Рэагаваць – адэкватна

Апавяшчальнік. Служба 101, 112 Нумары

image_pdfimage_print

101У парадку дня пасяджэння раённай камісіі па надзвычайных сітуацыях было зацвярджэнне плана работы камісіі на першае паўгоддзе 2017 года, і адно з цэнтральных месцаў у ім займаюць мерапрыемствы па папярэджанні і ліквідацыі наступстваў вясенняй паводкі. Следам, нельга забываць, наступае не менш адказны перыяд – пажаранебяспечны.

Пакуль ідзе апошні, хоць і самы кароткі, месяц зімы, але за маразамі ўжо ўгадваюцца веснавыя з’явы. Штогод яны вызначаюцца непрадказальным характарам, аднак сёлета відавочная аб’ектыўная наяўнасць трывожных фактараў. Спецыялісты падкрэсліваюць, што пагроза «вялікай вады» рэальная, калі раставанне снегу пойдзе імклівымі тэмпамі.  

– Пад’ём вады ў вадаёмах, глыбокі снежны покрыў, які захоўваецца на працягу зімы, сведчаць аб тым, што неабходна грунтоўна рыхтавацца да вясенняй паводкі, – падкрэсліў і намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай камісіі Аляксандр Цывака.

Для арганізацый раёна распрацаваны канкрэтныя патрабаванні адносна гатоўнасці спецтэхнікі і абсталявання для пропуску вады, правядзення інструктажоў у працоўных калектывах, распаўсюджання сярод насельніцтва памятак аб правілах паводзінаў і т. п. Пры правядзенні падрыхтоўчых работ асноўная нагрузка ўскладзена на ПМК-74 – Налібакі, дарожныя арганізацыі, аб’яднанне камунальных службаў і інш.

Каб адэкватна рэагаваць на паводку, павінны быць створаны рэзервы і прадугледжаны рэсурсы на выпадак ліквідацыі аварыйных сітуацый, часовага адсялення людзей з затопленых раёнаў, правядзення аднаўленчых работ і т. п. Немалаважную ролю іграе маніторынг сітуацыі, стварэнне рабочых груп па выпрацоўцы рашэнняў, шырокая растлумачальная работа, у тым ліку праз выступленні ў працоўных калектывах, школах і дзіцячых садах. Ужо сёння домаўладальнікам трэба паклапаціцца аб тым, каб мінімізаваць наступствы магчымых страт шляхам заключэння дагавора добраахвотнага страхавання маёмасці.

Вясенняя паводка (затапленні, падтапленні) датычыць у першую чаргу часткі Стоўбцаў і Новага Свержаня, вуліцы якіх знаходзяцца ў блізкім суседстве з ракой Нёман.    

– Свае задачы арганізацыі раёна ведаюць, алгарытм узаемадзеяння ў нас выпрацаваны, вялікіх пытанняў не ўзнікала, – звярнуўся да вопыту мінулых гадоў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Ілюшын, пры гэтым асабліва звярнуў увагу, што вынік сам па сабе не прыходзіць, ён напрамую залежыць ад выканальніцкай дысцыпліны.

Надзвычайная сітуацыя – калі паводкавая вада ідзе ў дом, і выратавальнікі разам з іншымі службамі будуць неадкладна рэагаваць на яе. Проста затоплены падворак – гэта зусім іншая сітуацыя, якая ў першую чаргу вымагае пэўных дзеянняў ад самога гаспадара. Пры надзвычайнай сітуацыі выратавальнікі гатовы выставіць дзяжурныя пасты, аказваць дапамогу па перавозцы пацярпелых на лодцы.

На пасяджэнні камісіі Валерый Ілюшын спыніўся і на выніках работы Стаўбцоўскага раённага звяна Мінскай абласной падсістэмы дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый за 2016 год. У мінулым годзе ўсе запланаваныя мерапрыемствы былі рэалізаваны (сярод іх – вучэнні на аб’ектах народнай гаспадаркі, комплексныя трэніроўкі і вучэнні). Са станоўчага боку былі адзначаны Стаўбцоўскія электрычныя сеткі, Стоўбцыгаз, ДЭУ № 62. Шмат пытанняў застаецца да сельгаспрадпрыемстваў. Ёсць праблема з праходжаннем навучання членамі санітарных фарміраванняў грамадзянскай абароны. Лічаныя суб’екты гаспадарання (ААТ «Вялікі Двор», Стоўбцыгаз, лясгас, Стаўбцоўскія электрычныя сеткі) выканалі гэтае патрабаванне. У раёне пакуль не створана добраахвотная пажарная каманда для аховы лясоў ад пажараў.

Надзвычайныя сітуацыі могуць быць выкліканы не толькі паводкай ці пажарамі ў лясах, на тарфяніках. У апошнія гады распаўсюджаны навальніцы з ураганамі, якія выклікаюць бураломы, адключэнне электразабеспячэння і т. п. У сувязі з гэтым у планах на бягучы год застаецца шмат мерапрыемстваў па высечцы аварыйных і іншых дрэў, што ствараюць пагрозу, уздоўж дарог і ліній электраперадачы, у населеных пунктах. Летась дарожнікі ДЭУ № 62 прыбралі 12 такіх дрэў. Працуюць і энергетыкі. У раёне вядзецца вывучэнне нагрузак на жывёлагадоўчыя аб’екты, дзе ажыццяўляюцца дойкі буйной рагатай жывёлы, каб забяспечыць іх стацыянарнымі або перасоўнымі дызель-генератарамі для бесперабойнай работы ў выпадку аварыйнай сітуацыі.    

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *