Зямля – усяму аснова

Нумары Прамая лінія

image_pdfimage_print

26Напярэдадні Дня работнікаў землеўпарадкавальнай і картографа-геадэзічнай службы адбылася прамая лінія з начальнікам землеўпарадкавальнай службы Стаўбцоўскага раёна Дзмітрыем Астрэйкам. Жыхароў нашага горада і раёна цікавілі пытанні, што датычаць як іх асабіста, так і развіцця і добраўпарадкавання Стаўбцоўшчыны. Прыводзім адказы Дзмітрыя Мікалаевіча на зададзеныя пытанні.

Г. С. Раманоўская, горад Стоўбцы: «Атрымалі зямельны ўчастак. Што далей рабіць і якія тэрміны ўладкавання?»

– Трэба ўважліва чытаць рашэнне райвыканкама аб выдзяленні зямельнага ўчастка. У ім указана, што на працягу двух месяцаў грамадзянін павінен правесці рэгістрацыю ўчастка ў БТІ і затым даецца год з моманту рэгістрацыі, каб прыступіць да асваення ўчастка. Па-першае, гэта азначае, што трэба падрыхтаваць праект дома, генеральны план забудовы ўчастка і  пачаць закладку фундамента. Калі парушаюцца тэрміны, то ставіцца пытанне аб адабранні зямельнага ўчастка. Аднак, калі былі важкія прычыны затрымкі, то трэба прадаставіць свае доказы, што не змаглі ў вызначаны тэрмін правесці работы. На падставе такіх дакументаў тэрміны могуць быць прадоўжаны.

М. І. Карніцкі, вёска Запольцы: «Ці магчыма правесці перарэгістрацыю правоў арэнды на зямельны ўчастак на пажыццёвае валоданне?»

– Зямельныя ўчасткі ў пажыццёвае спадчыннае валоданне прадастаўляюцца толькі грамадзянам, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў». Таму перавесці ўчастак з арэнды ў пажыццёвае карыстанне немагчыма.

В. П. Блінкоўская, вёска Ячонка: «Па мяжы з суседнім участкам паставіла агароджу. Сусед са свайго боку не праводзіць абкошванне, плот ад гэтага гніе, прыходзіць у непрыгоднасць».

–  Згодна з правіламі добраўпарадкавання і ўтрымання прысядзібных тэрыторый грамадзяне абавязаны праводзіць знішчэнне пустазелля не толькі з боку вуліцы, але і на ўсім зямельным участку.

Пытанне: «Я хачу паставіць вакол сваёй сядзібы агароджу з металапрофілю, але што, калі суседзі выкажуць незадавальненне? Ці маюць яны на тое падставы?»

–     Да правядзення агароджвання прысядзібнага ўчастка прад’яўляюцца наступныя архітэктурныя патрабаванні. З боку вуліцы ці праезду вышыня агароджы не павінна перавышаць два метры. З боку суседняга, сумежнага ўчастка вышыня агароджвання – да 1,7 метра. Ёсць параметры і наконт святлопразрыстасці агароджы – ад 50 да 100 працэнтаў па ўсёй вышыні. Значыць, плот не павінен быць суцэльным.

З пытаннем звярнуўся індывідуальны прадпрымальнік: «Як атрымаць зямельны ўчастак для будаўніцтва магазіна?»

– Па-першае, для такой мэты зямельныя ўчасткі прадастаўляюцца толькі па выніках аўкцыёну. У горадзе Стоўбцы завяршаецца фарміраванне ўчасткаў для правядзення аўкцыёнаў на будаўніцтва гандлёвых кропак па вуліцах Машынабудаўнікоў, Сонечнай і ў мікрараёне «Усходні». Больш падрабязную інфармацыю аб месцы знаходжання зямельнага ўчастка можна атрымаць у землеўпарадкавальнай службе. Паведамленне аб даце аўкцыёну будзе змешчана ў газеце «Прамень».

– Як і дзе можна атрымаць зямельны ўчастак у горадзе Стоўбцы ці ў раёне?

–     Для будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў у раёне ёсць 538 незанятых зямельных участкаў. У тым ліку ў Стоўбцах  у мікрараёне «Паўночны-2»  – 288,  астатнія – на сяле. З гэтымі спісамі можна азнаёміцца на сайце райвыканкама, у землеўпарадкавальнай службе, у сельвыканкамах на дошках аб’яў. Кожны месяц спісы абнаўляюцца, папаўняюцца і знаходзяцца ў актуальным стане. Для атрымання зямельнага ўчастка грамадзяніну належыць звярнуцца ў адпаведны выканкам па месцы знаходжання зямельнага ўчастка з заявай аб уключэнні ў спіс і падаць неабходныя дакументы.

– Як аформіць дакументы на зямельны ўчастак?

–     Неабходна звярнуцца з заявай у адпаведны выканкам ці  землеўпарадкавальную службу райвыканкама  аб афармленні правазацвярджальных дакументаў на ўчастак.  Будзе даручана Белгіпразему або Белгеадэзіі зрабіць геадэзічныя замеры межаў участка, аформіць адпаведную дакументацыю. Затым у БТІ правесці рэгістрацыю ўчастка.

Шмат пытанняў паступае наконт перадачы прысядзібнага ўчастка па спадчыне. Асабліва калі своечасова не былі аформлены на яго дакументы. У такім разе спадчынніку неабходна звярнуцца ў землеўпарадкавальную службу з заявай на афармленне правазацвярджальных дакументаў на ўчастак, заняты домаўладаннем. Да заявы прыкладаюцца копіі пасведчання аб праве на спадчыну, асабістых пашпартоў уласнікаў, тэхнічны пашпарт домаўладання. Пры адсутнасці тэхпашпарта пасля правядзення рэгістрацыйных дзеянняў у БТІ зацікаўленыя асобы падаюць заяўку ў Дзяржынскае бюро Стаўбцоўскага філіяла РУП «Мінскае абласное агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры».

Падрыхтаваў  Ф. БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *