Работы вядуцца ў комплексе

Нумары Сельская гаспадарка Ураджай

image_pdfimage_print

58-b

Працаўнікі ААТ «Радзіма Якуба Коласа» аднымі з першых прыступілі да ўборкі збожжавых і зернебабовых культур. На мінулым тыдні камбайнеры выйшлі на палеткі за вёскай Сверынава. Брыгадзірам тут на працягу не аднаго дзесяцігоддзя рупіцца ветеран працы Алена Філіповіч. Алена Адольфаўна добрасумленны і граматны спецыяліст. Яна заўсёды шчыра клапоціцца пра ўраджай і з веданнем справы кантралюе ход жніва. З ранку да позняга вечара жанчына ў полі. Галоўны аграном Аляксей Чандакоў гаворыць, што ад пільнага вока брыгадзіра хібы не ўтаіць. Пачалі жніво менавіта на палетках гэтай брыгады, бо тут лёгкія глебы і збажына ўжо гатова да ўборкі. А ўвогуле, сёлетняя ўборачная непадобная на папярэднія і адрозніваецца нераўнамерным выспяваннем збожжа, таму прыходзіцца ўбіраць яго выбарачна. Яно і зразумела, надвор’е сёлета не песціла пасевы – была зацяжная халодная вясна, затым працяглая засуха, якую змянілі дажджы. Удалося, аднак, вырасціць неблагі ўраджай.

На дзень наведвання гаспадаркі на пяцідзесяцідвухгектарным полі шчыравалі спачатку чатыры збожжаўборачныя машыны, затым да іх далучыліся яшчэ столькі ж. Камбайнеры абмалочвалі трыцікале і атрымлівалі прыкладна па 40 цэнтнераў збожжа на круг.

– І гэта пры тым, што бал пашні тут адносна невысокі, – працягвае гутарку Аляксей Аляксандравіч. – Ураджайнасць у гэтым годзе абяцае быць вышэйшай, чым у мінулым. Галоўная задача, якая стаіць перад намі – убраць хлеб своечасова і без страт. Будзем старацца справіцца за пятнаццаць дзён.

Услед за камбайнамі прасавалася салома, ад якой патрэбна хутка вызваліць палеткі, каб пачаць рыхтаваць глебу да сяўбы азімых. На гэтай аперацыі задзейнічаны тры рулонныя прэсы, на якіх працавалі Міхаіл Ванагель, Алік Крывашэй і Вікенцій Шыбіцкі – вопытныя і старанныя механізатары. Саламяныя рулоны перавозяцца на жывёлагадоўчыя фермы на вялікагрузах. Загружае цюкі на «шаланды» Генадзь Недзень, які шчыруе на пагрузчыку.

– Саставы экіпажаў камбайнераў у нас не змяняліся, – падкрэслівае галоўны аграном, – не ўдзельнічае ў жніве па стане здароўя толькі Яўген Матусік, якому кіраўніцтва ўдзячна за плённую шматгадовую працу на жніве. Яго «Ліда-1300» сёлета даручана маладзёжнаму экіпажу ў складзе Уладзіміра Парфімовіча і Аляксандра Жукоўскага. Дарэчы, Уладзімір Аляксандравіч выконвае ў гаспадарцы абавязкі галоўнага інжынера. У жніве прымаюць удзел два сямейныя экіпажы Генадзь Янскі з сынам Генадзем, Юрый Масель з сынам Генадзем, Сяргей Ланкевіч і Мікалай Станкевіч, Уладзімір Пявец і Уладзімір Ермаковіч, Валерый Цвірка і Яўген Падамацька, Сяргей Усс і Уладзімір Калевіч, Мікалай Акінша.

Збожжа адвозіцца на збожжасушыльны комплекс ЗСК-40, які ўстаноўлены за вёскай Мясёнкаўшчына. Тут працуюць машыністамі Аляксей Саўчыц, Аляксандр Крывашэй, Уладзімір Суша і Аляксандр Яфімаў. А таксама збожжа пачало паступаць на «КЗС-10» у Любкаўшчыну, дзе быў дапрацаваны ўвесь сабраны рапс – работу выканалі Уладзімір Каралец, Мікалай Хромчык і Уладзімір Ланкевіч. Задзейнічаны на адвозцы збожжа ад камбайнаў восем аўтамашын – шэсць з іх належаць таварыству і дзве прыцягнуты ў якасці шэфскай дапамогі. Работы ў гаспадарцы вядуцца ў комплексе.

– Асенняя пасяўная ў гэтым годзе сумясціцца па тэрмінах з ўборачнай, – кажа галоўны спецыяліст. – За ўвесь час маёй работы аграномам такога не памятаю. Прыйдзецца добра пастарацца, каб выканаць намечанае. Пагэтаму ўжо прыступілі да вядзення ворыва, на вызваленых плошчах пасеем азімы рапс, які зойме, як і ў мінулыя гады, плошчу 200 гектараў. Намалацілі з кожнага амаль па 30 цэнтнераў.

Абеды занятым на жніве дастаўляе непасрэдна на поле малады вадзіцель Руслан Самахвал. Ён жа ў начны час сутак перавозіць зерне ад збожжасушыльнага комплекса на збожжасклад. Работнікам выдаюцца падвячоркі і абавязкова мінеральная вада. Таварыства пачало адгрузку піваварнага ячменю на ААТ «Крыніца», усяго неабходна паставіць піваварам 150 тон сыравіны. А ў лік дзяржзаказу на філіял «Стаўбцоўскае хлебапрыёмнае прадпрыемства» ААТ «Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў»» – 350 тон збожжа.

На здымках: маладзёжны экіпаж камбайнераў у складзе Уладзіміра Парфімовіча і Аляксандра Жукоўскага; на збожжаскладзе шчыруюць школьнікі; вызначаюць аб’ём работ галоўны аграном Аляксей Чандакоў і брыгадзір Алена Філіповіч; механізатар Міхаіл Ванагель; абеды дастаўляюцца непасрэдна на поле.

Надзея Баталка



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *