На баскетбольным гарызонце

Нумары Спорт

image_pdfimage_print

Вобразна кажучы, баскетбольны гарызонт да нас наблізіўся. У спартыўнай зале Стаўбцоўскага ФАКа адбыўся матч першынства Беларусі па баскетболе сярод жаночых камандаў. Сустракаліся клуб «Гарызонт», які прадстаўляе Мінскую вобласць, і «Гомель-Сож».

Аматары спорту, якія запоўнілі трыбуны, атрымалі выдатную магчымасць не з экранаў тэлевізараў, а ўвачавідкі назіраць за дзеяннямі знакамітых спартсменак. Сапраўды, Наталля Ануфрыенка, Юлія Рыцікава, Наталля Трафімава ўваходзілі ў асноўны састаў зборнай Беларусі, якая выступала на мінулагодніх Алімпійскіх гульнях у бразільскім Рыа-дэ-Жанэйра. А цяпер вось Наталля Трафімава зацверджана галоўным трэнерам зборнай рэспублікі. Яна ж узначальвае і «Гарызонт».

Дарэчы, менавіта «Гарызонт» носіць званне чэмпіёнаў рэспублікі. А вось пра «Гомель-Сож» звестак менш. Усё ж, як высветліла намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці ДУ «ДЮСШ Стаўбцоўскага раёна» Дар’я Варывоцкая, маладыя ігракі гэтай каманды трэніруюцца і ў саставе зборнай Беларусі. І за імі таксама пераможнае будучае.

Адным словам, балельшчыкі былі ў прадчуванні цікавай гульні. Але найперш пазітыўны настрой, сапраўдную атмасферу спартыўнага свята стварылі сваімі выступленнямі ўзорны ансамбль мажарэтак «Феерыя» Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Кацярыны Жук і юная гімнастка Ганна Паўлоўская, якая займаецца ў Клубе аздараўленчай гімнастыкі ў трэнера Арцёма Бабія.

І вось арбітр дае свісток на пачатак сустрэчы. Адразу ініцыятыву ў свае рукі бяруць баскетбалісткі клуба «Гарызонт». Яны нарошчваюць перавагу і дабіваюцца пераканаўчай перамогі з лікам 99:36. На спартыўную форму іх саперніц, магчыма, паўплывала далекаватая дарога з Гомеля.

Як бы ні было, а аматары спорту ацанілі і вартасць прыгожых камбінацыйных дзеянняў, і тэхніку гульні, прысутную майстрам. Дружна апладзіравалі, падтрымлівалі каманды. А маладыя, якія мараць аб спартыўных вышынях, бралі на заметку шмат што з убачанага.

Стоўбцы і надалей застануцца арэнай вялікага баскетбола. Сёння, 18 лютага, у 14.00 у зале ФАКа пачнецца чарговая сустрэча першынства Беларусі паміж камандамі «Гарызонт» і «Алімпія» (Гродна). Дарэчы, і ў саставе калектыву з Гродна ёсць спартсменка, якая выступала на Алімпійскіх гульнях. Гэта Алена Голубева. Адзначым момант, які падкрэслівае важнасць сустрэчы. Вядзецца спрэчка за выхад у фінал рэспубліканскага баскетбольнага першынства.

Цікавай выдалася для стаўбчан спартыўная зіма. Шмат адметных падзей абяцае і вясна. Як пацвердзіў дырэктар Стаўбцоўскай ДЮСШ Раман Кузняцоў, у маі ў нашым горадзе будзе праводзіцца чэмпіянат Еўропы па футзале сярод ветэранаў. Запланаваны і іншыя мерапрыемствы.

Ф. БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *