«Дольніца» і «Вясёлы падворак» – цяпер са званнем

Культура Нумары

image_pdfimage_print

Пачатак новага вытворчага года для аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама адметны тым, што прысуджаны званні «народны» вакальнаму ансамблю «Дольніца» Горкаўскага Дома культуры і «ўзорны» – ансамблю народнай песні «Вясёлы падворак» Старасвержанскай дзіцячай школы мастацтваў. Цяпер у  раёне 31 мастацкі калектыў са званнем: 20 – народных і 11 – узорных.

Вакальны калектыў «Дольніца» ў Горкаўскім Доме культуры ўзнік даўно – каля двух дзесяцігоддзяў. Адразу гэта быў песенны гурт «Рунь». Калектыў удасканальваў сваё майстэрства, рос і атрымаўся выдатны ансамбль «Дольніца».

У яго аб’яднаны таленавітыя людзі мясцовасці – дырэктар Горкаўскага Дома культуры Зоя Аўласіна, мастацкі кіраўнік Рэгіна Васілеўская, настаўнікі Горкаўскай сярэдняй школы Яніна Душкевіч, Юлія Сарока, Алена Мамчыц, Ларыса Гіраеўская, Алена Гоцкая з вёскі Савоні, выхавацель Савонскага дзіцячага сада Аксана Агароднік. Хоць у многіх  з іх прафесіянальная дзейнасць не звязана са сферай культуры, аднак яны знаходзяць час, маюць інтарэс збірацца на рэпетыцыі, выязджаць на канцэрты не толькі па сваёй мясцовасці, але і на раённыя святы, а таксама на абласныя. У рэпертуары ансамбля – народныя, абрадавыя песні, сучасныя вакальныя творы. Калектыў часта запрашаюць на раённыя святы «Зажынкі» і «Дажынкі». Прысваенне калектыву высокага звання яшчэ больш натхніць спевакоў і дасць штуршок для далейшага развіцця ансамбля.

Узорны ансамбль народнай песні «Вясёлы падворак» Старасвержанскай дзіцячай школы мастацтваў даўно ужо заявіў аб сабе, прывозячы лаўрэацкія дыпломы з розных конкурсаў, нават з міжнародных. Кіруе ансамблем таленавіты педагог Надзея Зубовіч, фотаздымак якой у гэтым годзе будзе занесены на раённую Дошку гонару.

З першых дзён творчай дзейнасці гэты дзіцячы калектыў прыцягнуў увагу разнастайным рэпертуарам з народных песень, многія з якіх – у сучаснай апрацоўцы, цікавымі канцэртнымі праграмамі. Калектыў прымаў удзел у рэспубліканскім свяце паэзіі ў час Каласавін. Следам паспяхова выступіў на Міжнародным семінары міжкультурнага абмену ў Літве. Калектыў з’яўляецца неаднаразовым пераможцам рэгіянальнага дзіцячага фестывалю беларускай песні «Альбуцкая крынічка», а салісты ансамбля – уладальнікі галоўнага прыза «Крыштальны жаваронак». Гэты спіс перамог можна працягваць. Чаго варты толькі вось такія ўзнагароды: салісты ансамбля сталі дыпламантамі ІV Міжнароднага конкурсу салістаў-вакалістаў на фестывалі ў Клайпедзе, калектыў адзначаны дыпломам ІІІ ступені на Міжнародным конкурсе ў Севастопалі. Сваім нараджэннем і цікавым творчым жыццём калектыў абавязаны Надзеі Зубовіч. Надзея Іванаўна выкарыстоўвае ў сваёй працы новыя праграмы, тэхналогіі, метадычныя распрацоўкі. Пастаянна вядзе работу па самаадукацыі, кансультуецца ў вядомых фалькларыстаў краіны. Яе работа «Уплыў беларускага фальклору на духоўны стан асобы» надрукавана ў часопісе «Адукацыя Міншчыны».

Што ж, такія асобы і такія творчыя калектывы – багацце нашага раёна. І добра, што не бяднее зямля Коласа на таленты.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *