Без бар’ераў – па рэзідэнцыі Радзівілаў

Нумары Соцыум Увага - дзецям

image_pdfimage_print

1609d

У рэдакцыю газеты завітала старшыня Стаўбцоўскай пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» Ніна Ганісеўская, каб падзяліцца першымі вынікамі ўдзелу арганізацыі ў сацыяльным праекце.

– Праект рэалізуецца пад эгідай Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам. Называецца ён «Паляпшэнне доступу да сацыяльных паслуг для людзей з інваліднасцю». Ён шырока асвятляеццца на Фэйсбуку ў групе «БелАПДИиМИ Столбцы», – адзначыла каардынатар праекта ў Стаўбцоўскім раёне Ніна Ганісеўская.

– Ніна Фёдараўна, раскажыце, у чым заключаецца яго сутнасць.

– У нашай «пярвічцы» была створана рабочая група па рэалізацыі праекта, і яна выбрала такі накірунак як «Сацыяльная перадышка». Сем’ям, у якіх выхоўваюцца дзеці з цяжкімі парушэннямі ў развіцці, прадастаўляецца паслуга часовай нянькі. У гэтай ролі выступаюць нашы маці-валанцёры. Яны такім чынам вызваляюць на некаторы час матулю дзіцяці і даюць ёй магчымасць вырашыць праблемы, адпачыць. Падобная дапамога аказваецца адзін-два разы на тыдзень, пачынаючы з красавіка бягучага года. Адразу часовая нянька працавала ў адной сям’і, са жніўня дабавілася яшчэ адна сям’я, дзе выхоўваецца дзіця з цяжкімі парушэннямі ў развіцці.

Ад гэтагага ў сем’ях, якія сталі ўдзельнікамі праекта, палепшыўся псіхалагічны клімат, а ў нашай арганізацыі яшчэ больш узмацнілася атмасфера дружбы, узаемавыручкі.

– Што яшчэ вы прапануеце членам арганізацыі?

– Для маладых людзей з інваліднасцю арганізоўваем розныя мерапрыемствы, у якіх яны прымаюць удзел у суправаджэнні каго-небудзь з маці. Астатнія маці ў гэты час вызваляюцца і могуць распарадзіццца «форткай» з максімальнай карысцю для сябе.

Праграма мерапрыемстваў насычаная, ёсць магчымасць яе разнастаіць. Так, у маі для нашых маладых людзей арганізавалі кулінарны майстар-клас. Правяла яго адна з нашых матуль, прафесійны повар. Удзельнікаў майстар-класа згадзілася прыняць у сябе дома адна з нашых сем’яў. Яны навучыліся пячы пячэнне і шакаладныя мафіны. А колькі было радасці, жартаў!

У Дзень горада група маладых людзей з інваліднасцю наведала мерапрыемствы на стадыёне, танцпляцоўцы «Вербачка». Запомнілася знаёмства з ігракамі футбольнага клуба «Нёман-Агра» перад матчам чэмпіянату Беларусі, які праходзіў у гэты дзень у Стоўбцах. Футбалісты прывіталі маладых людзей за руку, зрабілі з імі здымак на памяць. Наша пажаданне камандзе «Нёман-Агра» перамог і галоў спраўдзілася падчас гэтай гульні. Дарэчы, і сярод нашых маладых людзей ёсць тыя, хто любіць гуляць…

– А менавіта?

– У настольныя гульні. Яны даюць магчымасць цікава правесці час. Больш таго, прадпрымальніца з Мінска выдзеліла настольныя гульні для нашых маладых людзей, а ў піцэрыі «Гарадок» згадзіліся прыняць нас. Прыемна, што гэта адна з нямногіх падобных устаноў у Стоўбцах, якая мае пандус для заезду інвалідаў-калясачнікаў. У банкетнай зале нас частавалі піцай, сушы, сокамі, марожаным… Стаўбцоўская пярвічная арганізацыя вельмі ўдзячна Юліі Сазон і работнікам піцэрыі за цёплы прыём. Яго мы атрымліваем не першы раз. Да слова, хочацца падзякаваць за супрацоўніцтва і індывідуальнаму прадпрымальніку Анатолю Пазняку, які на бязвыплатнай аснове аказвае нам паслугі па друку памятных фотаздымкаў з мерапрыемстваў, паездак, экскурсій.

– Як уплывае на рэалізацыю праекта безбар’ернае асяроддзе?

– Гэтая тэма актуальная. У жніўні ў рамках праекта мы наведалі палацава-паркавы ансамбль у Нясвіжы і вельмі парадаваліся створанаму там безбар’ернаму асяроддзю. З дапамогай пад’ёмніка мы змаглі трапіць на другі і трэці паверхі рэзідэнцыі Радзівілаў, пабываць ва ўсіх яе трыццаці залах. Экскурсія для нашай групы была арганізавана адмыслова. Вялікая ўдзячнасць і дырэктару Стаўбцоўскага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Святлане Сікорскай – за прадастаўлены для паездкі спецыялізаваны, аснашчаны пад’ёмным механізмам, аўтобус.  

– Вы як каардынатар раскажыце, калі ласка, аб прамежкавых выніках праекта.

– На даны момант у праект уцягнута каля сарака працэнтаў членаў нашай пярвічнай арганізацыі. Маладым людзям гэта цікава, у іх выпрацоўваюцца камунікабельнасць, практычныя навыкі, упэўненасць у сабе. Немалаважна і тое, што ўдзел у праекце – спосаб адарваць іх ад мабільных тэлефонаў і іншых гаджэтаў на карысць жывых кантактаў, пазнання. Гэта ўсё стала магчымым дзякуючы сумеснай працы нашых актыўных маці. Яны, па сутнасці, выконваюць грамадскую работу.

Праект будзе доўжыцца да канца 2017 года. Безумоўна, будзем пашыраць паслугу «Сацыяльная перадышка», праводзіць мерапрыемствы, цікавыя ў плане сацыяльнай адаптацыі маладых людзей з інваліднасцю. Напрыканцы года плануем сабрацца за круглым сталом і абмеркаваць вынікі, падумаць над тым, што будзем рабіць далей, каб у праекта быў працяг.

На здымках: удзельнікі кулінарнага майстар-класа Наталля Сяліцкая і Ілья Драздоў; на экскурсіі ў палацы Раздзівілаў: Ганна Ганісеўская, Дзіяна Дзенісевіч, Вольга Базылеўская, Вераніка Турко, Настасся Дабравольская; Вераніка Турко і Вольга Базылеўская рэкламуюць назву групы на Фэйсбуку – «БелАПДИиМИ Столбцы»; пераўтварэнне Паўла Ханенкі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *