З дыскатэкі – у суправаджэнні

Ахова правапарадку Нумары

image_pdfimage_print

5_4b529ea30497Навагоднія святы не прамінулі  «зафіксавацца» ў адміністрацыйных матэрыялах, якія разглядаюцца на камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. 

…Дзесяцікласнік Аляксандр, выхаванец школы-інтэрната для дзяцей з праблемамі зроку, на зімовыя канікулы прыехаў дамоў. Каб было весялей у бацькоў, запрасіў з сабою і сябра па школе. Навагоднім вечарам хлопцаў дома не ўтрымаць. Матуля пусціла іх на дыскатэку ў суседнюю вёску. Але падлеткі аказаліся ў Стоўбцах, дзе з дапамогай «добрага дзядзькі» набылі бутэльку і выпілі для смеласці… За знаходжанне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане на Аляксандра быў складзены пратакол. А для затрымання яго сябра, які, між іншым, кінуўся ад міліцыянера наўцёкі (зусім не ведаючы Стоўбцаў), прыйшлося выклікаць дадатковыя нарады. На яго склалі два акты.                  

Калі члены камісіі нагадваюць падлетку пра правілы паводзін, пра яго ўзроставыя каштоўнасці і жыццёвыя арыенціры (добра вучыцца, паступіць, атрымаць прафесію), то  папярэджваюць: «а  наступны раз…» Канешне, падобнага наступнага разу ў падлетка быць не павінна. За гэтыя правапарушэнні прадугледжаны штрафныя санкцыі, якія балюча б’юць па кішэні бацькоў. На даны момант  памер  штрафу можа дасягаць 1 040 000 рублёў (восем базавых велічынь). І самае важнае – каб падлетак атрымаў з гэтай гісторыі слушны ўрок і зрабіў правільныя высновы, каб у яго біяграфіі знаёмства са спіртным на гэтым і закончылася.

Навучэнцу Дзяржынскага ліцэя Дзянісу таксама не пашанцавала  навагодняй ноччу. Танцаваў на дыскатэцы ў суседняй вёсцы, «чуць-чуць» выпіўшы з сябрам… Хлопец адчуваў сябе ўжо дарослым, свабодным ад розных абмежаванняў, бо да спаўнення 18-ці яму заставалася некалькі дзён.

Характарыстыка на хлопца ад кіраўніцтва ліцэя станоўчая. Але гэты рослы і разумны малады чалавек чамусьці стаіць не на сцэне, а перад  членамі камісіі.     

Сваім дзецям абавязкова варта тлумачыць і юрыдычныя нюансы. Бывае, падлеткаў затрымліваюць, калі перад імі стаіць толькі  адкаркаваная бутэлька са спіртным. Гэтай акалічнасці дастаткова, каб прыцягнуць непаўналетняга (ці яго бацькоў, калі ён не дасягнуў адпаведнага ўзросту) да адміністрацыйнай адказнасці.

– За  ўжыванне спіртных напіткаў падлеткамі за 2013 год былі разгледжаны 42 матэрыялы, – паведаміла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Наталля Хвасько. – У параўнанні з 2012 годам назіраецца рост падобных матэрыялаў (з 25 да 42). Гэта азначае, міліцыя стала больш актыўна працаваць над выяўленнем негатыўных фактаў і мае ў гэтым напрамку  большы прафілактычны эфект.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *