Cувязь – заўсёды запатрабавана

Нумары Прамая лінія

image_pdfimage_print

На мінулым тыдні прайшла прамая тэлефонная лінія з начальнікам Стаўбцоўскага занальнага вузла электрасувязі Міхаілам Касабуцкім. З 1-га студзеня 2017 года вузел электрасувязі, як мы ўжо паведамлялі, у выніку рэарганізацыі стаў занальным, у яго склад уключаны Дзяржынскі і Уздзенскі вузлы электрасувязі.

Аб тэлефонным даведніку

Пытанне, якое цікавіць многіх жыхароў раёна і якое рэдакцыя агучыла ад імя сваіх чытачоў, – аб тэлефонным даведніку.

З 2011 года, пасля выхаду апошняга даведніка, прайшла масавая рэканструкцыя тэлефоннай сеткі ў Стоўбцах і сельскіх населеных пунктах раёна (Ніўным, Кляцішчы, Хатаве, Ячонцы, Прудах, у Тонаве работы па пераключэнні на IMS-платформу блізяцца да завяршэння). Змянілася прыкладна 35-40 працэнтаў тэлефонных нумароў фізічных асоб і арганізацый. Некаторыя з гэтых арганізацый далі ў раённай газеце рэкламу сваіх новых тэлефонных нумароў, аднак да большасці дазваніцца немагчыма.

Міхаіл Касабуцкі:

– Падобная сітуацыя характэрна для большасці раёнаў Мінскай вобласці. Пытанне з выпускам тэлефонных даведнікаў пакуль застаецца адкрытым. Мінскі філіял РУП «Белтэлекам», які з’яўляецца ўласнікам базы даных абанентаў стацыянарнай тэлефоннай сеткі Мінскай вобласці, не мае права самастойна выпускаць даведнікі з-за адсутнасці ліцэнзіі на выдавецкую дзейнасць. Ён праводзіць аўкцыён па продажы базы даных абанентаў, па выніках якога з пераможцам аўкцыёну заключаецца дагавор і ажыццяўляецца перадача яму баз даных абанентаў на платнай аснове для выдання тэлефонных даведнікаў, прычым выключна на папяровым носьбіце. У сваю чаргу пераможцы аўкцыёну абавязуюцца выдаць і распаўсюдзіць тыраж тэлефонных даведнікаў.

У 2016 годзе аўкцыёны праводзіліся Мінскім філіялам два разы, аднак ад выдаўцоў не паступіла ніводнай заяўкі. Чарговы аўкцыён па продажы базы даных абанентаў для выдання тэлефонных даведнікаў Вілейскага, Жодзінскага, Крупскага, Любанскага, Капыльскага, Лагойскага і Стаўбцоўскага раёнаў запланаваны на канец лютага – пачатак сакавіка бягучага года.

Правіламі аказання паслуг электрасувязі прадугледжана інфармаванне насельніцтва аб нумарах тэлефонаў абанентаў тэлефонных сетак праз ведамасныя даведачна-інфармацыйныя службы.

Такая служба працуе па нумары 109, з’яўляецца платнай і прадастаўляе звесткі аб нумарах тэлефонаў насельніцтва, юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў усёй рэспублікі. Па нумары 199 бясплатна прадастаўляюцца звесткі аб нумарах тэлефонаў аварыйных і экстранных службаў, даведачных службаў медыцынскіх устаноў (інфармацыю пра нумары тэлефонаў гэтых службаў таксама можна атрымаць на сайце www.beltelekom.by у раздзеле «Абаненцкі сэрвіс/Тэлефонная даведка экстранных службаў»).    

Праблем няма, ёсць розныя магчымасціі прапановы

З Новага Свержаня (вуліца Трактарная, 10) цікавіліся, як устанавіць у кватэры правадны тэлефон, каб карыстацца хуткім інтэрнэтам, інтэрактыўным тэлебачаннем і іншымі паслугамі.

Міхаіл Касабуцкі:

– Вы пражываеце ў шматкватэрным доме? У Новым Свержані прыкладна 170-180 бесправадных тэлефонаў. На вясну бягучага года мы запланавалі правядзенне работ па пракладцы кабелю ў Новым Свержані. Да канца першага паўгоддзя ўстановім вам правадны тэлефон. Калі вы знаёмы з нашымі паслугамі, то пакуль можаце падключыць эфірнае тэлебачанне. Для яго правадны тэлефон не трэба. Можна падключыць такую паслугу, як турбакнопка. Ёю зручна карыстацца пры скачванні інфармацыі з інтэрнэту (хуткасць – да 50 Мбіт/с).    

Валянціна Лявіцкая з Савоняў звярнулася з пытаннем адносна работы тэлефона. Бывае, у трубцы чуваць староннія размовы.

– Разбяромся і ўхілім.

З Кляцішча пазванілі наконт работы радыёпрыёмніка. Маўляў, апошнія некалькі тыдняў вельмі слабая гучнасць, на адным і тым жа тоне – ні больш, ні менш.

– Дзякуй за інфармацыю. Абавязкова перададзім яе спецыялістам Беларускага радыётэлевізійнага перадаючага цэнтра. На тэрыторыі раёна два рэтранслятары, і адзін з іх – у Прудах – быў здадзены ў 2015 годзе. Працуе на частаце 103,2 МГц. Праблем не павінна быць. Двума рэтранслятарамі (другі – непадалёку Старога Свержаня, на павароце на Мір) ахоплены ўвесь наш раён, і нават суседнія.

Нагадаю, што заяўку на набыццё радыёпрыёмніка можна пакінуць у абаненцкім аддзеле вузла электрасувязі, у паштовым аддзяленні. Даставім дамоў і настроім. Цана на яго – каля 20 рублёў, у залежнасці ад мадэлі. Радыёпрыёмнікі прадаюцца і ў магазінах райспажыўтаварыства, прыватных гандлёвых кропках.

Стаўбчане з вуліцы Пушкіна, завулка Зарэчнага прасілі правесці дамашні тэлефон.

– У другім паўгоддзі мы плануем работы па пашырэнні абаненцкай лініі ў раёне вуліцы Гагарына. Вуліца Пушкіна недалёка ад яе. Паглядзім, што можна зрабіць. Бесправадны тэлефон можам прадаставіць хоць сёння. Па завулку Зарэчным – разбяромся. У раёне лясгаса ў 2015 годзе мы будавалі сеткі і ўсіх тэлефанізавалі. На наступным тыдні пазваніце ў абаненцкі аддзел па тэл. 7-34-15.

З Тулёнкі цікавіліся, ці можна правесці тэлефон са скідкай, калі ў сям’і ёсць дзіця-інвалід.

– Ільготы не прадугледжаны. І, на даны момант, можам устанавіць вам толькі бесправадны тэлефон. Прыязджайце і афармляйце. Абсталяванне ў нас ёсць. Абаненцкая плата – каля чатырох рублёў у месяц, установачная – 7,55 рубля.

Стаўбчанка з 3-га завулка Прытыцкага паскардзілася на перыядычныя збоі пры адначасовай рабоце тэлефона і інтэрактыўнага тэлебачання, а таксама цікавілася асаблівасцямі пакетаў паслуг «ЯСНА».

– Адносна першага пытання. Вы заяўку пакідалі? Заўтра прышлём да вас спецыяліста. А пакеты паслуг «ЯСНА» выгадныя ў тым выпадку, калі ёсць валаконна-аптычныя лініі сувязі. Таксама цікавы пакет паслуг «Сямейны-4». У яго ўваходзяць інтэрнэт, інтэрактыўнае тэлебачанне і тэлефон, прычым міжгародняя тэлефанія ў межах сеткі «Белтэлекам» прадастаўляцца без абмежаванняў. Зручна, таму што аплата – на адзін рахунак. Прыходзьце, пераключайцеся.

Ірына Казлоўская з Жукава Барка цікавілася, калі ў іх вёску прыйдзе інтэрнэт.

– У вас можна глядзець эфірнае тэлебачанне. З правадным інтэрнэтам – складаней. Неабходна «цягнуць» з Аталезі «валакно», а гэта больш за 4 км. Спатрэбіцца абсталяванне. Выдаткі не акупяцца. Колькі ў Жукавым Барку будзе абанентаў?.. Напэўна, выйсце для вас – мабільны інтэрнэт. Мабільныя аператары таксама прадастаўляюць паслугі падключэння да інтэрнэту. Плануецца, што ў Стоўбцах у гэтым годзе ўжо запрацуе 4 G.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *