За тыдзень у раёне

Нумары Раённыя навіны

image_pdfimage_print

2005

АДГРУЗКІ НА ЭКСПАРТ

Участак халадзільніка ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» – з тых падраздзяленняў, якія вядуць экспартныя адгрузкі і адказваюць за іх належную арганізацыю і ўлік. Акрамя таго, яго работнікі займаюцца прыёмкай мяса з мясатлушчавага ўчастка. Невыпадкова, што рабочы дзень на ўчастку пачынаецца раней звычайнага – у шэсць раніцы. Калектыў складаецца з грузчыкаў і кладаўшчыкоў, многія з якіх працуюць на адным месцы дзясятак і больш гадоў. Апошнія сем гадоў узначальвае ўчастак Андрэй Бурновіч (на здымку), які за сваю працу адзначаны Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта. Правая рука ў начальніка халадзільніка – майстар Наталля Кісель.

 

У САЮЗЕ ПАКАЛЕННЯЎ

Раённае аб’яднанне прафсаюзаў, раённая арганізацыя Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў і раённая арганізацыя ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» падпісалі Пагадненне аб супрацоўніцтве.

Гэтыя тры структуры аб’ядналіся агульнай мэтай павышэння ўзроўню сацыяльнай абароны пажылых людзей, ветэранаў вайны і працы і іншых асоб, якія пацярпелі ад войнаў, а таксама сумеснай дзейнасці па грамадзянска-патрыятычным выхаванні маладога пакалення.

Удзельнікі Пагаднення задзейнічаюць рэсурсы сваёй арганізацыйнай структуры для рэалізацыі мерапрыемстваў па папулярызацыі настаўніцтва, перадачы працоўных традыцый, арганізацыі сумесных урачыстасцяў па захаванні і развіцці гераічных традыцый народа Беларусі і ў іншых праектах. Пагадненне ж – гэта сур’ёзны дакумент, які ўключае некалькі самастойных раздзелаў, дзе агавораны ўсе накірункі дзейнасці адзначаных арганізацый і аб’яднання прафсаюзаў.

 

ВУЛІЦУ НЕ ПАЗНАЦЬ

З надыходам цяпла дарожнікі ДРБУ № 135 вярнуліся на свой ранейшы аб’ект – участак вуліцы Трактарнай у Новым Свержані, што капітальна адрамантаваны за кошт дзяржаўнай пошліны за допуск транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху.

Фактычна гэта дарога дзяцей у школу, і яе капітальны рамонт распачаўся восенню мінулага года. З улікам пагодных умоў асноўная частка работ перанесена на бягучы год.

Цяпер дарогу ў школу стала не пазнаць. На ёй было выканана ўстройства ніжніх слаёў асфальтавання, а з устанаўленнем спрыяльных тэмпературных рэжымаў, як падкрэсліў дырэктар ДРБУ Вадзім Савіцкі, укладзены і верхні слой асфальту, заасфальтавана пешаходная дарожка. На даны момант устанаўліваюцца дарожныя знакі, вядзецца пасадка зялёных насаджэнняў.

 

БУДЗЕМ З МЁДАМ

Хоць вясна выдалася сёлета халоднай, віды на ўраджай мёду ў стаўбцоўскіх пчаляроў нядрэнныя.

– Мяркуем атрымаць, як і ў мінулыя гады, не менш за 10 кг мёду на пчоласям’ю, – гаворыць старшы пчаляр Стаўбцоўскага лясгаса Міхаіл Каўгарэня. – Цяпер пчолкі бяруць свой узятак з квітнеючых садоў, дзьмухаўцу, рапсу.

У лясгасе ўтрымліваецца 300 пчаласем’яў, прычым расселены яны на тэрыторыі трох лясніцтваў – Акінчыцага, Старынскага і Кляцішчанскага. Даглядаюць іх вопытныя спецыялісты: Міхаіл Каўгарэня разам з жонкай Валянцінай, Мікалай Лецка і сям’я Васіля і Алены Парашчукоў. За зіму яны падрыхтаваліся да новага сезона – адрамантавалі вуллі, нарабілі рамак, вытапілі больш за 100 кг воску, з якога пасля перапрацоўкі атрымаюць вашчыну.

 

З КЛОПАТАМ ПРА БЯСПЕКУ ПРАЦЫ

На базе Стаўбцоўскага лясгаса адбылося пасяджэнне галіновай камісіі па ахове працы пад старшынством намесніка міністра лясной гаспадаркі Леаніда Дзям’яніка.

Удзельнікі выязной нарады мелі інтарэс да шэрагу аб’ектаў. Дырэктар Стаўбцоўскага лясгаса Генадзь Кажушка зрабіў акцэнт, што пытанні захавання правіл бяспечнай працы стаяць у калектыве актуальна: з 430 працаўнікоў лясгаса 157 заняты ў прамысловасці. За першы квартал бягучага года стаўбцоўскімі лесаводамі нарыхтавана 36 тысяч кубаметраў драўніны, з іх 55 працэнтаў – механізаваным спосабам. У лясгасе працуюць чатыры комплексы харвестар-фарвардар. У ліку іх комплекс Vimek, які нядаўна папоўніў аўтамабільны парк. Менавіта ён і выклікаў асаблівы інтарэс удзельнікаў нарады, якія і адправіліся ў квартал 107, дзе сучаснай новай тэхнікай праводзілася прахадная рубка. Машыніст Уладзімір Вількоцкі звярнуў увагу на станоўчыя характарыстыкі новага комплексу, асабліва адзначыўшы магчымасці маніпулятара, які дазваляе выконваць вертыкальную пагрузку сартыментаў, манеўрыруючы паміж дрэвамі.

Прадстаўнікі лясной галіны рэспублікі азнаёміліся таксама з работай машыніста магутнай тэхнікі «Амкадор-2541», які ў залежнасці ад рубкі нарыхтоўвае ў змену ад 60 да 100 кубоў драўніны, працуючы па 12 гадзін. Быў агледжаны і пункт пагрузкі драўніны.

Удзельнікі выязной нарады наведалі вытворча-майстарскі ўчастак у Акінчыцах. У мінулым годзе тут выраблена 12,5 тысячы кубаметраў піламатэрыялаў і 2800 кубаметраў ацыліндраваных вырабаў. За першы квартал бягучага года перапрацавана 2900 кубаметраў драўніны і 1860 рэалізавана. Інтарэс працаўнікоў лясной галіны рэспублікі выклікала і вытворчасць паліўных гранул: стаўбцоўскі лясгас – адзін з нямногіх у Беларусі займаецца вырабам пелет. У мінулым годзе іх рэалізавана 2340 тон.

На ўсіх аб’ектах у праграме выязнога семінара ўвага акцэнтавалася на пытаннях арганізацыі бяспечнай працы на кожным рабочым месцы. Вынікі наведвання вытворчых участкаў абмеркаваны на пасяджэнні ў лясгасе.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *