Пагаворым пра футбол

Нумары Спорт

image_pdfimage_print

«НЁМАН-АГРА» – У ПЕРШАЙ ЛІЗЕ

У мінулую нядзелю, 9 красавіка, у Стоўбцах адкрыўся новы футбольны сезон. Зразумела, пастаянна зялёнае покрыва – штучны газон на стадыёне «Юнацтва» – дазваляе праводзіць тут матчы ледзьве не круглы год. А сёлета і вясна ранняя, дабавім яшчэ, што такая ж вясна (гульні пачынаюцца ў пачатку красавіка) і футбольная.

Знакавая падзея для спартыўнай Стаўбцоўшчыны. Наша каманда «Нёман-Агра» стала паўнапраўнай удзельніцай першынства Беларусі па футболе ў першай лізе. Канчаткова пытанне было вырашана літаральна ў апошнія дні. Прыгадаем, што стаўбцоўская футбольная дружына фінішавала летась у другой лізе нацыянальнага чэмпіянату на чацвёртым месцы. Прытым адразу тры калектывы набралі роўную колькасць ачкоў – па 45. Аднак ФК «Асіповічы» і «Клецк» па дадатковых паказчыках – выніках паядынкаў паміж сабой – занялі прызавыя прыступкі. Менавіта гэтыя каманды атрымалі права выступаць у цяперашнім сезоне ў першай лізе. Футбалісты з Асіповічаў скарысталі такую магчымасць, а вось кляччане адмовіліся. Такім чынам, прапанова паступіла наступным у чарзе – стаўбчанам, выйшла, што не чацвёртым лішнім. Пры гэтым належала выканаць рад абавязковых умоў рэгламенту футбольнага чэмпіянату. Спартыўная база ў нас адпавядае патрабаванням. Дадзены былі і фінансавыя гарантыі. Вобразна кажучы, прагучаў сігнал: «Допуск!»

Вядома, радасць балельшчыкам – убачыць гульню моцных камандаў, удзельніц другой па ранжыру лігі пасля вышэйшай, нацыянальнага першынства. Толькі святкаваць няма калі. Пачынаюцца вельмі адказныя гульні са знакамітымі сапернікамі.

Магчымасці першага апанента стаўбчан, ФК «Баранавічы», нашы заўзятары ўжо ацанілі. У наступную суботу (час удакладнім пазней і паведамім у традыцыйнай праменеўскай «Афішы») стаўбчане прымаюць ФК «Асіповічы». Затым выязджаюць у Смаргонь, а праз тыдзень зноў на сваім полі сустракаюцца з ФК «Ліда». Так выглядае каляндар гульняў на красавік.

І далей – адказныя паядынкі. «Нёман-Агра» сустрэнецца з бабруйскай «Белшынай», «Гранітам» з Мікашэвічаў. Нагадаем, што гэтыя калектывы ў мінулым сезоне выступалі ў вышэйшай лізе. Наперадзе таксама сустрэчы са сталічнымі камандамі «Тарпеда», «Зорка-БДУ», «Прамень». Заўважым, што тры каманды пачынаюць турнір з мінусам ачкоў. З будучых здабыткаў «Праменя» будзе знята ажно дзесяць ачкоў, за ўдзел у так званых дагаворных матчах, з «Граніта» – тры, з «Белшыны» – два, за парушэнні рэгламенту спаборніцтваў. Сапраўды, у футболе, як і ўвогуле ў спорце, важным з’яўляецца прынцып сумленнай спартыўнай барацьбы.

Зірнем далей на спіс удзельнікаў першынства Беларусі ў першай лізе. Гэта «Хімік» (Светлагорск), ФК «Слонім-2017», «Хваля» (Пінск), «Смалявічы-СТІ», ФК «Орша», «Лакаматыў» (Гомель). З кожнай з названых камандаў стаўбчане сустрэнуцца на сваім стадыёне і на палях сапернікаў.

Як бачна, геаграфія ўдзельнікаў шырокая, у першым дывізіёне прадстаўлены рэгіёны ўсіх абласцей рэспублікі. Няхай жа і стаўбчане ў такой саліднай кампаніі дастойна сябе праявяць. Трэнер «Нёман-Агра» Леанід Лагун, вядомы па выступленнях у саставе чэмпіёна Беларусі – барысаўскага БАТЭ, стараецца не губляць часу. Штодзённа каманда праводзіць трэніроўкі. Належыць вызначыцца з аптымальным саставам. Касцяк, вядома, складуць свае спрактыкаваныя ігракі. Важна падключаць і маладых, аднак без практыкі ўдзелу ў сур’ёзных спаборніцтвах наўрад ці яны, як гаворыцца, «пацягнуць». Значыць, трэнер запрашае і больш вопытных футбалістаў. Усё будзе бачна і ацэнена балельшчыкамі, адзначана пераможнымі галамі і ачкамі на спартыўнай арэне.

І ўжо трэнерская стратэгія – выбар найбольш эфектыўных тактычных варыянтаў. Адным словам, належыць згуляцца. Каб дастойна сябе праявіць, даказаць, што не на адзін сезон зрабілі крок у больш высокі клас. Поспехаў вам, нёманцы!

Фёдар БАНДАРОВІЧ

 

НА «ЮНАЦТВЕ» – ПРЭМ’ЕРА

Запоўненая трыбуна стадыёна «Юнацтва» з яго новымі зручнымі і прыгожымі крэсламі, сяброўскія размовы балельшчыкаў. І вось пачынае адлік часу першы матч у першай лізе чэмпіянату Беларусі па футболе каманды «Нёман-Агра».

Гучыць Гімн Рэспублікі Беларусь. Аб’яўлена мінута маўчання памяці трэнера Андрэя Мікалаевіча, які шмат зрабіў для станаўлення стаўбцоўскага футбола. І вось новая плынь, новае рэчышча для «Нёмана-Агра».

Сапернік стаўбчан – ФК «Баранавічы». Апладысментамі сустракаюцца саставы камандаў. Знаёмыя прозвішчы нашых ігракоў – Сукала, Рубін, Каракін, Паляшчук, Макарэвіч, Рудзянок. А з навічкамі будзем знаёміцца ў ходзе працяглага турнірнага шляху.

З першых хвілін сустрэчы разгарэлася бескампрамісная барацьба. Атакі хвалямі накатваліся то на адны, то на другія вароты. Ігравой ініцыятывай больш валодалі нашы. Не шанцавала, каб забіць гол, Аляксею Рудзянку, які быў асабліва актыўным, пастаянна нацэленым на вароты сапернікаў. Некалькі выгадных момантаў не выкарысталі і госці. Надзейна дзейнічаў новы варатар каманды Аляксандр Косдзеж.

Сапернікі не праяўлялі міралюбівасці, ніхто не хацеў уступаць. Каб спыніць атакі канкурэнтаў, ішлі ў жорсткія сутыкненні. Даставалася і нашаму варатару, і палявым ігракам, якім аказвалі медыцынскую дапамогу.

Раўнавагі не будзе – прадчувалі балельшчыкі. Зноў не шанцуе нашым, упушчаны верныя моманты. І тут дзейнічае прыкрае футбольнае правіла: не забіваеш ты – забіваюць табе. Здавалася б, нічога не прадвяшчала асаблівай небяспекі. З правага боку поля ігрок каманды гасцей робіць падачу ў штрафную пляцоўку. Мяч ляціць па высокай траекторыі і нечакана заварочвае ў «дзявятку» варот нашай каманды. «Нёман-Агра» прайграе – 0:1.

Стаўбчане робяць спробу паправіць становішча. На поле выходзіць другі наш прызнаны бамбардзір Дзмітрый Даўбейка. Але апошні штурм не прыносіць поспеху. Паражэнне ў першым футбольным матчы. Што ж, будзем спадзявацца, што далей ўдача будзе і на нашым баку.

 

ДЫЯЛОГ З БАЛЕЛЬШЧЫКАМІ

Напярэдадні футбольнага сезона ў актавай зале райаддзела міліцыі прайшла сустрэча балельшчыкаў, супрацоўнікаў міліцыі і кіраўніцтва футбольнага клуба «Нёман-Агра».

Ад імя футбольнага клуба выступіў дырэктар ДУ «Дзіцячая юнацка-спартыўная школа Стаўбцоўскага раёна» Раман Кузняцоў, ад міліцыі – начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Міхаіл Азановіч, старшы інспектар аддзела аховы правапарадку Дзмітрый Калкоўскі і оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Алег Шарупіч.

Падчас дыялогу з моладдзю абмеркаваны пытанні правапарадку на стадыёнах, падчас матчаў, дзе нярэдка паводзіны гледачоў вызначаюцца павышанай агрэсіўнасцю. Часцей за ўсё агрэсія скіравана на балельшчыкаў іншых камандаў. На гэтую тэму быў прадэманстраваны відэафільм – «Болеем за своих правильно».

Нагадаю, што парушэнні з боку балельшчыкаў на футбольных матчах расцэньваюцца як хуліганства і згодна з артыкулам 17.1 КоАП Рэспублікі Беларусь караюцца адміністрацыйным арыштам да 15 сутак або штрафам да 30 базавых велічынь.

Руслан ХАРУТА,начальнік міліцыі грамадскай бяспекі райаддзела міліцыі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *