі аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, прадастаўленай па стане на 23 лістапада, у перыяд калядных і навагодніх свят па рэспубліцы запланавана да правядзення каля 890 святочных кірмашоў, а таксама амаль 14 тысяч 965 мерапрыемстваў, накіраваных на стымуляванне пакупніцкага попыту, – выставак-продажаў, акцый па зніжэнні цаны тавару і іншых рэкламных акцый», – адзначыла Аліна Гілевіч.

Старт правядзенню калядных і навагодніх мерапрыемстваў быў дадзены 15 лістапада. Тэматычнае святочнае афармленне гандлёвых аб’ектаў і аб’ектаў грамадскага харчавання павінна быць завершана да 1 снежня.

З 20 снежня ў рэгіёнах рэспублікі пачнуць работу больш за 800 ёлачных кірмашоў (з іх 200 – у Мінску).

БелТА