Пяюць «Жавароначкі»

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

Сустрэчы старэйшага і маладога пакаленняў – цудоўная магчымасць абмяняцца станоўчымі эмоцыямі і заспяваць, як жавароначкі, вестуны ўжо хуткай вясны.

Менавіта такая незабыўная сустрэча прайшла ў тэрытарыяльным цэнтры падчас чарговых заняткаў універсітэта трэцяга ўзросту. Перад пажылымі людзьмі выступіў ключар кафедральнага сабора святой праведнай Ганны свяшчэннік Аляксандр Марцінчык, слова якога заўсёды чакаюць, і яно абавязкова знаходзіць жывы водгук. А затым прадсталі ў нацыянальных строях галасістыя вучні класа народных спеваў і ўзорны ансамбль народнай песні Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў «Жавароначкі» (мастацкі кіраўнік – Людміла Канаплянікава-Доўнар, канцэртмайстар – Ягор Дырда). Дзеці з натхненнем заспявалі абрадавыя песні – лаканічныя і вельмі мудрыя, моцныя на гукі жыцця і энергію прыроды. У падарунак юным артыстам былі ўручаны мяккія цацкі, якія сабраны ў ходзе дабрачыннай акцыі БРСМ «Цуды на Ражджаство».

Каб сустрэча мела яшчэ і практычнае значэнне, загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Сяргей Есіс запрасіў да дыялогу і кампетэнтных спецыялістаў. Інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Вольга Салей нагадала правілы пажарнай бяспекі, помочнік урача цэнтральнай раённай бальніцы Вольга Булаш – меры прафілактыкі сезонных захворванняў і траўмаў, медсястра Зузанна Высоцкая, якая працуе пры аддзяленні, – асновы правільнага харчавання ў «залатым» узросце.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ  

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *